EnglishFrenchGermanPolishRussianLatvianLithuanianUkrainian

Прадмова да «Падручнага расiйска-крыўскага (беларускага) слоўнiка»

Вацлаў Ластоўскі 08.04.2008 г. 340   
Слова — гэта ня ўмоўны знак для выражэння мыслi, але мастацкi абраз, вызваны найжывейшымi пачуваннямi, якiя прырода i жыццё выклiкалi ў першаветным чалавеку. Яно знаходзiцца ў цесным звязку з народным бытам, яго светаглядам, гiсторыяй, звычаямi i абычаямi, а дзеля гэтага мова ёсць вялiкай нацыянальнай легендай i скарбнiцай, святой спадчынай, каторая пераходзiць з пакалення ў пакаленне, з дзядоў на ўнукаў. Увесь светагляд i паэзiя нашых прадзедаў замыкалiся ў мове. Кожнае слова было легендай-пагудкай, мiтам, было поўнае зместу i паэзii: бо мiт засноўваўся на легендзе, а легенда замыкалася ў слове. Слова ёсць творчасцю ўсяго народа, хормы слова шлiфавалiся многiмi пакаленнямi i сталеццямi, пакуль сталiся тым, чым яны сягоння ёсць.

Гэтую цэльнасць i гармонiю народнага слова парушыла чужая граматнасць i чужыя панаваннi над народам. Прычым граматнасць наагул ужывае слова толькi як знадаббя для перадачы мыслi, злашча прыйшоўшая да нас хрысцiянская граматнасць, якая свядома старалася зацерцi змест народных слоў чужыма словамi, запазычанымi ад другiх народаў, для выражэння новых хрысцiянскiх паняццяў, або словамi, перакладзенымi з чужых моваў, уложаныя ў якiя паняццi ня мелi ўжо нiчога супольнага з народным светаглядам.

Мовай хрысцiянскай царквы i граматнасцi сталася ў нас мова баўгарская. Гэта было выгодна для духавенства, якое старалася зацерцi ўсякую памяць у народзе аб яго даўным дахрысцiянскiм жыццi, аб яго папярэднiм “паганскiм”, знача нячыстым, светаглядзе. А гэты "нячысты" светагляд прабiваўся з кожнага слова народнага, згэтуль той раздзел памiж мовай народнай i кнiжнай.

Дзяржаўная ўлада i царква з яе "святой" граматнасцю iшла рука ў руку, узаемна падпiраючыся.

Узгадаванае на бiзантыцкiм дэспатызме хрысцiянства акружала пануючых блескам, пануючыя, наўзаем, акружалi духавенства дабрабытам. Чужая народу мова царквы сталася мовай i ўраду. I толькi калi ў самыx пануючых клясах была страчана звязь мовы са старымi “нячыстымi” традыцыямi, пачынае народны элемэнт пранiкаць у кнiгy, якая ў першых пачатках была толькi рэлiгiйнага зместу. Вось чым тлумачыцца той страшэнны кансэрватызм царквы i сляпое пільнаванне ёю чужой мовы. Але ў даўныя часы гэты кансэрватызм меў, прынамсi, апраўданне ў боязнi, што народ можа звярнуцца да старых паняццяў, цяперашнi ж пад гэтым узглядам кансэрватызм царквы гаворыць толькi адно, што яна зьяўляецца слугой адзiнасiльных гэтага свету.

Гэткiм чынам, мова граматнасцi, у самых першых пачатках, сарвала ў нас лучнасць з мовай народнай. Тысячалетняе панаванне царкоўнай славяншчыны, вытваранай на грунце баўгарскай мовы i прасычанай бiзантыцкiмi паняццямi, палажыла глыбокi след. Яна асобную мову крыўскага племя зблiзiла з мовамi iншых усходнеславянскiх плямёнаў. Асымiлятарскi тысячалетнi ўплыў баўгаршчыны значна аддалiў нашу мову ад яе першапачатковых хормаў i занячысцiў няскладнымi, чужымi духу i традыцыям нашага народа словамi.

Другiм, чародным, наслаеннем у нашай мове ёсць уплывы гоцка-нямецкiя, якiя прыйшлi да нас яшчэ ў дахрысцiянскiя часы шляхам заваяванняў славянскiх плямён вapaгамi. Арганiзаваная iмi дзяржаўная гоцкая ўлада накiнула народу шмат чаго з вайсковай i дзяржаўна-кiравецкай тэрмiналёгii (полк—folk, князь—kёnig i г. д.). У пазнейшыя часы iшлi нямецкiя словы да нас праз таргоўцаў — немцаў, якiя вялi таргоўлю па Дзвiне, Дняпры i Прыпяцi. Праз Польшчу iшлi словы чэскiя, лацiнскiя, а пазней францускiя. Праз Maсковiю пранiкалi татарскiя, фiнскiя i нованямецкiя словы.

