|
Iмя Крывiя, як назоў тэрыторыi, занятай племем крывiчоў, выступае разам з першымi пiсанымi гiстарычнымi помнiкамi на ўсходняй славяншчыне. Знае крывiчоў i iх тэрыторыю рускi Пачатны летапiс, якi, апавядаючы аб тым, як род Рурыкаў заснаваў сваё княжэнне ў палянаў, зазначае пры гэтым, што побач з падбiтымi палянамi iншыя плямёны былi яшчэ незалежнымi, мелi свае княжэннi:
“в Деревлях свое, а Дреговичи свое, а Словене свое в Новегороде, а другое на Полоте еже есть Полочане; от их же Кривичи, иже седят на верх Волги и на верх Днепра, их же град Смоленск [град сей от них создан (Пераяслаўскi спiсак)]: туде бо седят кривичи; таже Север от них” (Спiскi: Лаўрэнцьеўскi, Iпацьеўскi, Нiкан[аўскi], Васкр[асенскi],Тверскi, Сафiйскi, Наўгародскi i iнш.).
Найменне “крывiчы” было вядомым i нямецкiм гiсторыкам. Гэтак, кронiкар Дусбург1 (Dusburg, caрit. 315) пад 1314 годам пiша:
“Frater Henricus Marschalcus... venit ad terram Crivitae, et civitatem illam, guae parva Nogardiadicitur cepit”. Гэта знача: “Брат Генрык Маршалак... прыйшоў у зямлю Крывiцiя i места яе, каторае Новагародкам завецца, здабыў”.
Iмя крывiчы ведама было i ў Iталii: у жыццяпiсе св. Параскевii (Pаrахеdis), князёўны полацкай, пiсаным па-лацiнску, полацкая князёўна названа “Rеginа Кrivitае” — каралеўна крывiчоў (Kazanie na Pogrzeb Maryanny Korsakуwnej. Люблiн, 1687. Б. II, 49).
Усе выдатнейшыя вучоныя, згодна гiстарычным даным, тэрыторыю крывiчоў абазначаюць па верхнiм Нёмане, па Дзвiне, Дняпры i верхняй Волзе. У лiку крыўскiх гарадоў называюць: Смаленск, Iзборск, Полацак, Менск, Новагародак.
Iзборск i Смаленск вельмi рана, у Х стаг., былi падбiты вайсковымi дружынамi нарманаў, якiя слылi ў нас пад iмязовам “русь”, узятым з фiнскай мовы. Чужынцы-заваёўнiкi iмя “русь” пачалi ўжываць дзеля акрэслення падуладнасцi падбiтых плямён, пераносячы гэтае iмя i на падбiтыя крыўскiя землi. Асаблiва ж пашырылася ў нас iмя “русь”, калi пачалi заводзiць хрысцiянства, якое на ўсходнеславянскiх землях у Х—ХI стст. было верай пануючых сфер i гарадскога жыхарства, а знача — у пераважнасцi верай тых самых варагаў-русi i верхаводзячых у рэлiгiйных справах грэкаў. “Русь” было iмем не толькi новабудаванай варагамi дзяржавы, але i назовам новай хрысцiянскай веры ў адрозненне ад славянскага паганства. I вось усё, што не ўкладалася ў рамкi хрысцiянства, як яго разумелi вiзантыйцы (i варагi-русь), лiчылася адрынутым, “бесаўскiм”. Усякае выражэнне дахрысцiянскага верання, безумоўна, асуджалася i праследавалася, як чартоўскае... Пад гэтае паняцце (чартоўскага, процiлеглага хрысцiянству i варажскай над славянамi ўладзе) падтасоўвалася i праяўленне народнасцi (гэта знача, — мова мясцовых плямён, iх звычаi, абычаi i нацыянальныя iмёны). Словам, у варагаў-русi прынцып народнасцi быў падменены прынцыпам праваслаўя i варажскай улады, а адно i другое выражалася ў iменi “русь”. Такжа даволi рана праз хрысцiянства, якое раr ехсеlenсе было верaй руcкай, i праз пануючую напаўкрыўскую, напаўваражскую (Рагнеда — крывiчанка, Валадзiмер —vвараг) дынастыю гэтае iмя “русь” пачало прылiпаць i да крывiчоў, не падбiтых варагамi (полацкiх).
Калi ў ХIII ст. крыўскiя землi апынулiся пад панаваннем лiтоўскай дынастыi, нашы прашчуры iмязовы “лiтва”, “лiтвiн” прынялi як тэр[мiн] для абазначання дзяржаўнай прыналежнасцi. Кожны крывiч з роду i племенi быў “лiтвiном” па дзяржаўнай сваёй прыналежнасцi i “русiн” па веравызнанню.
Так разумелi тэрмiн “русь” вялiкiя князi лiтоўскiя i нашы крыўскiя пiсьменнiкi ўключна з Францiшом Скарынам. Так, в. кн. Казiмiр у акце 1440 года падзяляе сваiх падданых: “ляхь, лiтвiн, витблянин, русин (кiеўшчына) или с иных наших земль”. З гэтага бачым, што толькi адна Кiеўшчына, як быўшы цэнтр i гняздо варагаў-русi, насiла назоў “русь” у палiтычна-тэрытарыяльным значэннi. Праглядаючы акты i дзяржаўныя дакументы б. Вял. Кн. Лiтоўскага, раз-пораз сустрачаем гэткiя акрэсленнi: “Шляхта литовского и руского народа” ў значэннi каталiкi i праваслаўныя, або “панове и шляхта обоего закону и веры хрестиянское: римского закону — литва и греческого — русь” (Первольф. Славяне. Т. III. Ч. II).
