Палессе – «палессе», «падляшша» альбо «край вялікіх балотаў»?

Юратэ Сафія Лаўчутэ   

Палессе — тэрыторыя, заселеная усходнімі славянамі (пераважна беларусамі і ўкраінцамі, што размаўляюць на самабытным — «паляшуцкім» — дыялекце), што ахоплівае паўднёвую частку Беларусі, паўночную Украіну, некалькі суседніх раёнаў заходняй Расіі, акрамя таго крыху заходзіцьна тэрыторыю заходніх славянаў (Польшчы) і займае заходнюю частку басейнаў Нёмана і Нарэва, дзе яна часам не зусім слушна называецца Падляшша (Подляшье) (Агеева 1990, 50). Звычайна тэрыторыя Палесся вызначаецца басейнамі рэк, што праз яе працякаюць, таму Палессем называюць увесь басейн правага прытоку Дняпра Прыпяці і частка левабярэжнага Падняпроўя.

Гаворкі славянскіх жыхароў Палесся ўтварылі дыялектную зону, званую Палескай, якая пачала фармавацца ўжо ў раннім сярэднявеччы на аснове гаворак усходніх славянаў. Па татарскім нашэсці левабярэжнае Падняпроўе перажыло заняпад, праз якое зніклі мясцовыя стараславянскія гаворкі. Пазней на паўднёвыя раёны Палесся пачалі ўплываць украінскія дыялекты, а з поўначы ў іх пачалі прасочвацца асаблівасці беларускіх дыялектаў. Аднак найбольшы ўдар гаворкам і аўтахтоннай гісторыі Палескага рэгіёну нанесла Чарнобыльская трагедыя, праз якую ў іншыя раёны Беларусі, Украіны і Расіі былі вымушаныя эміграваць цэлыя вёскі.

Традыцыйна на Палессі вылучаюцца Заходне-Палескія (паўднёвая частка Берасцейскай вобласці, поўнач Валынскай і Ровенскай абласцей) і Сярэдне-Палескія (паўднёвая частка Гомельскай вобласці, паўночныя раёны Жытомірскай і Кіеўскай абласцей) дыялекты (Широков 1985, 262). Межамі гэтых дыялектных зонаў лічацца прытокі Прыпяці Ясельда і Гарынь. Этнічныя насельнікі Палесся — называныя палешукамі — яшчэ падзяляюцца на заходніх (пінчукі — насельнікі Пінскага раёну, «брэсчукі» альбо «брэсцюкі» — насельнікі Берасьцейскага раёну, і падляшцы — частка насельніцтва ўсходняй Польшчы), паўночных (між рэкамі Ясельдай і Беразіной) і паўднёвых (жыхары ўкраінскага Палесся).

Палессе асабліва істотнае гісторыяй найстаражытныхузаемадачыненняў балтаў і славянаў, асабліва ягоная анамастыка і археалагічныя помнікі, якія сведчаць, што гэта магла быць зона найранейшых балта-славянскіх кантактаў, а заходнюю ўскраіну Палесся, што мяжуе з паўночна-ўсходнімі подступамі Карпацкіх гораў, некаторыя славісты (М. Фасмер ды інш., параўн. Супрун 1989, 150) схільныя лічыць і прарадзімай славянаў. Паводле меркавання многіх славістаў, Палессе ёсць нават адной з найістотных зонаў архаічнага славянскага ўсясвету, у стасунку як мовы, так і матэрыяльнай і духоўнай культуры. (Параўн.: «Более тридцати лет этот славянский регион был объектом внимания специалистов разных гуманитарных дисциплин как один из архаических в этнокультурном отношении регионов славянского мира, сохраняющий до наших дней языковые, обрядовые, фольклорные реликты ушедших веков», Толстая 1996, 47).