Наша гiстарычная лiтаратурная мова, на якой пiсалiся кнiгi i дакумэнты XV—XVII стст., зьяўляючыся сапраўды мовай той, якой гаварылi нашы вышэйшыя клясы, носiць на сабе азнакi ўcix гэтых уплываў, памяшаных з мовай народнай. Жыла яна датуль, пакуль iснаваў у нас свой iнтэлi'енцкi клас, але калi нашае байярства i арыстакратыя capвала з народам i, адкiнуўшыся ад свайго народа, здэнацыялiзавалася, то й мова ix занiкла. У XIX ст. народ у нас гаварыў сваёй, пракавечнай “простай”, не iнтэлi'енцкай мовай, а iнтэлi'енцыя разбiлася на два абозы: адны пайшлi на служэнне Маскве, другiя — Варшаве.

Наша старая мова, вытвараная духавенствам i пануючымi клясамi, незразумела народу таксама, як незразумела народу мова расейская цi польская. Гэна старая мова нiколi ўжо не ўваскрэсне, як не ўваскрэснуць тыя пакаленнi, якiя традыцыi яе будавання ўзялi з сабой у магiлы. Яна выяўляе цяпер толькi нязмерна цiкавы аб’ект для нашых моваведаў, якiя могуць з яе яшчэ многае адкапаць, што ўтрачана народам, бо, сцiсла беручы, гэта ёсць адна з нашых гутарак, ужо адумерлая.

Трэба сказаць, што ў цяперашнiя часы пагражае нам тая ж небяспека, як i ў гiстарычнай мiнуўшчыне: нашая iнтэлi'енцыя, па прыкладу расейцаў i палякаў, а найболей расейцаў, ахвотна перапаўняе адраджаючуюся крыўскую лiтаратуру чужаземскiмi словамi. Калi здарыцца ў нашай гiсторыi такое ж адарванне iнтэлi'енцыi ад народа, як то было, то гэта занячышчаная мова iзноў астанецца толькi цiкавым помнiкам гiстарычнай мiнуўшчыны, але ня зможа стацца патужным праваднiком культуры, якiм яна павiнна быць. Мова, перапоўненая чужаземскiмi словамi, зьяўляецца iзалятарам культуры ад народных мас.

У старадаўныя часы няволi народных мас так i думалi, што граматнасць i культура не павiнны быць удзелам народных нiзoў. Яшчэ ў 1860-х гадах у Pacii былi людзi, якiя падтрымлiвалi погляд, што “кнiгi пiшуцца не для мужыкоў” (Галавацкi).

Дык цяпер, калi адраджаецца самая народная маса, нельга павадырам гэтай масы паўтараць старыя памылкi. Адроджаная нашая мова павiнна стацца добрым праваднiком культуры, а гэткай яна зможа быць толькi тады, калi ў ёй будзе найменш чужых слоў, калi кожнае паняцце будзе перакладзенае згодна псыхiцы нашай мовы, калi хормы словаў i будова сказаў будуць адпавядаць законам гармонii, пераказаным нам ад нашых прапрашчураў.

Мова — гэта аблiчча душы народа, i гэтае аблiчча народнай душы нельга брыдзiць прылепкамi i наклейкамi, а на'дварот, чым яно будзе чысцейшым, тым прыгажэйшым i здаравейшым. Мы не павiнны iсцi следам палякаў, якiх аўтары (Навачынскi) могуць пiсаць “старапольскiя” аповесцi, ужываючы на сто чужых словаў адно польскае.

Маючы на ўвазе вышэйсказанае, я ў гэтай малой сваёй працы стараўся даць, паводле сiл сваiх, тлумачэнне чужаземскiх слоў на родныя паняццi. Але мова наша занячышчалася сотнямi гадоў, дык i праца па ачыстцы яе не можа быць зроблена высiлкамi адзiночнага чалавека — над гэтым павiнны доўгiя дзесяцiлеццi працаваць вучоныя аб’яднаннi i ўстановы.