Географ i гiсторык В. Кн. Лiтоўскага, Гвагнiн, iтальянец, якi жыў у канцы ХVI ст., гаворачы аб Вiльнi, кажа: “...у гэтым горадзе святынь рымскай i рускай веры, мураваных i драўляных, маецца каля 40; такжа мiтрапалiт рускi, у царкве рускай вялiкай, прысвячонай Прасвятой Дзеве, якую яны называюць Прачыстай, мае сваю сталiцу. А ва ўсiм Княстве Лiтоўскiм сем рускiх уладык: полацкi, львоўскi, валадзiмерскi, пiнскi, луцкi i кiеўскi”. (“Кrоniка” надрукавана па-лацiнску ў 1578 годзе, а ў перакладзе на польскую мову ў 1611 г.)
З першапачатнага назову “русь”, пад уплывам вiзантыцкага канцылярскага стылю, вытварылiся назовы “Русь Белая, Чорная, Вялiкая i Малая” (глядзi стаццю Первольфа ў Аrсhiv fur Slаv. Рhilоlоgiе “Аб назовах Русь (Россия) Вялiкая, Малая, Белая”).
Назоў “Белая Русь” найраней выступае ў прускiх немцаў як тэрмiн геаграфiчны, але пад гэтым геаграфiчным назовам яны разумелi не крыўскiя землi, а землi, распаложаныя на ўсход ад Белавозера. На адной з першых друкаваных карт наогул i першай друкаванай карце Нямеччыны ў асобнасцi, апрацаванай кардыналам Мiкалаем Кузанам2 у 1460 годзе i адбiтай у 1491 годзе, паказаны: Роlоniа, Рrussia, Sаmоgitiа, Livоniа, Littuaniа, Роdоliа, Russiа (Галiччына) i Albа Russiа sivе Моsсоviа (Белая Русiя, або Масковiя). Гэтакiм чынам, у канцы ХIII i пачатку ХIV ст. назоў “Белая Русь” немцы лiчылi паралельным назовам для абазначання Масковii. На некаторых картах ХIV ст. назоў “Белая Русь” аднесена яшчэ далей на поўнач, на адну шырыню з Халмагорамi; гэткае палажэнне мае “Белая Русь”, прыкладам, на карце Масковii iтальянскага географа Якуба Гастальдзi 1548 года, дзе мы бачым на далёкай поўначы Russia biаnka (Белая Русь), а на поўднi з правай стараны Дняпра — Russia Rossa (Чырвоная Русь). (Гл.: Курс белоруссоведения: Лекции, читанныя в Белорусском народном университете в Москве летом 1918 года. М., 1918—1920. Б. 95—96. Стацця праф. Анучына.) У ХVII i ХVIII стст. Белая Русь саўсiм немаль зыходзiць з геаграфiчных карт. А гэта вось чаму.
Масковiя пасля слаўнай перамогi над татарамi на Кулiковым полi (1380 г.) замест наймення “Чорная Русь” (нявольная) пачала сябе называць “Белай Русью” ў значэннi вызваленай з-пад татарскага ярма. Гэты назоў праўдападобна за ёй i астаўся бы назаўсёды, каб не другая важная падзея ў жыццi Масковii. Такой важнай падзеяй было сужэнства маскоўскага в. князя Iвана III з грэцкай царэўнай Аленай.
Да заваявання туркамi Вiзантыйcкай iмперыi грэцкае праваслаўе мела апору ў вiзантыцкiх iмператарах. Пасля ж заваявання туркамi Вiзантыi адзiным незалежным праваслаўным манархам астаўся цар маскоўскi. Жанiцьба з грэцкай царэўнай як быццам ставiла яго ў палажэнне спадкаберцы вiзантыцкiх iмператараў. Так, прынамнi, глядзела на гэта маскоўскае i часцю грэцкае духавенства, што дало свае вынiкi.
Iван III прымае тытул цара (у дакументах пiсаўся нават “цесарь”) i прысвайвае сабе вiзантыцкi герб двухгаловага арла. А каб апраўдаць гэты амбiтны назоў, грэкi падсоўваюць Маскве мысль гiстарычнага яе пасланнiцтва ў аб’яднаннi ўсiх усходнеславянскiх аднаверцаў пад сваёй уладай, у чым Царгародскi патрыярхат абяцае сваю дапамогу “Трэцяму Рыму”.
З гэтай мэтай усю “русь” (па веры) падзяляюць на царкоўныя правiнцыi, у вынiку чаго паяўляецца ў пачатках ХVI ст. на свет канкрэтная царкоўна-адмiнiстратыўная тэрмiналогiя: Русь Вялiкая (Масковiя), Русь Малая (Украiна) i Русь Белая (крыўскiя землi, якiя ўходзiлi ў склад В. Кн. Лiтоўскага).