Па меркаванні некаторых археолагаў (Сядоў 1979 ды інш.), славянскія плямёны на Палессі пачалі ўтварацца ў сярэдзіне І тысячагоддзя, калі там з’явіліся помнікі археалагічнай культуры тыпу Прага-Корчак. Да таго часу сярод плямёнаў, што насялялі Палессе, дамінавалі балцкія плямёны (заходнія і дняпроўскія). Таму ў пэўным сэнсе гісторыя Палескіх славянаў — гэта і гісторыя асіміляцыі дагістарычных балцкіх плямёнаў, што там жылі.

Дарэчы, сляды старажытных заходніх балцкіх плямёнаў, якія жылі на Палессі і «затанулі»у ягоных балотах, уздымаюццана паверхню часамі у цалкам нечаканых формах. Напрыклад, у 80-х гг. мінулага стагоддзя палескія патрыёты спрабавалі стварыць самастойную «паляшуцкую» літаратурную мову, якую спачатку называлі «русінска-палескай» мовай (русинско-полесский язык), а пазней пачалі называць ятвяжскай (ятвяжский) мовай. Такі выбар, па словах Н.М. Талстога, прадвызначыла «слаба абгрунтаванае меркаванне, што старажытнымі продкамі палешукоў былі ятвягі» (Толстой 1995, 399).

Магчыма, сапраўды занадта смелым было б лічыць усіх жыхароў Палесся сапраўднымі нашчадкамі ятвягаў, аднак балцкіх слядоў маецца процьма і ў лексіцы палескіх дыялектаў, і ў этнаграфіі, і ў анамастыцы. На Палессі зафіксавана параўнальна шмат апелятыўных запазычанняў з балцкіх моваў, якія характэрныя толькі для гэтага рэгіёну, напрыклад: гудище ‘зарослая лесам нізіна’ (усходняе Палессе: чарнігава-сумскія дыялекты) ← прус. gudde ‘кустоўе’; зальва ‘маладое шчаўе, што расце каля хаты’ (паўднёва-заходняе Палессе), параўн. балцкія тапонімы Želvà (= белар. Зэльва), возера Zálvas, рака Zálvė ды інш.; ховп ‘невялічкі пагорак са спусцістымі бакамі, узгорак’ (жытомірскі і львоўскі дыялекты) ← балт., параўн. літ. kaũpas; зáкензлы ‘цуглі’ (паўднёва-заходняе беларускае Палессе), хутчэй за ўсё праз польскае дыялектнае zakiełznąč ‘зацугляць каня’ з метатэзай ад *заке(н)лзы, параўн. беларускі балтызм келзы ‘цуглі’, кілзаць ‘цугляць’; палі ‘нізінны рэльеф’ (усходняе ўкраінскае Палессе) ← літ. pãlios ‘вялікія балоты’, лат. paļi ‘забалочаны бераг возера’ ды інш. (усе прыклады з: Laučiūtė 2003, 21 — 24; дадаткова гл. Лаучюте 1982).

Нават і сёння мясцовыя жыхары называюць балоты, што распасціраюцца на поўнач ад Прыпяці, «літоўскае Палессе», на поўдзень — «валынскае Палессе», а балоты на захад ад верхняга цячэння Прыпяці — «польскае Палессе». Даўнейшыя польскія гістарычныя крыніцы фіксуюць насельнікаў тых месцаў — племя polexiani, якое часам спрабуюць атаясаміць з адным з заходне-балцкіх плямёнаў — звычайна, з ятвягамі. Пра тое, што там калісьці жылі балты, нагадваюць і некаторыя назвы вёсак заходняга Палесся (Берасцейская вобласць: Бастынь, Каўняцін, Сварынь, Роўбіцк) і цэнтральнага Палесся (Гомельская вобласць: Заспа, Піркі ды інш.).

