Планета Венера ў традыцыйных беларускіх уяўленнях |
| Зміцер Скварчэўскі 02.02.2009 г. 622 | |
|
З Зямлі планета выгладае, як зорка. Венера — планета блізкая да Зямлі і бліжэйшая за яе да Сонца. Яна ніколі не аддаляецца далёка ад Сонца, добра адбівае сонечнае святло, таму яе вельмі проста знайсці на небе і назіраць за ёю. Максімальнай яркасці Венера дасягае незадоўга да ўзыходу або заходу Сонца. Характэрнай асаблівасцю планеты з’яўляецца яе роўны белы колер. Паводле сваёй яркасці яна пераўзыходзіць самыя яркія зоркі. Усё гэта стварыла добрыя падставы для назірання, што знайшло адлюстраванне ў беларускім фальклоры. У дадзеным артыкуле мы разгледзім месца і ролю планеты Венера ў традыцыйных уяўленнях і міфалагічнай свядомасці беларусаў на падставе этнаграфічных крыніц. Планета Венера мае шматлікія назвы — Зарніца, Зараніца, Заранка, Світальна Зорка, Вечарніца, Вечарнічка, Вечэрня зора, Звярыніца, Воўча Звязда. Падобныя назвы сустракаюцца і ў іншых індаеўрапейскіх мовах, напрыклад: літ. Aušrinė, Vakarinė, Žvėrinė, Aušros žvaigždė, Vakarų žvaigždė, лат. Auseklis, польск. Wieczornica, Wilcza Gwiazda, Zwierzonka, Zwiernica, Zaranka, Zaraneczka, Zarannica, чэш. Zviretnice, Zornice, Zornička, Večernička, Večernice, слав. Večernica, Zvečernica, Večerca, харв. Zornica, балг. Зорница, Зуратъ, Деница, Утреница, Вечерница, рус. Утренняя зарница, Зарница, Заряница, Зарянка, Зурница, укр. Зірниця, Зарница і г.д. Трэба адзначыць, што ў асноўным назвы планеты паходзяць ад часу яе з’яўлення на небе. Відавочна, што астронімы супадаюць, а гэта можа сведчыць аб вельмі старажытных каранях паходжання назвы Венеры, да таго ж, назіраюцца і шматлікія падабенствы ўяўленняў аб гэтай планеце ў індаеўрапейцаў. Гэта дапамагае рэканструяваць беларускія традыцыйныя погляды на Венеру ў тых выпадках, калі не хапае ўласных звестак. Асобную групу складаюць шматлікія назвы і пазначэнні Венеры, якія сустракаюцца ў замовах.
Назву Венеры «Заранка» прыводзіць у сваім слоўніку В. Ластоўскі[5]. Яна паходзіць ад таго, што Венера добра бачная зранку. Назва «Світальна Зорка» тлумачыцца проста: ранняе ўзыходжанне зоркі над небакраем — сустракаецца ў паўночна-заходніх беларускіх гаворках[6]. У палескіх гаворках Венера вядома пад назвай «Вечэрня зора»[7]. Калі паходжанне назваў «Зарніца» і «Вечарніца» зразумелае, — так Венера завецца ў залежнасці ад часу з’яўлення на небе і назірання за ёй — то назвы кшталту «Звярыніца» і «Воўча Звязда» не зусім зразумелыя. Гэтыя назвы прыводзіць А. Кіркор. Ён пісаў, што за ўзыходам «Воўчай Звязды» назіралі на Каляды. Раскрываючы змест калядных міфаў беларусаў, А. Кіркор лічыў, што Грамаўніца (Цёця) — жонка Перуна, якой адпавядае на небе Венера, у калядную ноч нараджае божыча — Дажбога (яму на небе адпавядае Сонца), а цёмныя сілы ў выглядзе дзікіх звяроў імкнуцца забіць маці з сынам[8]. Менавіта таму людзі на Каляды назіраюць за гэтай зоркай, бо яе з’яўленне азначае багіню, якая здолела выратавацца. Сам пачатак Каляд звязваецца са з’яўленнем на небе першай зоркі. Калядная зорка, з якой ходзяць калядоўшчыкі, — сімвалічнае выяўленне сапраўднай зоркі, магчыма, Венеры. Калі ўлічваць тлумачэнні А. Кіркора, то назва «Воўча Звязда» («Звярыніца») утварылася ад звяроў (ваўкоў), якія пераследуюць багіню. Літоўцы тлумачылі падобныя назвы тым, што з моманту ўзыходу гэтай зоркі