Гэту царкоўна-адмiнiстратыўную тэрмiналогiю ахвотна прымае (пакуль што — прыватна) толькi маскоўскi ўрад, абазначаючы тэрмiнам “Белая Русь” крыўскiя землi толькi да Дняпра, а пасля паходу Iвана Грознага на Полацак, — пашыраючы гэты назоў да Дзвiны i Бярэзiны. Ужо Iван IV даводзiў: “Вся руская земля наша вотчына”. Знача, ужо ў канцы ХVI ст. замысл хiтрых грэкаў увайшоў у пераконанне маскоўскiх цароў. Пры гэтым Масква пачала называць крыўскую пiсьменную мову “белоруской”, i гэты назоў яна мела толькi ў Масковii i нiдзе больш (гл.: Первольф. Славяне. Т. III. Ч. II. Б. 168). У нас у той час яна называлася “рускай”, бо лiтары (славянскiя), якiмi выражалася крыўская мова на пiсьме, былi прыналежнасцю “рускай” царквы. Усё гэтае iмязоўнiцтва ведама было толькi Маскве, да другiх краёў даходзiла яно туманнай легендай.
Гэтак Гвагнiн так пiша:
“Руская зямля, якую здавён Раксаланiяй называюць, ляжыць ад усходу сонца пры Белым возеры, пры рацэ Танаiс (Дон), якая Еўропу ад Азii аддзяляе; на захад — да гранiц Валахii i Малдаўскай зямлi; з поўдня гранiчыць з горамi Татрамi. А ёсць траякая: адна Белая — каля Кiева, Мозыра, Мсцiслаўля, Вiцебска, Оршы, Полацка, Смаленска, Северскай зямлi, якая здавён да В. Кн. Лiтоўскага прыналежыць; Чорная — у Маскоўскай зямлi, каля Белавозера i там усюды да Азii: Чырвоная — пры горах, якiя Татрамi называюць... “ (Кrоniki Sаrmacii Europ. Бал. 323).
Падобна Гвагнiну, “Чорнай Руссю” называе яшчэ Масковiю Стрыйкоўскi. Сымон Старавольскi (у “Gеоgrаfii Роlskiej”, выданай у 1656 годзе па-лацiне ў Wolfenbьttl) тлумачыць: “Русь... паложаная за Донам i нбчамi Дняпра здавён-даўна празываецца Чорная Русь, а пазней яе пачалi зазвычай называць Масковiяй. Царства гэтае ад горада i ракi Масквы атрымала назоў, а перш называлася Азiяцкая Сармацiя, а Дняпроўская Русь — Еўрапейская Сармацiя, а сама Польшча Вандалiяй называлася”.
Усе гэтыя гiсторыкi жылi ўжо ў часы, калi Масковiя была вызвалена з-пад татарскай няволi, але яны памяталi аб яе ранейшым паярэмленнi i дзеля гэтага зазначалi: “Даўней называлася Чорнай Руссю, а цяпер Масковiяй”, яўна блутаючы пры гэтым разнародныя тэрмiны: царкоўна-адмiнiстратыўны тэрмiн (Белая Русь), народна-гiстарычны (Чорная Русь) i палiтычны (Масковiя). Дый не дзiва, што чужыя збiвалiся, калi збiвалiся ў гэтых назовах i самi народы, якiм iмязовы гэныя былi гiсторыкамi прыпiсваны.
Затое добра разбiралiся ў гэтым маскоўскiя “собиратели Руси”: яны разумелi, што Маскве трэба аберуч трымацца iменi “русь” i што ўсе ўсходнеславянскiя землi, дзе жывуць праваслаўныя, падлягаючыя зверхнасцi маскоўскiх патрыярхаў, трэба хрысцiць афарбоўкамi i памерамi гэтага iменi для палiтычнай экспансii.
Першы раз старакрыўская мова была назвала “беларускай” у кнiзе “Kazanie sw. Cyrylla patryarchy Jorozolimskiego” (1596), у прадмове да якой аўтар яе, Сцяпан Зiзанiй, кажа, што выдаў ён тое ж самае i ў мове “bialoruskiej”. Калi прыняць пад увагу, што абодва браты Зiзанii-Кукелi (трава кукаль па-грэцку — зiзанi) былi як змагары за праваслаўе цесна звязаны з Маскоўскiм патрыярхатам*, то будзе ясна, скуль гэты тэрмiн трапiў першы раз у польскую кнiжку. Па-за гэтым адзiночным прыпадкам, у краёвай пiсьменнасцi не сустрачаецца ў такiм азначэннi “Белая Русь” да другой палавiны ХVII ст. Лаўрын Зiзанiй4 у 1596 годзе старакрыўскую мову называе “лiтоўскай” (“Катехiзис, по-литовски — оглашение”), гэтаксама называе яе i Памва Бярында ў сваiм слоўнiку 1653 года (“Петел: Ческi i Рускi, когут. Волынски, певень. Литовски — петух”, бал. 133).
