Тодар Кашкурэвіч і “TYLOS LABANORO” |
| Анатоль Мяльгуй 12.04.2008 г. 702 | |
Вядомы дасьледчык гісторыі беларуска-ліцвінскай дуды і дудовай традыці на Беларусі Тодар Кашкурэвіч зрабіў неацэнны ўнёсак у адраджэньне гэтага інструмэнта ў нашай краіне. Дуды Тодаравай вытворчасьці выкарыстоўвае ці не траціна медыевальных гуртоў і капэляў Беларусі і Літвы, свайго часу чакае ягоная грунтоўная кніга, прысьвечаная гісторыі беларускай дуды, у якой Тодар, абапіраючыся на дакладныя навуковыя крыніцы, паказвае ўнікальны сакральны сэнс гэтага інструмэнта на Беларусі. Да таого ж, чакаюць свайго часу і адпаведнай публікацыі відэаматэрыялы па гісторыі беларускай дуды, што былі сабраныя Т. Кашкурэвічам і А. Ласём падчас іх сумесных фальклёрных вандровак…А вось у галіне запісу дудовай музыкі Т. Кашкурэвіч неяк заставаўся ў цені. Музыкант тлумачыў адсутнасьць ягоных дыскаў тым, што ў Беларусі мала музыкаў, якія б маглі скласьці нейкую вартую адпаведнасьць гуку і мэлёдыям ягонай дуды. З усёй колькасьці тутэйшых выканаўцаў, Тодар меў спробы сумеснага запісу, бадай, толькі з мэтал-гуртом “Vicious Crusade”, і тое запісаў зь імі адну (але, запамінальную!) “Тодараву песьню”, што трапіла на складанку “Hard Life – Heavy Music-I”… З гэтай прычыны (заўважу, трохі надуманай — А. М.) Тодар Кашкурэвіч больш часу знаходзіцца ў Літве, дзе часьцяком музыкуе на дудах са сваім сябрам, вядомым фатографам і музыкам Гвідасам Ковера. Музыкі выступаюць на гарадзкіх выставах, фальклёрных сьвятах і памятных мясьцінах. І вось цяпер у слухачоў зьявілася мажлівасьць пазнаёміцца з плёнам гэтай супрацы: у суседняй краіне пад патранатам UNESCO ў супэрпрэзентабельным дыгіпаку выйшаў альбом дудовай музыкі Г. Ковера і Т. Кашкурэвіча пад назвай “TYLOS LABANORO”, што на нашу мову перакладецца як “Цішы Лабаноры” (Лабанорo – вёска на тэрыторыі сучаснай Літвы, у якой да сёньня захоўваецца традыцыя граньня на дудзе). Выданьне яшчэ больш зацікавіць слухачоў, калі яны даведаюцца, што ў працы над ім браў удзел знаны літоўскі джазавы выканаўца, саксафаніст Петрас Вішняўскас. Але музычны зьмест альбому “TYLOS LABANORO” цяжка аднесьці да таго, што мы прызвычаіліся зваць традыцыйным джазам. Нават калі разглядаць запісаную на кружэлцы музыку праз прызму ўзораў экзатычнага этна-джазу. Хоць, канешне, імправізацыйны пачатак у кампазыцыях альбому прысутнічае. Музыкі літоўска-беларускага трыё Ковера-Кашкурэвіч-Вішняўскас імкнуцца раскрыць магчымасьці старажытных інструмэнтаў, а таксама прадэманстраваць вынікі сынтэзу іх сугучча з больш сучасным саксафонам. З дапамогай дударскіх, блізкіх да шаманскіх, выканаўчых прыёмаў, што выкарыстоўваюць Г. Ковера і Т. Кашкурэвіч, выканаўцы апэлююць да падсьвядомасьці слухачоў і пагружаюць у своеасаблівы транс. Адначасова, пад уздзеяньнем імправізацыі, незвычайных тэмбраў саксафона нам прадстаўляецца магчымасьць даць волю фантазіі на вобразным узроўні мысьленьня. Такі падыход і складае музычны пасыл альбому “TYLOS LABANORO” – перадаць дух і гучаньне старажытнасьці, але ў дадатнасьці да сучаных рэаліяў. Трэба адзначыць, што на альбоме “TYLOS LABANORO” гучаць і тры тэмы зь беларускага песеннага фальклёру, якія на дыску пазначаны пад назовамі “Аб сьведку”, “Пра яшчура”, “Аб немаемасьці”. Заўважна, як на гэтых запісах літоўскія музыкі імкнуцца вельмі асьцярожна і ахайна падкрэсьліць гожасьць пярлін беларускафа фальклору, дапамагчы Тадару раскрыць энэргетыку і сакральны сэнс гэтых чароўных мэлёдый. З выканаўчымі магчымасьцямі дуды можна пазнаёміцца з кампазыцыяў “Аб камяні”, “Аб зёлах”, у якіх музыкі з дапамогай спецыфічных прыёмаў дударскага выкананьня і сугуччаў з саксафонам дасягаюць цікавых гукавых эфэктаў, адлюстроўваюць медытатыўную накіраванасьць кампазыцыяў трыё. А вось імкненьне да стварэньня маляўнічых гукавых абразкоў, нават эмацыянальных палотнаў мы адчуем, калі праслухаем некалькі іншых пьес паводле літоўскага фальклёру “Пра рану”, “Аб жанчыне”, “Аб каляі”. Безумоўна, вялікая роля на запісу адводзілася ня толькі старажытным дудам, але і саксафону Петраса Вішняўскаса. Знакаміты джазмэн тут не імкнецца зацьміць супольнікаў бліскучым інструмэнталізмам, а толькі мякка падкрэслівае меладычнасьць, напеўнасьць і духоўнасьць беларускага і літоўскага фальклору. У той жа час, больш сучасныя гармоніі і тэмбры не дазваляюць засяроджвацца толькі на шаманскім пачатку старажытных зыкаў, але пачуць у іх музыцы водгукі сучаснасьці… Вельмі ўсьцешна, што такі цудоўны і арыгінальны альбом аформлены так, што ён будзе ўспрымацца сваім аматарамі музыкі і ў нашай краіне. Бо на ім гучаць ня толькі ўзоры беларускага фальлёру, але і дуды, што былі выкананы Тодарам Кашкурэвічам. Да таго ж, афармленьне дыска адпаведнае: побач зь літоўскай і ангельскай мовамі, анатацыі, камэнтары, назвы твораў, склад выканаўцаў можна прачытаць лацінкай і па-беларуску. Прыемная моўная памяркоўнасць літоўскіх выдаўцоў, якая выклікае толькі нашую ўдзячнасьць! |
Дадаць каментар

Вядомы дасьледчык гісторыі беларуска-ліцвінскай дуды і дудовай традыці на Беларусі Тодар Кашкурэвіч зрабіў неацэнны ўнёсак у адраджэньне гэтага інструмэнта ў нашай краіне. Дуды Тодаравай вытворчасьці выкарыстоўвае ці не траціна медыевальных гуртоў і капэляў Беларусі і Літвы, свайго часу чакае ягоная грунтоўная кніга, прысьвечаная гісторыі беларускай дуды, у якой Тодар, абапіраючыся на дакладныя навуковыя крыніцы, паказвае ўнікальны сакральны сэнс гэтага інструмэнта на Беларусі. Да таого ж, чакаюць свайго часу і адпаведнай публікацыі відэаматэрыялы па гісторыі беларускай дуды, што былі сабраныя Т. Кашкурэвічам і А. Ласём падчас іх сумесных фальклёрных вандровак…