дзікія звяры выходзяць на начное паляванне[9]. Неабходна заўважыць, што міф, узгаданы А. Кіркорам, наўрад ці можна лічыць аўтэнтычным, а таму трэба вельмі крытычна ставіцца да гэтых звестак. Планета Венера ў традыцыйных уяўленнях заўсёды выступае як жаночы персанаж. Гэта асабліва падкрэсліваецца ў замовах з дапамогай выразаў кшталту «родныя сястрыцы», «божыя памашніцы», «красныя дзявіцы». Падаецца невыпадковым, што А. Кіркор надзяляе Венеру функцыямі маці, бо ў замовах сустракаецца і такі выраз: «Матка Зорка!»[10], які можа быць аднесены да Венеры. У доказ гэтага можна прывесці той факт, што ў славянскіх мовах Венера часта пазначалася назвай «зорка», а таксама некаторыя іншыя яе назвы ўтвараліся менавіта ад слова «зорка»[11]. Для беларускіх міфалагічных уяўленняў характэрны сюжэт, дзе Месяц і Сонца, ці Месяц і Венера (Вечарніца, альбо Зарніца) утвараюць сямейную пару. Асабліва добра ён прасочваецца ў вясельных песнях. М. Доўнар-Запольскі вывучаў вобразы Месяца і Сонца ў беларускай вясельнай паэзіі і адзначаў: «Беларуская народная паэзія, пераважна вясельная, захавала рэшткі паданняў аб вяселлі Месяца з Сонейкам ці з зарой. Гэта боская шлюбная пара, прататып чалавечага шлюбу, з’яўляецца апякункай апошніх; к Месяцу і Сонцу звяртаюцца песні з надзеяй на іх блаславенне, асвячэнне шлюбу[12]». Яшчэ ён адзначаў, што нявеста часам называецца «зоранькай», параўноўваецца з ёй, так, што песні пяюць то аб вяселлі Месяца з Сонцам, то Месяца з зоранькай, ранішняй зарой[13]. Ч. Пяткевіч прыводзіць такія звесткі: «Венера — Зарніца і Вечарніца альбо Месяцова дружына ці таварышка; гэтая апошняя назва была запазычана ад засцянковай шляхты: «Тая зорачка, што так прыгожа свеціцца, гэта…таварышка месяца»[14]. Такім чынам, Венера замест Сонца выступала як нявеста (ці жонка, сяброўка) Месяца. Пэўныя паралелі можна правесці з балцкім міфам «Нябеснае вяселле», змест якога ў наступным: Месяц, муж Сонца, заляцаецца да Ранішняй (ці Вячэрняй) зоркі, пасля чаго Пяркунас (ці Сонца) мячом рассякае твар здрадніка-Месяца, прычым гэта паўтараецца перыядычна і пастаянна. Хутчэй за ўсё, Месяц у міфы заляцаецца да Вячэрняй зоркі, бо ў гэты час Сонца знікае з неба. Венера паўстае як суперніца Сонца, бо сваім бляскам яна пераўзыходзіць усе астатнія зоркі.
Традыцыйна ў міфалогіі Венера — жаночы персанаж, аднак ёсць звесткі, якія ўказваюць на існаванне і мужчынскага персанажа. У Латвіі ён завецца Auseklis. У адным з варыянтам міфа «Нябеснае вяселле» распавядаецца, як Сонца выдае сваю дачку замуж за Аўсекліса, але Месяц адымае ў яго нявесту, Як ужо адзначалася, планета Венера даволі часта ўзгадваецца ў замовах, прычым у кожным з відаў (ад усіх хваробаў, любоўныя замовы, паляўнічыя і гаспадарчыя замовы і г.д.). Можна патлумачыць і прычыну такога частага і шырока распаўсюджанага згадвання Зарніцы і Вечарніцы, бо яны — «божыя памашніцы», самі маюць нябеснае паходжанне, а таму могуць дапамагчы людзям і данесці іх просьбы да Бога. Перш, чым прывесці прыклады назваў Венеры ў замовах, трэба адзначыць, што у іх ранішняя і вячэрняя зоркі даволі часта атаесамляюцца з зарой — свячэннем неба перда узыходам або заходам Сонца. Аднак, нярэдка ўдакладняюць: «Добрай парой, вячэрняй зарой, вячэрняй зараніцай, божай памашніцай, прыступі, памажы рабе божай…»[16]. З гэтага прыкладу бачна, што час ранняй (вячэрняй) зары, калі