Тэрмiн “Белая Русь” пачынае ўходзiць у жыццё пасля таго толькi, калi цар Аляксей Мiхайлавiч (1645—1676), заваяваўшы немаль усю Лiтву, да Коўны i Берасця ўключна, прыбiрае тытул “Царя и самодержца всея Великия, Малыя и Белыя Руси”. Андрусаўскiм мiрам 1667 г. былi далучаны да Масковii ўсходнекрыўскiя землi — Смаленшчына i Севершчына. Гэта быў першы падзел крыўскiх зямель. Як пры ўсякiм падзеле суцэльнага народнага арганiзма, так i ў гэтым здарэннi пайшлi перабежчыкi. Нашых перабежчыкаў у Масковii сустрачалi вельмi прыхiльна, бо яны былi, па-першае, культурным элементам, якога Масковii не хапала, а па-другое, былi праваднiкамi “сабiрацельскай” палiтыкi Масковii. З гэтага часу назоў “Белая Русь” (усё яшчэ як тэрмiн царкоўна-адмiнiстратыўны) пачынае пранiкаць i на захад ад лiнii Андрусаўскай угоды6. У 1772—1796 гадах усходнекрыўскiя землi былi далучаны да Расiйскай iмперыi. Царыца Кацярына любiла называць нованабытыя землi “от Польши возвращенными”, але ўзварот гэты расiйцы разумелi ў той спосаб, што Полацак, Менск, Магiлёў i др. гарады становяць спадак па патомках Валадзiмiра, прадстаўнiцай якiх быццам была царыца Кацярына. Апiраючыся на царкоўна-адмiнiстратыўны назоў, царыца Кацярына актам, выданым 6 лютага 1774 года, першы раз у гiсторыi надала крыўскiм землям дзяржаўна-адмiнiстратыўны назоў Белай Расii (“некоторыя провинции, общеназываемыя Белой Россией”).
У кацярынiнскай “Белой России” было ўстаноўлена Беларускае генерал-губернатарства i для даследавання нованабытага краю — навуковая ўстанова “Белорусское Вольно-экономическое общество” ў Вiцебску. Беларускiм праваслаўным бiскупам быў назначаны вядомы Юрый Канiскi, беларускiм унiяцкiм архiбiскупам — Iраклiй Лiсоўскi, а такжа была заснавана новая каталiцкая беларуская архiбiскупiя ў Магiлёве, з архiбiскупам Богуш-Сестржанцэвiчам на чале. Гэткiм чынам у канцы ХVIII ст. з’явiлася на свет не iснаваўшая датуль дзяржаўна- адмiнiстратыўная адзiнка — Беларусь у складзе Расiйскай iмперыi.
Пасля першага падзелу Польшчы ў 1772 годзе ва ўсёй Еўропе ўзрасло зацiкаўленне як гiсторыяй Польшчы, так i гiсторыяй крыўскiх зямель, далучаных ад яе да Расii пад iмем Лiтвы. Самы грунтоўны дослед даў у канцы ХVIII ст. англiйскi вучоны гiсторык Ватсан, якi на аснове фiлалогii i гiсторыi давёў, што славянская часць Лiтвы няправiльна называецца “Лiтвой” цi “Русью”, а што iстотным iмем славянскай народнасцi, засяляўшай Лiтву, ёсць iмя “крывiчы”.
Аб’ектыўныя довады Ватсана i праца Шафарыка9 мелi ўплыў на расiйскага гiсторыка Карамзiна i на гiсторыка Лiтвы Нарбута. За Карамзiным i Нарбутам пайшлi немаль усе расiйскiя i польскiя гiсторыкi першай палавiны ХIХ ст. (да 1860-х гадоў).
Аднак як Карамзiн, так i Нарбут высказалiся даволi неакрэслена, дзеля гэтага да 60-х гадоў ХIХ ст. адмiнiстратыўная адзiнка “Белая Россия” i афiцыяльна лiчылася ў расiйцаў “Лiтвой”, а заходная часць — нават “Польшей”.
Дзеля заслуг езуiтаў, якiя прычынiлiся да таго, што крыўскiя землi былi далучаны да Расii без закалотаў i пратэстаў, — Кацярына пакiнула шырокiя правы памешчыкам, якiя, як адзiная iнтэлiгенцыя ў краю, з каторай рэкрутавалася i чыноўнiцтва, ад 1772 да 1830 года вытвараюць “беларускую” пiсьменнасць. Уся гэта “беларуская” пiсьменнасць была друкавана ў чыстай польскай мове, а толькi па тэрытарыяльнай прыналежнасцi аўтараў i па месцу выхаду кнiг названа “беларускай”. Гэткiм чынам у ўтвораную царыцай Кацярынай “Беларускую правiнцыю” палякi й езуiты ўлiлi польскi змест, гэта iм было лёгка зрабiць, бо над шырокiмi народнымi масамi крыўскага сялянства Расiя аддала ўладу ў рукi памешчыкаў-палякаў, а апошнiя прадстаўлялi край перад дзяржавай.
Калi ў 1831 годзе выбухла польскае паўстанне, то расiйскi ўрад пабачыў, што Беларусь з’яўляецца аб’ектам польскiх прэтэнзiй. Нi палякi, нi расiйцы не лiчылiся з аграбленым i абязволеным крыўскiм народам, якi знаходзiўся ў прыгоннай залежнасцi. Нi адным, нi другiм не прыходзiла ў галаву прызнаць за гэтым “простым” народам хоць цень самаiстасцi. Аб Беларусi ставiлася толькi пытанне ў плашчынi — Польшча гэта цi Расiя? Палякi даводзiлi, што мова “тутэйшага” народа ёсць правiнцыянальная адмена польскай мовы, расiйцы ж наадварот, што гэта — правiнцыянальная адмена “русскаго языка”. Палякi ў гэтай спрэчцы мелi моцны аргумент — вытвараную iмi “беларускую пiсьменнасць”, чаго ў расiйцаў яшчэ не было.