Мноства балцкіх слядоў на Палессі матывуе больш уважліва заглыбіцца і ў паходжанне самой назвы Палессе. Славісты (і не толькі, напрыклад, С. Даўкантас) звычайна схільныя звязваць гэтую назву з усх. слав. словам ’лес«і прыстаўкай «по-», паводле такой самай мадэлі, як і «река» — «по-речье», «берег» — «по-бережье» і пад. Аднак маецца падстава меркаваць, што такая этымалогія — тыповы прыклад народнай этымалогіі. Так меркаваць дазваляе немалая колькасць фактаў:

  1. Нават тыя мовазнаўцы, якія этымалагічна звязваюць назву Палесся з лесам, то бок Палессе — «лясістая мясціна», не пакідаюць убаку аналогіяў з балцкімі назвамі Palà, Pelesà, Pelysa, пазначаючы, што ў літоўскай і латышскай мовах яны азначаюць «балоцісты лясок» (? — Ю.Л.), і адносячы назву Палессе да «балта-славянскага» корпусу каранёў. Аднак лексіколагам-этымолагам мусібыць зразумела, што супольны корань у назвах Polesė, Pelesà ціPelysa магчыма пабачыць хіба што ў тым выпадку, калі цалкам адкінем этымалагічную і семантычную сувязь з славянскім «лес» і засяродзім увагу на балцкіх фактах.
  2. У балцкіх мовах маем цэлую групу назваў мясцінаў, у якіх з лёгкасцю можна вылучыць корань Pal-/Pel-: літ. рака Palà, Palangà, Palėja, Palinis, возера Palaĩkis, рака Pelà, Pelesà, Pelyšà, лат. рака Pala, луг Palejas, рака Pęlaды інш. Яны паходзяць ад фізіяграфічных тэрмінаў: літ. рalà ‘балота, ройст’, pãlios ‘вялікія балоты на месцы зарослыхазёраў, чысціні’, *pela ‘балота/пелька’, лат. palas, paļas‘балоцісты бераг возера’ (Vanagas 1981, 241). Балцкія словы маюць адпаведнікі і ў іншых індаеўрапейскіх мовах: дакская pala ‘балота, пелька’, тракійская Palae, лацінская palus ‘балота’ і г.д. (LEW 532 т. ды інш.; Э. Фрэнкель мяркуе, што той самы корань маюць і лат. palts, palte ‘лужына, рачулка’ і гідронім Палата). Анамастычнымі вытворнымі ад згаданых каранёў лічацца і некаторыя зафіксаваныя ў славянскіх землях назвы мясцінаў: вёскі ў Беларусі Пéлішча (зах. Палессе); вёска і лес каля яе Палюшына, Палюшынскі (зах. Палессе), Пелякà (Віцебская вобл., магчыма звязаная з pélkė), Пялікі (Віцебская вобл.). Пелесà (Гарадзенская вобл.), возера і вёска Пялíк, варыянт Палíк (Менская вобл.), рака Пéла (прыток Вяллі, басейн Нёмана), рэкі Пелéка, Пелесà (басейн Нёмана); возера Пелік (басейн Дняпра, па меркаванні В.Тапарова, гэта адпаведнік прускага Pelike, ТТ 201, гл. таксама ТТ 202); лясок Палé (Менская вобл.); луг Паліёва (зах. Палессе); гідронім у Расіі Полутинский (басейн Акі; Ю. Аткупшчыкоў выводзіць яго з памяншальнай формы ад апелятыву pãlios- *paliùtė(s), параўн. рака Рaliùtė (Откупщиков 2004, 90)). Чаргаванне галосных е/а ў каранях — ня ёсць чужая для балцкіх моваў з’ява. Яна здараецца, як мяркуецца — спарадычна, і ў іншых словах, параўн. літ. belà ‘балота’, ‘расліна сямейства люцікавых, анэмон’ побач з часцей ужываным літ. bа ‘тое самае’, stabulė : stebulė і г.д. (Karaliūnas 2004, 132).