Наша мова тады толькi здолее развiцца, калi патрапiць выявiць сваю выразна зарысаваную iндывiдуальнасць, а гэтым самым дакажа рацыю свайго iснавання, i калi патрапiць абаранiцца ад асымiлюючага ўплыву суседнiх грамадных народаў: расейцаў, палякаў, украiнцаў. Дзеля гэтага трэба памятаць, што кожнае чужое слова, занесенае ў мову, асымiлюе, злiвае мову з суседзкай, забiвае яе асобны характар, а таму трэба, асаблiва пiшучы, высцерагацца ўжываць сходныя з суседскiмi словамi, хоць бы яны i былi ў мове, а браць такiя, якiх няма ў чужынцаў, але iснуюць у здаровай нашай народнай стыхii.

На доследы нашай мовы многiмi вучонымi паложана шмат працы, але аднабока. Прычыны гэтаму дваякiя: па-першае, у навуцы дагэтуль пануе руцiна i боязь новай мыслi, а такжа мноства асвячоных часам забабонаў, супроць якiх нiхто не важыцца падняць рукi; па-другое, даследнікамi нашае мовы дагэтуль былi людзi чужыя або свае, пайшоўшыя на ўслугi чужым. Дзеля гэтага немаль усе доследы над нашай мовай маюць у аснове сваёй хвальшывы выхад, што мова крыўская зьяўляецца нейкiм злепкам, не маючым сваёй iндывiдуальнасцi, i, прыступаючы з гэткай мыслю да доследаў яе, шукалi ў ёй ня рысаў яе ўласнай асобнасцi, а, на'дварот, сходнасцi з вядомымi iм мовамi, найчасцей расейскай цi польскай. Згэтуль хвальшывы, i, што горш, сведама хвальшывы, вывад, што мова крыўская (беларуская) зьяўляецца галiнай толькi нейкага прататыпу. А затым, свядомы цi несвядомы, даваўся аргумэнт у рукi палiтыкi, у рукi пануючых над намi нацыянальнасцяў. Дык адраджонаму нашаму моваведу, якi прыступае да спазнання сваёй мовы, трэба дужа крытычна прымаць тыя вывады, якiя падсоўваюць у сваiх працах вучоныя нашых суседзяў з Усходу i Захаду.

Значанне асымiлявання суседняй мовы даўно зразумелi расiйцы i палякi, якiя аберуч чэрпалi i дагэтуль чэрпаюць з нашай мовы лексычны матэрыял. Прыкладамi могуць служыць Slownik jezyka polskiego Лiндага i расейскi акадэмiчны “словарь”, у якi цалкам унесены слоўнiк Насовiча. Аднак народ наш захаваў яшчэ такое вялiкае багацце слоў, зваротаў i высловаў, цалкам арыгiнальных i ў дадатку нiкiм дагэтуль не заграбленых, што без вялiкiх трудоў можна яшчэ мову нашу збагацiць тысячамi слоў, цалкам самаiстых, якiя могуць лёгка заступiць накiнутыя нам чужыя словы або i нашыя, ды ўжо асымiляваныя чужынцамi. Патрэбныя сiлы, i то многiя, ды свае ўласныя сiлы, ня толькi да збiрання моваведнага матэрыялу, але такжа да ўдзячнай працы над яе лексычным i граматычным развiццём, над спазнаннем законаў гармонii крыўскага (беларускага) слова.

У надзеi, што новыя сiлы з нашай моладзi, якая вучыцца ў краю i за гранiцай, зазначаць сябе працай над роднай мовай, я пастараўся замацаваць на паперы тое, што мне ўдалося сабраць за час маёй працы на нiве нашага адраджэння. На жаль, пададзены тут матэрыял я не мог даць з падробнымi вывадамi яго паходжання, як гэта вымагаецца навукай. Прычына тая, што, калi я пачаў запiсываць “цiкавыя” словы, я не меў на мэце карыстацца гэнымi запiсамi ў друку: запiсываў iх для сябе самога, а мне асабiста цiкава было слова само па сабе, i дзеля гэтага я не адмячаў месца запiсу (калi гэта было з народных вуснаў) цi кнiгi, з якой узяў слова (калi слова ўзята было з друкаваных песень, казак i iнш.). Ад 1902 году да сёлетняга ў мяне сабралася вялiкая колькасць запiсаў, якiх я ня здолеў яшчэ ўсiх выкарыстаць, пiшучы гэты слоўнiк, таму, раз, што ўсiх матэрыялаў гэтых не меў цяпер пад рукамi, а па-другое, што выкарыстанне ўсяго матэрыялу вымагала б апрацоўлi шмат большай кнiгi, а на гэта не пазвалялi нi жыццёвыя анi матэрыяльныя варункi.

