|
Альманах DRUVIS працягвае традыцыі часопісу „Kryŭja“, публікуе штудыі супрацоўнікаў цэнтру і іншых беларускіх і замежных навукоўцаў, прысьвечаныя традыцыйнай культуры беларусаў, літоўцаў, латышоў і іншых індаэўрапейскіх народаў. DRUVIS — слова не выпадковае і не чужое нашай традыцыі. Яно вяртае нас не толькі да старавечнага светагляду, у якім дрэва (дуб) - вельмі важны сімвал веры, даўніны, моцы і здароўя; яно задае цэлы шэраг прасторава-часавых параметраў нашай культуры (лес супраць стэпу, дрэва супраць “рызомы”, поўнач супраць поўдня), пазначае выбар уласнай, свойскай этнічнай ідэнтычнасці. Мы спадзяёмся, што слова DRUVIS, узятае з прускай мовы, стане годнай заменай гэткіх чужынскіх азначэнняў нашай рэлігійнай традыцыі як “паганства” (лац. paganus ‘жыхар вёскі, селянін’, а ў хрысціянскім пераасэнсаванні ‘носьбіт вясковых прымхаў ды забабонаў’), “язычніцтва” (ст.-слав. языци ‘плямёны, пляменныя звычаі’) ды да т. п. Прускае слова DRUVIS дайшло да нас праз нямецкіх храністаў, якія ўжывалі яго як заменнік лац. credo і ням. der Glaube ў значэнні рэлігійнай веры і сімвалу веры. Аднак семантыка арыгінальнага прускага тэрміну карэніцца ў дахрысціянскім балцкім (і шырэй - індаеўрапейскім) разуменні веры. Індаеўрапейскія моўныя факты дапамагаюць раскрыць усю паўніню архаічнага сэнсу гэтага споцяму, які паходзіць ад і.-е. кораня *dreu- / *drū- ‘быць цвёрдым, моцным, здаровым’ як апісання ўласцівасцяў дрэва (*dreu-wo). Пры гэтым цвёрдае, трывалае дрэва (найчасцей дуб) разумелася як вобраз сусвету (axis mundi), як крыніца найбагацейшай міфічна-паэтычнай сімволікі. Такім чынам маем характэрны сэнсавы ланцуг: ‘назоў аб’екту ўшанавання’ - ‘ушанаванне (рэлігійнае)’ - ‘вера’. |
|
|
|