з’яўляецца на небе Зарніца (Вечарніца) — найбольш спрыяльны час сутак для «шаптання». Таксама не трэба блытаць і атаесамляць боства зары з боствамі ранішняй і вячэрняй бачнасці Венеры, нягледзячы на падабенства іх функцый у замовах. Беларускаму боству зары будуць адпавядаць вед. Ушас, гр. Эас, лац. Аўрора, літ. Аўшра, лат. Усыньш, а Зарніца і Вечарніца з’яўляюцца самастойнымі персанажамі, хаця назва «зара-зараніца» часам у замовах адносіцца і да зары, і да Венеры. Зарніца і Вечарніца ў замовах узгадваюцца разам ці паасобку і маюць назвы і пазначэнні: Вячэрняя зара-зараніца, усяму свету памачніца; Зоры-зараніцы, божы памашніцы; Дзве зары-зараніцы, родныя сястрыцы; Зоры-заранічкі, божы памашнічкі; Ранішняя зараніца, божая памашніца; Вячэрняя зарніца, гасподняя памачніца; Зоры-зараніца, гасподні памашніцы; Зоры-заранічкі, Богу памачнічкі; Зарніцы, родныя сястрыцы; Зоры-зараніцы, красныя дзявіцы; Ранняя (Вячэрняя) зорачка і інш. Зара ў сваю чаргу мае назвы: Зара-зараніца, Гасподня памашніца; Зара-заранічка, божая памачнічка; Зара зарушчая; Святая гасподня, вялікая зара-зараніца, (рабы Дар’і) памашніца; Ранная зара; Ранняя зарыца, усяму свету памачніца; Зара-зараніца, божая памашніца; Зара-зараніца, спутняя памашніца і інш. У замовах Зарніца і Вечарніца дапамагаюць людзям самі, ці з’ўляюцца пасярэднікамі паміж людзьмі і Богам, да якога звяртаюцца па дапамогу. Звычайна згадваюцца дзве зары, але ёсць і замовы, дзе іх тры, напрыклад: «На моры, кіяне ляжыць тры псы: адзін чорны, адзін рабы, трэці белы. Чорны выбрэхуя вячэрнюю зару, а рабы палуношную, а белы ранешнюю»[17]. Магчыма, тут адбылося сумяшчэнне павер’яў аб дзвюх зарніцах (сёстрах), якія памагаюць людзям і аб трох Долях (таксама сёстрах), якія вызначаюць лёс кожнага чалавека. Паданне аб трох Долях запісаў А. Сержпутоўскі[18]. Можа ўзнікнуць пытанне, а чаму ў замовах Долі выступаюць як зоры (зоркі)? Адказ на гэтае пытане лёгка адшукаць: сузор’е Арыёна (дакладней яго частка — Пояс Арыёна) мае назву «Тры сястры», і складаецца з трох зорак, выцягнутых амаль у правільную простую лінію. Таму павер’і, якія адлюстраваны на зорным небе, маглі сумясціцца. У выніку можна адзначыць наступнае. Вобраз планеты Венера знайшоў адлюстраванне ў беларускім фальклоры і традыцыйных павер’ях. У народнай свядомасці Венера ўспрымалася як два асобныя нябесныя целы — Зарніца і Вечарніца, падзел якіх адбыўся ў адпаведнасці з часам, калі планета бачна на небе, прычым яны не атаесамляліся. Прасочваюцца два міфалагічныя сюжэты з удзелам Зарніцы і Вечарніцы:
Венера адлюстроўвае ў міфалагічнай свядомасці жаночы, мацярынскі пачатак. Дзве яе бачнасці часта выступаюць як «Госпаду Богу памалюся, Прачыстай мамке пакланюся, я з словам, Бог з помаччу. Зоры-заранічкі, божыя памашнічкі, памагалі Богу, памажыце і нам…»[19]. Да Венеры (Зарніца, Вечарніца) звяртаюцца ў замовах ад усіх хвароб і напасцяў, з практычнымі гаспадарчымі мэтамі, бо Венера — прадстаўнік нябеснай сферы, мае боскі характар, мае сувязь з Богам і з’яўляецца пасярэднікам паміж людзьмі і ім. Зарніца і Вечарніца таксама спрыяюць дабрабыту і дастатку. Акрамя таго, месцазнаходжанне Венеры на небе служыла сродкам для вызначэння часу і арыентацыі ў прасторы.
Літаратура:
|

У народнай свядомасці Венера ў сваёй ранішняй (Зарніца) і вячэрняй (Вечарніца) бачнасці не атаесамляецца