Выпушчаючы ў свет гэты слоўнiк, я цiкаваў галоўным чынам практычную мэту i даў “Расiйска-крыўскi слоўнiк" дзеля таго, што, мне думаецца, карыстацца iм будуць больш тыя, якiя добра ведаюць мову расiйскую, але слаба сваю — крыўскую, бо кожны наш iнтэлi'ент вучыўся расiйскай мовы ў школах, а сваю найчасцей знае толькi знаслыху.

Назваў я гэты слоўнiк “Расiйска-крыўскiм”, бо, як гiсторыя сведчыць, нашае сапраўднае племянное i нацыянальнае найменне ёсць крывiчы. Змены iмёнаў народаў цесна звязаны з гiстарычнымi рэвалюцыямi, перажыванымi народамi. У нашым гiстарычным жыццi на працягу тысячалецця было некалькi такiх рэвалюцыяў, якiя складаюць пэрыяды нашай гiсторыi.

На заранi гiстарычных часоў наш народ выступае як сарганiзаванае цэлае нацыянальнае i палiтычнае пад найменнем крывiчы. Але ўжо ў X стагоддзi адбываецца вялiкага гiстарычнага значання рэвалюцыя: замена старой праславянскай веры новай верай — хрысцiянскай. Хрысцiянства шырылi панаваўшыя над падбiтымi славянскiмi плямёнамi варагi-русь. I вось у пэрыяд ад прыняцця хрысцiянства да запанавання новай, лiтоўскай, дынастыi наступае замяшанне ў паняццях: народ крывiчы, якiм яго ўсе кругом называюць, хочучы адзначыць сваю прыналежнасць да хрысцiянства ўсходняга абрадку, мянуе сябе — па веры i па тыпу перайшоўшай да нас з Бiзантыi й Баўгарыi, праз варагаў, культуры, — русамi, руссю. Гэты пэрыяд ёсць крыўска-рускi, i трывае ён ад X да XIII ст. Другi пэрыяд наступае са зменай старой крыўска-рускай дынастыi, якую замяшчае дынастыя лiтоўская, м[ожа] б[ыць], у XIII ст. З упадкам дынастыi пачынае сыходзiць найменне крывiчы ў значаннi дзяржаўным: яго заступае найменне лiтва. Дзяржава Альгерда, як i Жыгiмонта Аўгуста, была адналiтнай Лiтвой, а толькi ў гэтай дзяржаве быў вельмi значны лiк грамадзян, якiя трымалiся веры, зашчэпленай iм русамi, i дзеля гэтага яны па веры называлi сябе: русь, русiны. Калi лiтоўская дынастыя прыняла каталiцтва, найменне русь злучае ўсiх вызнаўцаў грэцкага абрадку i абымае ўсе землi, дзе жылi вызнаўцы гэтай веры, ад Карпатаў да Акi. У гэтым другiм пэрыядзе, якi трываў немаль да канца XVIII ст., мы фiгуравалi пад найменнем лiтва-русь. Дзяржаўна — лiтва, па веравызнанні — русь. Па гэтай старой памяцi ў паўднёвых i ўсходнiх паветах, дзе наш народ стыкаўся з такiмi ж праваслаўнымi цi ўнiятамi, як ён сам, — дагэтуль народ наш называе сябе лiтвiнамi (прыкл., у Чарнiгаўшчыне, у ўсх. Магiлёўшчыне i Смаленшчыне).

Трэцi пэрыяд, якi пачаўся ад унii з Польшчай у 1386 годзе i быў перарваны падзелам Польшчы, кiраваўся да ператварэння нашага народа ў палякаў. На нашае шчасце, “народам” лiчылася ў тыя часы толькi шляхта, дык i гэты гiстарычны працэс меў уплыў не на ўвесь народ, а толькi адзiна шляхецкi стан, якi, пераходзячы праз каталiцтва, прымаў лацiна-польскую культуру. Гэты пэрыяд у гiсторыi нашага баярства — якое добрымi патрыётамi лiтоўскiмi (у значэннi дзяржаўным), а па культуры i веры мела сябе за палякаў, — адзначыўся раздзелам народных мас з яго гiстарычнымi вярхамi i слушна можа быць названы лiтоўска-польскiм.

Прыходзiць урэшце расiйскае панаванне, i наступае чацвёрты пэрыяд — расiйска-беларускi. З прыходам расiйскай улады ўцiсканае пад Польшчай праваслаўнае духавенства пагалоўна перакiдаецца ў маскоўскi абоз, парываючы ўсякую звязь з народам, за духавенствам iдзе праваслаўная шляхта, якая яшчэ была застаўшыся ад разгрому пад Польшчай. Падае працавiта створаная Польшчай унiя. I ў вынiку ад народа адпадае рэшта грамадскiх вярхоў, тонучы ў расiйскай вялiкадзяржаўнасцi i называючы сябе без усякiх засцярог “русскими”, праз два “с”. Гэты пэрыяд замацаваў яшчэ адно найменне — беларусы.