У кожным здарэннi пасля 1831 года стаў для расiйцаў ачавiстай бессэнсоўнасцю назоў “Беларусь” з яго польскiм зместам, — i цар Мiкалай перамяноўвае “от Польши присоединенныя провинции” ў “Западную Россию”.
Але ў “рускасцi” крыўскiх зямель расiйскi ўрад не меў пэўнасцi. Вельмi характэрны выпадак апавядае Доўнар-Запольскi11 (Исследования и статьи. Кiеў, 1909. Т. I. Б. 337): “У 1835 годзе вядомы гiсторык Устралаў вылажыў обер-пракурору святарнейшага сiнода Пратасаву i мiнiстру народнай асветы Увараву, што Лiтоўскае княства — такжа Русь. Пратасаў, для якога гэта было важна “дзеля палiтычных меркаванняў”, i Увараў прыйшлi ад гэтага “ў захват” (выражаючы яго ў французскай мове), яны пастанавiлi “тотчас же” далажыць аб гэтым цару”.
Пасля гэтага спрытнага “адкрыцця” па нейкiм часе была распачата праца па даследаванню “Западно-русского” краю. Праца гэта была даручана тром найпаважнейшым навукова-дзяржаўным установам: Расiйскаму Геаграфiчнаму таварыству, Статыстычнаму камiтэту i Расiйскаму Генеральнаму штабу. Першым прыступiла да працы Расiйскае Геаграфiчнае таварыства, якое вырабiла падробную праграму даследавання краю i разаслала яе ўсiм урадавым установам для выканання. Сабраныя матэрыялы былi апублiкаваны ў “Этнаграфiчных зборнiках” гэтага таварыства (1853—1864 гг.) пад рэдакцыяй Кавелiна. У першым зборнiку, у стаццi самога Кавелiна, крыўская мова названа “тамошней”. У трэцiм зборнiку знаходзiм стаццю “Заметки о западной части Гродненской губернии”, у якой надрукаваны слоўнiк “Белорусско-кривичанскаго языка” (бб. 193—201) i сабранне “Крывiчанскiх песен” (б. 201—276). У 1857 годзе выйшла з друку першая гiсторыя Беларусi Турчыновiча (Обозрение истории Белоруссии с древнейших времен, СПБ., 1857). Турчыновiч побач з назовам “беларусы” ўжывае назоў “крывiчы” нават у агалоўках часцей свае кнiгi, прыкл., “Книга третия. Литва покоряет Кривския земли”. Крыху раней, у 1855 годзе, паяўляецца праца генерал-маёра Бэз-Карнiловiча12“Историческия сведения о примечательнейших местах в Белоруссии”, дзе, мiж iншым, саўсiм слушна кажа: “Народ кривичанский занимал всю Витебскую губернию, южную часть Псковской, северо-западную часть Смоленской и северную половину губерний Могилевской и Минской, к чему неоспоримым доказательством служит самое наречие белорусскаго языка, до сих пор оставшееся в разговорном, хотя обруселом языке, употребляемом жителями тех мест”.
Побач Геаграфiчнага таварыства працаваў Дэпартамент Генеральнага штаба, якi ў 1857, 1858 i 1859 гадах рассылае апрацаваныя ў папярэднiя гады асобныя iнструкцыi i праграмы для даследавання нашага краю. У 1861 годзе выдана было Штабам апiсанне Вiленскай губернi, якое напiсаў Корэва (Материалы для географии и статистики России, собранные офицерами Генеральнаго Штаба. Виленская губерния. Составил генеральнаго штаба капитан А. Корева. СПб., 1861. VIII, IV; 804 балоны). У гэтай салiднай кнiзе аўтар так характарызуе жыхарства Вiленшчыны: “Славяне, населяющие Виленскую губернию, кроме выходцев из Великороссии, великороссиян, разделяются на белоруссов, черноруссов и кривичей” (бал. 290). Для характарыстыкi пераважаючай мовы ў Вiленшчыне аўтар падае адрыўкi “из песен славян”, якiх называе “племенем кривичанским”. Усе прыведзеныя песнi даюць пробкi крыўскай (беларускай) мовы.
Другiм выданнем Генеральнага штаба было апiсанне Гарадзенскай губернi (Материалы для географии и статистики России, собранныя офицерами Генеральнаго Штаба. Гродненская губерния. Составил член Имп. Рос. Геогр. О-ва генеральнаго штаба подполковник П.Бобровский”13. СПб., 1863. У дзвюх часцях: I-я ХХII+866 б.; 2-я VIII+1074 балоны). Хоць пад уплывам ужо абрусiцельнай палiтыкi расiйскага ўрада ён запэўняе, што Гарадзеншчына была i ёсць “русская”, але пры гэтым тлумачыць, што беларусы ёсць патомкамi крывiчоў (б. 622—623).
Статыстычны камiтэт распачаў сваю работу па даследаванню нашага краю ў 1835 годзе (услед за “адкрыццём” Устралава) i вёў яе ў прадоўжаннi 1840-х гадоў. Урэшце, пад рэдакцыяй М. Лябёдкiна выдрукаваны былi вынiкi працы Камiтэта пад агалоўкам “О племенном составе народонаселения Западнаго Края Российской империи” (у “Записках Геогр. О-ва”, 1861, кн. III). Паводле гэтай афiцыяльнай статыстыкi ў 1830—1860-х гадах 26 106 душ яшчэ лiчыла сябе крывiчамi.
