Гісторыя Цэнтра |
|
Цэнтр этнакасмалогіі «KRYŬJA» дзейнічае з 1988 г. За час свайго існавання Цэнтрам былі арганізаваныя тры міжнародныя навуковыя канферэнцыі. Першая з іх — «Балты і этнагенез беларусаў» адбылася 21–23 траўня 1993 г. у Менску і была прысвечаная праблеме вывучэння балцкага субстрату ў фармаванні беларускага народу. ![]() Наступная канферэнцыя «Этнакасмалогія Усходняй Еўропы: Балтыйская мадэль свету», прайшла ў Менску 20 — 23 верасня 1994 г. На канферэнцыях выступілі 44 даследніка з Беларусі, Вялікабрытаніі, Латвіі, Літвы, Нямеччыны, Польшчы, Расіі. Трэцяя канферэнцыя «Беларусь у сістэме транс’еўрапейскіх сувязяў у 1 тыс. н. э.», што ладзілася ў Менску 12 — 15 сакавіка 1996 г., была арганізаваная супольна з Інстытутам гісторыі НАН Беларусі. На гэтых прадстаўнічых навуковых форумах было абмеркаванае шырокае кола пытанняў, датычных праблемаў этнагенезу беларусаў, этнічнай атрыбуцыі археалагічных культураў, дахрысціянскіх культаў і веранняў, міжкультурных кантактаў у Цыркумбалтыйскім рэгіёне, праблемаў этналінгвістыкі, этнасеміётыкі, этнамузыкалогіі, палеаастраноміі і фізічнай антрапалогіі. Канферэнцыі 1993, 1994 гг. сталі прарыўнымі для беларускай гуманітарнай навукі, бо нарэшце была цалкам легалізаваная тэма ўдзелу даўніх балтаў у этна-, глота- і культурагенезе беларусаў. Матэрыялы канферэнцый друкаваліся ў «Гістарычна-археалагічным зборніку» Інстытута гісторыі НАН Беларусі, часопісе KRYŬJA: Crivica. Baltica. Indogermanica, а таксама былі скарыстаныя пры напісанні артыкулаў для энцыклапедычнага слоўніка «Беларуская міфалогія» (Мн.: Беларусь, 2004; 2-е выданне 2006). На працягу пяці гадоў (1990–1995) ЦЭК «KRYŬJA» праводзіў рэгулярныя семінары дзеля абмеркавання розных аспектаў захавання, вывучэння, рэканструкцыі і развіцця традыцыйнай культурнай спадчыны беларусаў. У семінарах прымалі ўдзел многія прадстаўнікі сучаснай беларускай навукі. Для некаторых удзельнікаў семінара іх выступы сталі своеасаблівай апрабацыяй абароненых пазней дысертацый. З ЦЭК «KRYŬJA» звязанае з’яўленне гэткіх творчых калектываў, як спеўныя гурты «GUDA» і «ESSA», супольнага беларуска-літоўскага інструментальнага фолк-джаз праекту «TYLOS LABANORO». У 1992 і 1993 гг. пры беспасярэднім удзеле Цэнтра і яго супрацоўнікаў у Менску былі праведеныя I і ІІ «Балтыйскія дударскія фэсты», яікя мелі станоўчы розгалас сярод шырокага кола этнографаў, фалькларыстаў, гісторыкаў і шматлікіх аматараў. У 2006 г. пры падтрымцы аднаго з арганізатараў і аўтараў ідэі першых імпрэзаў Тодара Кашкурэвіча, традыцыя міжнародных дударскіх фэстаў была адроджаная. ![]() З 2005 г. Цэнтрам выдаецца канцэптуальны навукова-публіцыстычны альманах «DRUVIS», у якім асвятляюцца розныя аспекты этнічнага космасу, гісторыі і вытокаў беларускага народа, а таксама распрацоўваюцца і абгрунтоўваюцца ідэі ў кантэксце філасофіі традыцыяналізму. З пачатку 2008 г. ЦЭК «KRYŬJA» былі адноўленыя рэгулярныя семінарскія паседжанні. 22 верасня 2008 г. у дзень асенняга раўнадзенства і Дзень балцкага адзінства па адрасе http://kryuja.org распачаў працу афіцыйны сайт Цэнтра этнакасмалогіі «KRYŬJA». На момант адкрыцця на сайце былі даступныя каля 200 публікацый рознага кшталту, а таксама каля 20 старонак інфармацыі аб Цэнтры, ягоных сябрах і дзейнасці. |
|
| Апошняе абнаўленне ( 16.12.2008 г. ) |


