I
Часы былi трывожныя. Увесь край — ад Усвята да Турава i ад Драгiчына да Смаленска — жыў у напружаным чаканнi невядомага, што, як меч, вiсела, але яшчэ не ўпала на галовы стрывожаных i змораных людзей. Гэтае напружанае чаканне невядомага гняло душу, напаўняла ўсiх палахлiваю маўклiвасцю.
Загнаныя ў пушчы i крокацi святары старой веры пачалi выходзiць у сёлы i гарады. Словы iх былi горкiя, а варожбы грозныя. Як крукi, яны каркалi аб маючых настаць для народа крывiчоў доўгiх сталеццях пад’ярэмнага жыцця:
“Воля ваша будзе сцерта, як зярно ў жорнах, верай новай i развеецца, як порсць дарожная.
Слава ваша забудзецца, а iмя вашае будзе iмем пагарджаных i паярэмленых.
Нашчадкi вашыя адвернуцца ад крывi сваёй i магiлы вашыя зневажаць будуць.
Плады зямлi вашай, крывя i пот вашы возьмуць чужынцы, i вы iх багомiць будзеце.
Жоны i дочкi вашыя стануць паслужнiцамi ў тых, каторыя вамi валадаць будуць.
Перад рабамi сваiмi пахiнеце каркi i знiзiце аблiчча сваё ў пакорлiвасцi.
Змоўкнуць вечавыя званы ў гарадах i песнi свабоды ў сёлах.
I перапоўняцца воды слязамi вашымi, паветра стогнамi, а зямля крывёй вашай.
I загiнеце з аблiчча зямлi, калi не ачуняеце i не скажыце ў сабе: зямля наша — дом наш, яна — магiла прашчураў i калыска будучых пакаленняў нашых!”
II
Пера'дзеўшыся ў сялянскi кажух i насунуўшы глыбока на чало калматую шапку, многа разоў ужо слухаў князь гэтых прамоваў, змяшаўшыся ў соймiшчы. I кожны раз прамовы гэтыя глыбока парушалi яго. Святары старой веры вымагалi павароту да даўнай веры i выгнання з краю прапаведнiкаў хрысцiянства, якiя трымалiся ў гарадах пад княжай апекай. Па вёсках жа, раскiнутых памiж глухiх пушчаў, старая вера яшчэ ў поўнi панавала.
“Ды што па вёсках?! — думаў у мыслях сваiх князь. — У жаночых святлiцах маiх харомаў стаiць стод Перуна побач з крыжам... Я сам малюся агню i Богу!..
Але замяшанне ў народзе шырыцца, i трэба ўчынiць канец гэтаму, — разважаў далей князь. — Або русы i грэкi з навучонаю хiтрасцю ды вайна супраць уласнага народа, або з народам — супраць чужынцаў?! Не, гордыя крывiчы не пахiляць каркаў перад ненавiснымi русамi i грэкамi, якiя пазбаўляюць нас волi! Клiкнем на помач яцьвягаў, латгалу, жамойдзь, — памерымся яшчэ з русамi!..”
III
Да князя ў харомы прыйшоў бiскуп. Ён апавядаў аб усёабымаючай любовi.
— Цяжкае жыццё чалавечае на зямлi, — казаў ён, — i няма патолi нiкому. Свет дагэтуль тонуў у цемры нязнання... Чалавек чалавеку воўкам быў, бо не на любовi, а на помсце i нянавiсцi будавалася жыццё людскае. Хрыстос навучае нас за зло не злом, а дабром адплату чынiцi, палюбiць блiжняга свайго, як самога сябе... Крыжам трэба прасвяцiць бедны народ гэты, а з крыжам разам увойдзе ў душу людзей, у гарады i сёлы, у краiны, плямёны i народы ўсёабымаючая, усёдаруючая любоў. I калi ўсе народы i плямёны прымуць Хрыста, мiж iмi запануе любоў: не будзе бедных i панiжаных, бяздольных i пакрыўджаных, не будзе злосцi i помсты, вайны i забойства. Царства Божае запануе мiж людзей на зямлi...
“Старая вера, — думаў князь, слухаючы бiскупа, — не дае ўсёагартаючай любовi... А калi б запанавала любоў мiж людзьмi, настаў бы спакой i шчасце. Дык хай жа будуць людзi братамi, хай палюбляць блiжнiх сваiх!..”
I схiлiў князь чало перад уладыкай, кажучы:
— Багаславi, ойча, iсцi з Хрыстом у народ!
IV
Часы былi трывожныя. Дружыны русаў абселi гарады i сёлы. Мячом церабiлi шлях новай веры ў народ i купалi яго ў яго ўласнай крывi. Руя i парубства шырылiся пад засцю крыжа. Спуджаны народ палыханнем зарнiц гарэўшых вёсак уцякаў у недаступныя дзiкiя пушчы, творачы брацтвы “лютых”, якiя клялiся да апошняй кроплi крывi ў жылах баранiць свае веры. З iмi былi святары старой веры, з князем — русы i грэкi, прагавiтыя ўлады i багаццяў.
Часы былi трывожныя...
|