Наша «тутэйшасць» |
| Канстанцыя Скірмунт 19.11.2009 г. 436 | |
|
З’явіўся нядаўна ў прэсе выраз, якія стаўся прычынаю абразы для людзей з партыйнымі поглядамі, выраз, які акрэслівае элементарнае самапачуццё жыхароў нашага краю — Літвы разам з Беларуссю. Выраз гэты — нашая тутэйшасць. Іранізавалі на гэты тэмат у выданнях, рабіліся строгія дакоры тым, хто «наіўна» прызнаваўся да «тутэйшасці», ранілася і раніцца натуральнае ды здаровае пачуццё. Зразумейма той выраз ў сапраўднасці, а не ў карыкатуры. Тым, чым ёсць глыбока схаваныя, гранітныя падмуркі для будовы, тым для патрыятызму прадстаўнікоў і абаронцаў краю ёсць гэнае пачуццё тутэйшасці. Яно выяўляе іх сардэчную повязь з зямлёю, з яе тысячагадовай гісторыяй, з пахаваным у ёй прахам продкаў; яно трымае жывую сувязь іх з мільёнамі мясцовага люду; яно сцвярджае, што чуемся тут, як толькі сягае памяць, — сваімі, тымі, хто амаль зросся з зямлёю, не прыхаднямі, але спадкаемцамі. Бяз гэтага пачуцця, мы, шляхта Літвы і Беларусі, лёгка даліся б да выкаранення цягам астатніх чатырохсот гадоў і шукалі б святлейшага неба ў Кароне, за Бугам і Нёмнам або прамянялі б родную зямлю на звонкі метал. Нашая «тутэйшасць», што бараніла і бароніць нас ад падобных крокаў, ёсць дабрачынным і падставовым пачуццём, і нам нельга страціць гэтага рэальнага фундаменту нашага патрыятызму. Угрунтаванай на тым пачуцці грамадскай будовы не змяце вецер, аніхто тут трывала не паставіць новую будову бяз гэтай падваліны. І толькі так разумее сваю «тутэйшасць» адукаваны чалавек нашага грамадства, калі робіць націск на прывязанасці да свайго краю перад іншымі часткамі нашага даўняга адзінства. Аднак відавочна, што гэткага першаснае акрэсленне патрыятычнага пачуцця ня хопіць адукаванаму чалавеку. Жадаем яго бліжэй акрэсліць, і кожны з нас як асоба — становіцца перад дылемаю сваёй неадназначнасці. На ўсім прасторы былога Вялікага Княства нашая шляхта носіць у сабе тыя два ці тры нацыянальныя пачаткі, з якіх складаецца жыццё краёвага грамадства. Кожны з нас, наколькі ён ня ёсць нядаўнім прыхаднем, мае ў сабе ў няроўнай сттупені штосьці ад літвіна і паляка або русіна. Адсюль вынікае, што ўсё тры назвы і прыкметы маюць на нашай зямлі права грамадзянства, а кожная асоба ў меру пераважнай у ёй нацыянальнай прыкметы або ўласнай свядомасці ўваходзіць да той ці іншай групы, пешчачы — калі верная цудоўнай традыцыі — патройнае краёвае братэрства. І гэта для нашай зямлі ёсць ідэалам. Ад сямісот гадоў, калі Літва пачала яднацца з Беларуссю, ад пяцісот гадоў, калі да гэтага звязу на нашай зямлі далучылася Польшча са сваёю вышэйшай культурай ды жывым удзелам асобаў або згуртаванняў — межы Вялікага Княства, як зменшанае адлюстраванне усёй Рэчы Паспалітай, былі класічнаю зямлёю суіснавання братніх народаў і тыя запаветы ў новых формах перадае сённяшняму дню. Кожны з нас, халоп або шляхціч, на зямлі Літвы ці Беларусі, мае аднолькавае права з годнасцю звацца літвінам, палякам альбо беларусам. Кожны з нас мае права культурнымі і маральнымі спосабамі кшталціць і развіваць свой народ. Кожнаму з нас: зямлю пад нагамі, неба над галавою, ягонаю ёсць вялікая мінуўшчына краю. І тыя правы, прынятыя з гісторыі, сённяшні дзень перадае будучыні. Аднак, трэба прызнаць, што сённяшні дзень ёсць цяжкай для перажывання пераломнай эпохай. Злыя сілы закрылі нам чорнымі крыламі сонца справядлівасці і любові, сацыялізм раздзьмухае хцівасць масаў, семітызм раздвойвае сацыяльныя праслойкі і атручвае этыку люду, расхрыстаная анархія зазірае ды рве, там дзе можа аслабіць асновы ладу. За тымі пачварамі, нібы прыслужнікі ў іхнай свіце, ідуць нацыянальныя шавінізмы: літоўскі і польскі, аднолькава агідныя: ці то калі гаротны ды сярмяжны натоўп узаемна штурхаецца ў вясковым касцёле, ці то калі пераследуюць праціўніка з вартаю жалю лютасцю на старонках газетаў -шавінізмы, якія выводзяць з раўнавагі нават справядлівыя і найглыбейшыя розумы між нас. Не, не паддамося збочыць з вялікага