  3. Звяртаецца ўвага і на зафіксаваныя ў славянскіх мовах аднакарэнныя апелятыўныя запазычанні з балцкіх моваў: гэта ўжо згаданае ўкраінскае (усходне-палескае) пáлі ‘нізінны рэльеф’, якое, мяркуючы паводле арэалу, ёсць рэшткай усходне-балцкага субстрату; параўн. вытворнае словатаго самага караня ў польск. polwy/pulwy ‘улетку сухія, а ўвесну заліваныя прырэчныя лугі ля Нарэва ў ваколіцах Ломжы’, якія А.Непакупны лічыць запазычаннямі з прускага pаlwепалявы / дзікі, бязлесы, балоцісты край’ (Непокупный 1976, 139 142).
  4. Магчыма было б таксама абаперціся і на фізіяграфічныя асаблівасці згаданага рэгіёна: найхарактэрная асаблівасць для Палескай зоны — нізінны рэльеф і мноства балотаў, зарослых ці адкрытых багнаў, ройстаў. Балоцістасць мясцінаў кідаецца ў вочы больш, чымся нераўнамерна размеркаваныя лясныя выспачкі. Напрыклад, апавядаюць, што кароль Швецыі Карл ХІІ, пераследуючы рускае войска, дагнаў да Пінску. Караля так уразіў бяскрайні Палескі акіян азёраў, балотаў, рэкаў, што ён напісаў на сцяне вежы Пінскай езуіцкай калегіі: «Non plus ultra» — «на тым баку нічога больш няма». Таму больш імаверна, што выбраўшы ў якасці асновы назвы такое слова, якое фізіяграфічна характарызуе Палессе, старажытныя жыхары Палесся ці іхнія суседзі імкнуліся падкрэсліць балоцістасць, вільготнасць тэрыторыі, нізіню рэльефа.
  5. Нарэшце варта было б звярнуць увагу і на семантыку вытворных словаў ад караня (асновы?) полес- у суседніх славянскіх мовах. Параўн. рус. «полесье» 1. ‘вялікі казённы лес, што цягнецца ад Арлоўскай да Маскоўскай губерні’, тамбоўскія, тульскія, арлоўскія дыялекты; 2. ‘галіна дрэва’, цвярскі дыялект; 3. ‘паляванне’, аланецкія дыялекты (СРНГ 1995, 60); 4. ‘лясістая мясцовасць’ (СРЯ 1953, 303); 5. ‘балоцістая мясцовасць, аброслая рэдкім лесам’ (СРЯ 1984, 257); полескóй ‘той, што знаходзіцца на полі, знадворны’, курганскія дыялекты; полéсица ‘сочыва; ні тое ні сёе, лухта (пра змест размовы)’, пскоўскія, цвярскія дыялекты (СРНГ 1994, 58). Між тым, значэнне, што паслядоўна звязвае мясціну з лесам, характэрнае для слова іншага ўтварэння — подлесье: 1. ‘месца, участак каля лесу’, яраслаўскія, варонежскія дыялекты; 2. ‘невялікі лясок’, смаленскія дыялекты; 3. ‘ускраіна лесу’, наўгародскія, смаленскія, варонежскія дыялекты; 4. ‘бязлесая пляцоўка, участак’, свярдлоўскія дыялекты (СРНГ 1994, 63). Дарэчы, апошняе значэнне характэрнае толькі для дыялектаў пазнейшых перасяленцаў з раёнаў цэнтральнай Расіі, таму лічыцца новым і незаканамерным.