Пад уплывам паўстання 1861 года14 стаўся гвалтоўны паварот: у Маскве i Петраградзе раптам загаварылi аб прадвечнай рускасцi крыўскага краю i адначасна аб абрусеннi яго. “У ўсiх на вуснах было слова абрусенне... “западно-рускаго края”, — iранiзуе расiйскi вучоны Пыпiн15. Побач з бязлiтасным нiшчаннем польшчыны на крыўскiх землях Расiя энергiчна выступiла i супроць першых проблескаў нацыянальнага адраджэння крыўскага i ўкраiнскага народаў. Пыпiн так аб гэтым апавядае (“Белорусская этнография”): “Няведама, па якому сiгналу пачалiся гэтыя нападкi, але яны выйшлi з усякай меры прыстойнасцi i пiсьменнiцкай годнасцi. Смерць Шаўчэнкi16, у каторым пры ўсёй непрыхiльнасцi да характару яго твораў, нельга было не прызнаць выдатнага паэты, утрата якога выклiкала многа гарачага спачуцця i ўспамiнаў памiж яго пабратымцаў, —для “Вестника” (Вестник Северо-Западной России. 1862—1863. Т. IV, апрель IV , б. 32 —42) паслужыла прычынай да стаццi сапраўды агiднай (“гнусной”): гэта быў цэлы паток лаянкi, i галоўнай прычынай усiх недастаткаў Шаўчэнкi аказывалася тое, што ён быў не “благородного” паходжання. Мысль аб выданнi кнiг для народнага чытання на ўкраiнскай мове, якую выкладаў Кастамараў17 у “Основе”, сустрэчана была градам абвiнавачань, як мысль шкодная i ледзь не здрадная. Тут ужо было сказана, што мысль аб кнiгах на ўкраiнскай мове iдзе “не ад Бога” (дык?), а хутка пасля i ў другiх стаццях было вытлумачана, што ўкраiнафiльства ёсць акурат галiна польскай iнтрыгi — славэтная тэма, якая пасля многа разоў паўтаралася i шчаслiва дажыла, са сваiмi вынiкамi, да нашых дзён”.
Пад рубрыку “польскай iнтрыгi” было падведзена i крыўскае адраджэнне. Пацверджанае доследамi многiх расiйскiх вучоных i такiх грунтоўных навукова-дзяржаўных устаноў, як Географическое общество, Статистический комитет i Генеральный штаб, — iснаванне наймення “крывiчы” для абазначэння нашага народа i краю было асуджана, адкiнута i прыпiсана польскай iнтрызе*. У гэтым паходзе супроць найменняў “крывiчы” i “ўкраiнцы” прымала ўдзел усё расiйскае грамадзянства, як лiбералы, так i чорнарэакцыйныя кругi: усе, з славянафiламi на чале, згаджалiся i напiралi на абрусенне крыўскiх зямель. Замест найменняў “крывiчы” i “ўкраiнцы” расiйская прэса i ўвесь дзяржаўны апарат прапагавалi найменнi “белоруссы” i “малоруссы”, якiя павiнны былi абазначаць толькi этнаграфiчную адмену “адзiнага расiйскага народа”. Прычым гэтыя тэрмiны не былi пашыраны на займаныя “белоруссами” i “малоруссами” тэрыторыi: для апошнiх былi прыняты “раз назаўсёды i беспаваротна” тэрмiны “Северо-Западный” i “Юго-Западный край”.
Аднак трэба было i для сябе i для загранiцы абаснаваць, на што апiраецца назоў “белоруссы”. Зрабiць гэтае абаснаванне ўзяўся прускi немец, якi быў на расiйскай службе, — Экерт. Гэты апошнi прыйшоў да выснаўку, што нiшто так выразна i праўдна не вызначае гранiцы памiж народнасцю “рускай” i “польскай”, як веравызнанне. Гэткiм чынам у “Западной России” ўсе тыя, якiя вызнаюць праваслаўную веру, павiнны лiчыцца рускiмi, а тыя, хто вызнаюць каталiцтва, — палякамi (у прадмове, напiсанай Экертам да “Атласа народонаселения Западно-Русскаго края по вероисповеданиям”. СПб., 1861). Пры гэтым Экерт, разлiчаючы на народную цемнату, кажа: “Чым нiжэй ступеня асветы, на якой стаяць народы, параўнаныя памiж сабой з нацыянальнай стараны, тым важней i больш рашуча значэнне веравызнання, як спосабу разгранiчэння народнасцяў” (б. 10). А ўрэшце канчае Экерт свае меркаваннi гэткай мудрай мыслю: “Калi беларусы i не называюць сябе гэтым iмем, то яны гавораць па-беларуску, а знача, чуюць i думаюць “по-русски”.
Запачаткаванае маскоўскiмi дзеячамi 1860-х гадоў абрусiцельства крыўскiх зямель агульнымi i аднадушнымi высiлкамi расiйскай публiцыстыкi, навукi, школьнiцтва i адмiнiстрацыi было замацована на працягу наступных 60-цi гадоў: назоў “крывiчы” быў выцiснуты з жыцця i немаль з пiсьменнасцi. Вытварана была расiйскiмi вучонымi тэорыя аб “общеруссах”, малодшай галiной якiх сталiся “белоруссы”.