гістарычнага шляху! Хай адвечнае братэрства ня будзе для нас пустым гукам. Ганьба таму, хто якім-кольвек спосабам зашкодзіць нашаму братэрству народаў! Пакіньма звадкі сусудзям, а ў нашых унутраных стасунках пазбавімся перадусім усялякай няпраўды і «ня будзем мець ніякіх хаўрусаў з аблудаю». Некаторыя дакараюць нашую шляхту з прычыны прынятай ёю ад вякоў ды ўкаханай польскай мовы, што мы ёсць часткаю польскай нацыі, адрознай ад люду і нашага краю ды адмысловых яго інтарэсаў. Папраўдзе гэта голас сірэны. Перадусім мы ёсць жывою часткаю гістарычнага грамадства Літвы і Беларусі з агульнымі нацыянальнымі вартасцямі ды маем абавязкі найперш адносна яе як такой. Векавыя традыцыі не дазваляюць нам замыкацца ў выключнасці, ні ў каставасці. Да таго, пакуль выразна не разаўецца індывідуалізм мясцовых народаў, ёсць мы для іх вартавымі культуры і гістарычнай праўды, захавальнікамі супольных з імі традыцый. Адрыне нас той узбаламучаны люд ці не адрыне, ані нам з поля ўцякаць, ані пазбягаць натуральнага вяршынства. Але нашая цвярдыня мае розныя часткі, а яе абаронцы розную афарбоўку. Кепскія тыя абаронцы, што заклікаюць усіх да абароны толькі чырвона-белай вежы ды гатовыя пакінуць акружную сцяну, бастыёны і валы… Не зважаючы на празмерна цяжкія варункі паразумення і супольнай чыннасці, цягам больш як сорака гадаў нашая шляхта ад Прыпяці да Балтыкі і ад Нёмна да Дняпра стала тым вялікім Краёвым Колам, якое выявілася ў стварэнні пачаткаў групава-парламентарнай арганізацыі ў паўночнай дзяржаўнай Думе, прыцягваючы да сябе нават ад’емныя часткі: адлеглую Валынь і Украіну, а калі б не не брак падрыхтоўкі, то і Падолле. Калі дойдзе да паўторнага фармавання Думы, паўстае пытанне, ці гэтае натуральнае прэзентацыйнае кола не падзеліцца на два аб’яднання, кожнае звяртаючыся да сваіх вузейшых інтарэсаў, перадусім да навязання шматбаковых стасункаў з людам, але заўсёды пад лозунгам патройнай, абарончай лучнасці?.. Краёвае Кола Літвы і Русі, называнае таксама дэпутацкім колам тых краёў калісці было невыразна і тэндэнцыйна празванае тэрытаряльным колам. Што хацелі выразіць стваральнікі гэтага банальнага аэначэння? Край з даўняй мінуўчынай, з памятнымі замкамі і культурнымі маёнткамі, з нялічанымі могілкамі і месцамі бітваў, поўнымі успамінаў, слёзаў ды славы — назваць нібы кіргізскія стэпы або амерыканскія пампасы, дзе асядаюць хто хоча і робіць, што хоча, проста тэрыторыяй могуць толькі тыя, хто ані каліва ня мелі ў сабе той элементарнай, выратавальнай для нас «тутэйшасці», каму нашая зямля ўяўляецца пустою, без сваёй ідэі і характару, тэрыторыяй для спекуляцый або партыйных эксперыментаў. Дрэнным пайшлі б кірункам людзі, чые розумы ня з намі і чые сэрцы б’юцца не для нас. Толькі краёвая ідэя, якая тут на месцы ёсць нам цэнтрам цяжару і светачам дзёйнасці, запальвае сэрцы здабываннем шчасьлівейшай прышласці для той, аддадзенай у асаблівую небяпеку, роднай зямлі, можа задзіночыць плённыя высілкі ўсіх прыхількаў гэтай зямлі і нарэшце прыцягнуць да нас наш цёмны і ашуканы люд, да чаго мы і павінны скіраваць усе высілкі. А што з агульнымі ідэаламі і вялікапраграмнымі памкненнямі? — спытаюць з занепакоенасцю прыхільнікі партыяў, вышукваючы ў кожнай самастойнасці сепаратызм, гатовыя ахвяраваць справядлівасцю дзеля эгаізму. Агульныя ідэалы былі супольныя ўсім нам і будуць немінучымі, але не праграмна-асіміляцыйныя і не шавіністычныя, а унійныя. Толькі на гэтай падставе можна спаяць новымі залатымі повязямі даверу нашае даўняе гістарычнае адзінства. У сябе ж на Літве і Беларусі толькі ў справядлівым прызнанні правоў кожнага паасобку і паразуменні трох нацыянальных стыхій нашага грамадства зможам трывала збудаваць лепшую, супольную будучыню і ўвасобіць у новых формах вялікія традыцыі дзядоў.
Пераклаў з польскай мовы Аляксей Дзермант паводле: Futurus [KonstancjaSkirmuntt]. Nasza tutejszość // Skirmuntt K. Kartki polityczne ze spraw krajowych poruszonych w prasie wileńskiej |