Гэтак вярхi нашага нацыянальнага дрэва, пэрыяд за пэрыядам, засыхалi i адпадалi ад народнага пня.

Цi яны аджывуць i прырастуць нанова, трудна згадаць. Хутчэй за ўсё што не. Пераход iх прадзедаў у чужы абоз варункаваўся, пераважна, не iдэалiстычнымi, а чыста матэрыяльнымi матывамi, дык мала надзеi на тое, каб унукi выраклiся з занятага iхнымi бацькамi i прадзедамi палажэння сярод чужынцаў i вярнулiся да свайго народа несцi разам з iм ланцугi няволi i нядолi.

Цяперашняе нацыянальнае адраджэнне нашае пачалося не са старых абсохлых галiн, а з каранёў народных.

Пачалося i будуецца не дынастыяй, не рэлiгiяй, ня шляхтай, а самым крыўскiм народам. I дзеля гэтага, шануючы перажытую гiсторыю, не выракаючыся культурных здабыткаў, прыдбаных у нашу нацыянальную скарбнiцу пад найменнем “русь”, “лiтва” цi iншым якiм, мы, хочучы быць самаiстым славянскiм народам, выносiм з гiсторыi нашай i з нашага народа на свет прастарое племянное i нацыянальнае сваё найменне — крывiчы.

Мы крывiчы па крывi, па роду-племенi, але засяляем землi балотныя i лясiстыя, дзеля гэтага, каторыя з нашага племя жылi на дрыгве-балоце, па гэтай азнацы звалi iх дрыгвiчамi, а каторыя жылi ў лясох-дрэвах — звалiся драўлянамi, каторыя жылi на горках — звалiся гаранамi. Адна галiна крывiчоў, пад кiрункам радавых старшын Радзiма i Вяткi, перасялiлася з захаду на ўсход, з ляшскага пагранiчча ў парэчча Сожа i тут размножылася. Дзеля гэтага i драўляне, i дрыгвiчы, i гаране, i радзiмiчы, i вяцiчы — адно крыўскае племя, адзiн, як даўней казалi, язык.

Мы крывiчы, а не Русь Лiтоўская, Вараская цi Маскоўская, Белая цi Чорная, мы асобны славянскi народ, не правiнцыянальная чыясь адмена.

Мы крывiчы, славянскае асобнае племя, са сваёй асобнай мовай, гiсторыяй, народным характарам, звычаямi i абычаямi; племя, якое тысячу з лiшкам лет засяляе сваю крывiчанскую зямлю.

Мы крывiчы, гэта знача, што мы па доўгiм, цяжкiм сне прабуджаемся вольнымi душой, як вольнымi пачувалi сябе нашы прашчуры на вечах старэтных.

Нашая мiнуўшчына, гэта блуканне па раздарожжах i муках, а мы цяпер iзноў пры крынiцах гаючае i жывучае вады, пры сваiм народзе крывiчанскiм i разам з iм адбудовываемо вольную Крывiю!

Калiсь манголы заваявалi Кiтай i на той знак, што кiтайцы сталiся рабамi, накiнулi iм абавязак насiць косы. З тых часоў мiнула немаль тры тысячы гадоў, кiтайцы даўно ўжо высвабадзiлiся з мангольскай няволi, але косы, знак мангольскага рабства, i сягоння носяць. Не будзем жа мы падобны да кiтайцаў! Адкiньма ад сябе з пагардай усякiя патлы гiстарычнай залежнасцi, асаблiва калi гэта залежнасць, як таўро ганьбы, кладзецца на нашае нацыянальнае iмя.

Гэткiя былi мае думкi, калi я клаў загаловок “крыўскi” на гэту кнiжыцу. Пытанне гэта вялiкай гiстарычнай вагi, якое, на маю думку, рашыць: цi суджана нам быць нацыяй, цi не, яно палягае на сумленнi павадыроў нашага адраджэння i iмi павiнна быць развязана. Я, з гуртом адзінадумцаў, зважыўшы ўсе дадзеныя, паставiлi гэтае пытанне на кон, хай цяпер абмяркуюць усе тыя, хто арэ i скародзiць крыўскiя адлогi.

За тым кнiгу гэту дабрароднай зычлiвасцi чытачоў паручаю.
 

Апошнія артыкулы

Глядзі таксама:

Ластоўскі
413.96 ms