Iмя “крывiчы” зрэдку толькi i нясмела паяўляецца сярод крыўскiх адраджэнцаў-паэтаў: Марцiнкевiча, Каганца, Купалы, К. Буйло, , Ластоўскага, Езавiтава i некаторых паэтаў з малодшага пакалення.
З павыжшага агляду мы павiнны зрабiць вось якi вывад: усе старыя народы, якiя маюць за сабой тысячалетнюю гiсторыю, носяць па некалькi iмёнаў, каторыя адбiваюць яго гiстарычную долю. Прыкладам, народы нямецкага племя справеку былi ведамы лацiнцам пад найменнем германцаў. У славянаў яны называлiся немцамi, у французаў — алеманамi, а ў лiтвiноў — vokieиiai, а самi сябе яны называюць розна, залежна ад гiстарычнай мiнуўшчыны паасобных галiн нямецкага племя, як то: готы, швабы, саксы, а пасля наогул усе — deutsche. Хто ж пры здаровым розуме будзе цвердзiць, што германцы, немцы, алеманы i дойтшы не адзiн i той жа народ ад самага свайго пачатку?
Гэтаксама народы чудскага, або фiнскага, племенi самi сябе называюць суомi (suomi), cуомаляйсет (suomalaiset), немцы ж iх называюць фiнамi, славяне — чуддзю. Эстонцы самi сябе завуць дваяка: suomelased i esti; у латышоў яны — iгаунi (iggauni), у чухонцаў — вiроляйсэт (wirolaiset).
Скандынаўцы — у сябе cвеоны (sweoni), а ў чухонцаў, фiнаў i эстаў — руоцi (ruoci). Жыхары Данii называюць сябе донамi, а ў фiнаў яны называюцца ютамi.
Народы кельтыцкага племя ў сябе называюцца галамi, геламi (gaeli), а ў немцаў — wдlsche, у славянаў — влахi, валохi.
Маскалi самi сябе называюць рускiмi, а ў нас i ў украiнцаў яны — маскалi, у чухонцаў — веннелясэд (wennelassed).
Палякi ў сябе — поляцы (polacy), у нас — палякi, а даўней у нас i ў украiнцаў называлi iх — ляхi, у лiтвiноў яны — lenkai.
Таксама i наш народ у сваёй тысячалетняй гiсторыi насiў тры iменi: крывiчы, лiтвiны, русь. Разбiраючы гэтыя тры iменi па iх гiстарычнаму значэнню, згодна ўсiм даным, толькi першае iмя ёсць iмем нашым уласным, самiм народам сабе дадзеным (крывiчы — родныя сабе па крывi, сваякi), а другiя два былi нам накiнуты са стараны.
Сягоння, калi народ сiлiцца адрадзiцца ад самых каранёў сваiх i шукае старанна кожнага ценю свае iндывiдуальнасцi (у мове, у абычаях, у мастацтве i пiсьменнасцi), важна прыпомнiць яму яго ўласнае iмя, у дадатку — iмя, каторае гаворыць аб лепшых днях жыцця нашага народа, з яго вольнымi вечамi i слаўнымi змаганнямi за сваю незалежнасць. Важна самым iменем народа зазначыць, што ён — не фарбаваная адмена чыейсь iндывiдуальнасцi, а сам па сабе iндывiдуальнасць. Гэта не значыць, што мы павiнны выракацца назоваў “Беларусь, беларусы”, дый гэта не ў нашай моцы, бо i апошнiя замацаваны за намi 100-летняй гiсторыяй, цэлай гарой пiсьменнасцi, i ўрэшце, так называлi i будуць называць нас маскалi i нашы ж памаскаленыя “землякi”, якiм так дорага гiстарычнае ярмо i звязаная з iм няволя, што не здужаюць здабыцца на вольную думку.
Звыш усяго сказанага трэба дадаць, што апошнiмi часамi за гранiцай намножылася асаблiвага кiрунку “беларусаў”, якiя, прыналежачы да абозу чорнай расiйскай рэакцыi, даволi ахвотна называюць сябе “белымi русамi”, прыдаючы гэтаму iмю значэнне, процiлеглае “чырвоным” русам. Гэткая iгра словам “белы рус” замацоўвае ў вачах загранiчнiкаў за нашым адраджэннем апiнiю чорнай рэакцыi, апiнiю, вельмi шкодную нам i нiчога супольнага з нашым адраджэннем не маючую.
Часцю з рэакцыйных крынiц, а часцю на грунце зменавехаўства людзей, па складу душы свае чорных, якiя свежа перамалявалiся ў “чырвоных”, падняўся гвалт супраць iмён “Крывiя, крывiчы”. Свежыя адэпты “чырвонасцi” з роспаччу хапаюцца за белы фiгавы лiсток “общерусскости”, як за апошнi ратунак ад паглынаючай iх чырвонасцi. З гэтага абозу пасыпалiся аргументы ад Iлавайскага, нясмачныя “перасцярогi”, лаянка i г. пад.
