EnglishFrenchGermanPolishRussianLatvianLithuanianUkrainian

DRUVIS — прэзентацыя ў Менску

Administrator 25.01.2009 г. 614   

Прэзентацыя «літоўскага» нумара альманаха DRUVIS у Менску адбылася ў суботу 24 студзеня. Сустрэча была таксама прысвечана дваццацігоддзю Цэнтра этнакасмалогіі KRYŬJA, што адзначаецца сёлета. Імпрэза адбылася ў менскім Палацы мастацтваў пры поўнае залі зацікаўленых.

druvis-3bw.jpg

У часе прэзентацыі адбыліся размовы з рэдакцыяй і аўтарамі альманаху, сярод якіх прысутнічаў і адзін з літоўскіх аўтараў DRUVIS'а доктар Дайнюс Разаўскас.

Распачалася сустрэча кароткім выступам гурта рытуальнага фальклору ESSA. Далей слова ўзяў Тодар Кашкурэвіч , які сцісла распавёў пра гісторыю Цэнтра этнакасмалогіі і такія значныя вехі, як Балтыцкія Дударскія фэсты і выданне часопіса KRYŬJA ў 90-х гадох, адзначыў супрацу са Студэнцкім Этнарафічным Таварыствам. Сяргей Санько прыгадаў аб першых сваіх сустрэчах з Тодарам Кашкурэвічам, што напрыканцы 80-х і паклалі пачатак дзейнасці Цэнтра. Казаў ён таксама і аб навуковых канферэнцыях і семінарах, што былі ладзіліся Цэнтрам.

Санько, Разаўскас, Дзермант
Сяргей Санько, Дайнюс Разаўскас, Аляксей Дзермант

Уласна пра альманах DRUVIS , яго канцэпцыю і мэты распавёў Аляксей Дзермант . Кажучы пра другі нумар альманаху, ён чарговы раз падкрэсліў неабходнасць разгляду спадчыны Вялікага Княства Літоўскага менавіта як супольнай для беларускага і літоўскага народаў. Яго падтрымаў і госць з Літвы, Дайнюс Разаўскас, аўтар адмыслова напісанага для DRUVIS'а артыкулу аб сімволіцы герба Пагоня.

У сваёй прамове Разаўскас досыць трапна і адэкватна акрэсліў кола праблемаў у беларуска-літоўскіх дачыненнях (з абодвух бакоў) і заклікаў шукаць і аберагаць агульныя вытокі, каб пазбавіцца стану шызафрэнічнага падваення свядомасці. Напэўна, для беларускае грамады па-чалавечы цікавым у ягоным выступе сталі зацемы аб тым, як ён, карэнны літовец з Вільні, сам спазнаваў Беларусь і дзівіўся агульнасці каранёў. Ягоная прамова атрымалася па-сяброўску шчырай і была цёпла прынята аўдыторыяй.

dsc_0046.jpg
Дайнюс Разаўскас

Пасля прамоўцы адказвалі на пытанні з залі. Пытанні тычыліся семінараў, новых выпускаў альманаху, яго перыядычнасці, перспектываў на будучыню і г.д.

Гукі дуды і спеў „крыўскіх валькірый” з ESSA сталі фінальным акордам імпрэзы.

ESSA
Гурт ESSA

Фота Ігара Мацюнова , Ігара Грачышкі , manarchia.org

 
604.78 ms