EnglishFrenchGermanPolishRussianLatvianLithuanianUkrainian
ЦэнтрДзейнасцьВыдавецтва → Альманах DRUVIS
Альманах DRUVIS

Альманах DRUVIS працягвае традыцыі часопісу „Kryŭja“, публікуе штудыі супрацоўнікаў цэнтру і іншых беларускіх і замежных навукоўцаў, прысьвечаныя традыцыйнай культуры беларусаў, літоўцаў, латышоў і іншых індаэўрапейскіх народаў.

DRUVIS — слова не выпадковае і не чужое нашай традыцыі. Яно вяртае нас не толькі да старавечнага светагляду, у якім дрэва (дуб) - вельмі важны сімвал веры, даўніны, моцы і здароўя; яно задае цэлы шэраг прасторава-часавых параметраў нашай культуры (лес супраць стэпу, дрэва супраць “рызомы”, поўнач супраць поўдня), пазначае выбар уласнай, свойскай этнічнай ідэнтычнасці.

Мы спадзяёмся, што слова DRUVIS, узятае з прускай мовы, стане годнай заменай гэткіх чужынскіх азначэнняў нашай рэлігійнай традыцыі як “паганства” (лац. paganus ‘жыхар вёскі, селянін’, а ў хрысціянскім пераасэнсаванні ‘носьбіт вясковых прымхаў ды забабонаў’), “язычніцтва” (ст.-слав. языци ‘плямёны, пляменныя звычаі’) ды да т. п. Прускае слова DRUVIS дайшло да нас праз нямецкіх храністаў, якія ўжывалі яго як заменнік лац. credo і ням. der Glaube ў значэнні рэлігійнай веры і сімвалу веры. Аднак семантыка арыгінальнага прускага тэрміну карэніцца ў дахрысціянскім балцкім (і шырэй - індаеўрапейскім) разуменні веры. Індаеўрапейскія моўныя факты дапамагаюць раскрыць усю паўніню архаічнага сэнсу гэтага споцяму, які паходзіць ад і.-е. кораня *dreu- / *drū- ‘быць цвёрдым, моцным, здаровым’ як апісання ўласцівасцяў дрэва (*dreu-wo). Пры гэтым цвёрдае, трывалае дрэва (найчасцей дуб) разумелася як вобраз сусвету (axis mundi), як крыніца найбагацейшай міфічна-паэтычнай сімволікі. Такім чынам маем характэрны сэнсавы ланцуг: ‘назоў аб’екту ўшанавання’ - ‘ушанаванне (рэлігійнае)’ - ‘вера’.



DRUVIS. №2. 2008

DRUVIS 2-2008Другі нумар альманаха DRUVIS мы прысвячаем Літве — краіне, дзяржаве, яе народу, гісторыі і культуры. Беларуская гісторыя і традыцыя нібы тое карэнне пераплятаецца з літоўскай, іх немагчыма падзяліць, не пашкодзіўшы жыццёвага суладдзя перашапачаткаў. З літоўскага дуба ападае лісце і жалуды, з іх узрастае і беларускае дрэва, камель якога ўжо іншы, ён ужо па-свойму прадзіраецца ў неба (параўн. словы Францішка Багушэвіча: "А ў сярэдзіне Літвы як тое зярно ў гарэху была наша зямліца"). Але ўсё адно растуць і ўзнаўляюцца дубы, ствараючы разам святы гай. Дык хай жа нашая Літва будзе гэткай супольнай святыняй!
 

DRUVIS. №1. 2005

DRUVIS 1-2005Першы нумар альманаха DRUVIS (2005). Гэты нумар — першы з серыі “этнанімічных” — прысвечаны Крыўі. «Druvis» цікавы сваёй нязвыклай мадэллю апазнавання беларускай культуры і гісторыі і дастаткова арыгінальным разгортваннем праблемаў, якія падаваліся безнадзейна закамянелымі.

Выданне мае ламінаваную каляровую вокладку і 276 багата ілюстраваных старонак А4 формату з прафесійным якасным друкам.

Нядаўна ў продажы з’явіўся дадатковы наклад альманаху. Прапануем вам азнаёміцца са зместам, некаторымі артыкуламі, шэрагам рэцэнзій на выданьне і нават пагартаць альманах перад набыццём.
 

Глядзі таксама:


362.81 ms