Адкiдаючы без адповедзi гэныя выступленнi, на адну рысу з тых нападак мы павiнны звярнуць увагу. Не маючы аргументаў, каб запярэчыць ачавiстай праўдзе, што iмя “крывiчы” ёсць стары i ўласны назоў нашага народа i краю, якi мае не толькi роўнае права на iснаванне з iншымi навейшымi i са стараны накiнутымi нам назовамi, але больш таго, як назоў самаiстны, можа павясцi крывiчоў да акрэслення свае нацыянальнай iстоты, без наменклатурнай залежнасцi ад “общерусскости”, — працiўны абоз падсоўвае нашым ворагам мысль разбiвання крыўскага адраджэння пры помачы племяннога дзялення адзiнага i суцэльнага крыўскага народа. Метад гэты ў свой час пробавала тасаваць да ўкраiнцаў царская Расiя, памыкаючыся замест адзiнага ўкраiнскага руху вытвараць мясцовы сепаратызм — кацярынаслаўскi, харкаўскi, кiеўскi, валынскi, кубанскi. Гэтага метаду хапаюцца цяпер элементы, якiя ўцiснулiся ў наш адраджэнчы рух, але для якiх рух гэты чужы. Яны разважаюць самi ў сабе так: калi гэта мае быць самаiсты народ, а не набела фарбаваная русь, то хай жа ён разаб’ецца на дробныя сепаратныя адзiнкi i згiне. Дзеля гэтага крычаць нашы фарбаваныя русы аб дрыгвiчах, драўлянах, радзiмiчах i iнш., стаўляючы iх побач з агульнанацыянальным iмем “крывiчы”. Так на саламонавым судзе фальшывая мацi вымагала расцяць жывое дзiцё надвае, каб толькi яно не дасталося праўдзiвай мацi.
Калi ворагi нашага адраджэння стараюцца адарваць ад нас Палессе пад iмем драўлян, то з гэтай прычыны няма што цешыцца. Пробы такiя былi, ёсць i будуць, але дагэтуль такiм спробам з адраджэнчага абозу яшчэ нiхто не патураў. Прыпiсванне грам. Ластоўскаму жадання разбiць крыўскi адраджэнчы рух ёсць брыдкая выхадка. Жаданне паставiць на годную вышыню iмя “крывiчы” лагiчна выплывае з разумення адраджэнча-нацыянальнага руху, якi павiнен апiрацца на гiстарычную мiнуўшчыну i самаiстную iндывiдуальнасць нашага народа, а не на расiйскiя русiфiкатарскiя традыцыi. Усякая абарона русiфiкатарскiх традыцый, хоць бы з адраджэнчага абозу, з’яўляецца рэакцыяй, якая ў дадатку чапляецца за палiтыку царскай улады, хiба ў тайнай надзеi на ўзварот той улады. Збiваючы крывiчоў на ролю правiнцыянальнай адмены “агульнарускага” пня, нашы пазаднiкi гэтым самым пазбаўляюць наш народ яго самаiстай гiсторыi, яго асобнай культуры i ў будучым — дзяржаўнага адраджэння. Бо якое ж апраўданне могуць мець у вачах усяго свету на асобную самаiстную культуру i на асобнае дзяржаўнае iснаванне русы ад русаў (белыя ад вялiкiх)?!
Нашае адраджэнне ад самых сваiх пачаткаў (ад Марцiнкевiча, Багушэвiча i Купалы) было “крыўскай прапагандай”, бо iмкнулася раскрыць самаiстыя сiлы i рысы нашай духовасцi, нашай гiсторыi, словам, — нашай народнай iстоты ў мiнуўшчыне i будучыне. Крыўскае адраджэнне ад сваiх першых пачаткаў мае на мэце злучыць разбiты гiстарычнымi падзеямi вялiкi i слаўны крыўскi народ духова i фiзычна, а не разбiць яго. Прыняць той цi iншы назоў для абазначэння сябе залежыць ад нас самiх, а не ад тых цi iншых чужынцаў.
Будучыню перад сабой мае толькi той народ, каторы мае ясна выражаныя iндывiдуальныя рысы, а не рысы, якiя з’яўляюцца адбiццём чужой iндывiдуальнасцi ў мове, у гiсторыi, у творчасцi i сваiм нацыянальным iменi. Гэта будзе не iндывiдуальнасць, а паводле акрэслення Бяссонава — “промежуток и недоумок”. Як “беларусы” мы — толькi адбiццё агульнарускай iндывiдуальнасцi, нейкi “промежуток и недоумок”, але як “крывiчы” — мы асобны iндывiдуум, асобнае славянскае племя са сваёй багатай мiнуўшчынай, сваёй асобнай мовай, тэрыторыяй i духовай творчасцю. Здаровая логiка гiсторыi, iнтарэсы i традыцыi нашага адраджэння кажуць: Крывiя, Русь (Беларусь), Лiтва — iмёны, пад якiмi мы ведамы ў гiсторыi, але з гэтых iмёнаў толькi першыя — крывiчы — нашае ўласнае iмя. Дык не выракаючыся пражытых у мiнуўшчыне iмён, не маем права выракацца iменi, пад якiм выступiлi мы на гiстарычную арэну, iменi, якое акрэслiвае нашу нацыянальную iндывiдуальнасць i з’яўляецца запарукай самаiстасцi ў будучыне.
Хай сабе палiтычныя iнтрыганы, заскорбшыя ў паняццях колiшняга расiйскага царызму i маскоўскага “собирательства”, крычаць i пеняцца, — гэта звычайна: так сустрачала рэакцыя ўсе вялiкiя праўды, — мы ж цвёрда пераконаны, што лепшыя, перадавыя сiлы з намi, што адраджэнне нашае пойдзе i далей шляхам вызвалення, а знача, — не ўнiкнёна да свае iндывiдуалiзацыi пад iмем “крывiчы”.
|