Такім чынам стварылася ўражанне, што корань полес- у славянскіх дыялектах не меў цэльнай, яснай семантыкі. Часам семантыка звязваецца з «лесам», а часам — з «полем». Такая нематываваная семантыка, таксама — і разнастайнасць асноўнага \ карэннага слова звычайна характэрныя для выпадкаў, калі ў сістэму мовы спрабуюць уціснуцьзапазычанне.

Які геаграфічны тэрмін ці тапонім мог паслужыць сапраўднай крыніцай запазычання, сёння сказаць цяжка. Магчыма для назвы цэлага рэгіёну мог быць абагулены (а пазней аславянены) якісьці гідронім, напрыклад, Pel-es. У гэтым выпадку зычны -s-належыць да балцкіх гідранімічных суфіксаў (параўн. рака Lauk-es-à = усх. слав. Лучеса, Pyv-es і г.д.). Аднак не адкідаецца і дапушчэнне, што ў аснове назвы рэгіёну Polesė- апелятыў балц. *palios ‘вялікія балоты’. У такім выпадку зычны -s- у назве Палесся будзе рэшткай закасцянелага апазнавальнага балцкага канчатка множнага ліку. Падобных закасцянелых канчаткаў, улучаных у аславянены балтызм, маецца больш: белар. (Палессе) кул-іс-ок — ‘не дарэшты абмалочаны сноп’, поруч з больш шырока распаўсюджанай у дыялектах беларускай, польскай, рускай і украінскай моваў больш аславяненай формай куль — ‘вялікі сноп ці ахапак саломы, сена, ільну і пад.’; рус. (Архангельская вобл.) дреб-ус-ина ‘твань, багна’, дзе ўсярэдзіне «захрас» канчатак -us- балцкага прыметніка dreb-us ‘той, што дрыжыць, трасецца’.

Сувязь назваў мясцінаў з апелятывамі, што азначаюць «нізкую, балоцістую мясцовасць», мае тыпалагічна-семантычныя паралелі і ў іншых мовах, параўн. назву гістарычнай вобласці Рымскай імперыі Pannonia, якая ўзнікла з тапоніма *Pannona і звязваецца з словам ілірыйскай мовы таго самага кораня, якое азначае «балота», свайго кшталту роднасныме прускаму pannean ‘балота’. Такім чынам у ілірыйскай мове *Pannona магло азначаць ‘балотны горад’, а назва возера Балатон (Balaton) у сучаснай Вугоршчыне выявілася славянскай семантычнай калькай ілірыйскага тапоніма, параўн. праслав. *bolto ‘балота’ (Трубачев 1992, 6).

Нарэшце, як бы ні тлумачылі паходжанне тапоніма Polesė, ужо сама фармулёўка пытання матывуе мэтанакіравана пацікавіцца назвамі балотаў ці нізкіх, вільготных мясцінаў балцкага паходжання ў славянскіх мовах. Кідаецца ў вочы, што гэта — адна з найбольш шматлікіх і яркіх групаў тэрмінаў, якая характэрная не для вандроўных культурных запазычанняў, а для субстратнай спадчыны.

Акрамя ўжо згаданых вышэй назваў балцкага паходжання «палі», «дребусина», у розных дыялектах славянскіх моваў зафіксаваныя яшчэ некалькі дзясяткаў балтызмаў з падобным значэннем. У навуковай літаратуры даволі часта згадваюцца гэтыя балтызмы: белар. алес — ‘твань, багна: балота ў лесе’, больш пашыранае ў заходняй Беларусі; польск. alos ‘балота, багна’ (на польска-беларускім памежжы); рус. алёс — ‘мокрае месца, твань’ (Смаленшчына, Падняпроўе); укр. ольос — ‘прыгожы лес, падзелены высечкамі; багна’ (Палессе), alos‘тое самае’ (памежныя беларуска-ўкраінскія дыялекты Белавежскай пушчы) ← з балцкага, параўн. лат. alots ‘крыніца’ (гл. Лаучюте 1982, 9 ды інш.);

белар. (паўн.-зах.) кýдра — ‘лес на балоце’, ‘сажалка, гаць’, кудрá ‘малое азярцо’, кýдзярка ‘невялічкі лясок на полі ці ўсярэдзіне балота’ і г.д.; польск. (дыялекты ў Літве) kudra, kuderka, kudziarko ‘азярцо’; укр. (паўн.-зах. Палессе) кýдра ‘невялікая сажалка, выспачка лесу’ ← з літ. kūdra, kūdrà ‘сажалка; невялікае балотца; мокрая зарослая кустоўем мясціна’ (гл. Лаучюте 1982, 37 ды інш.);

белар. мярéча, рус. дыял. мерéча, мярéча ‘вільготнае, мокрае месца; балота’ ← з балцкага, параўн. літ. markà ‘яма, сажалка, каб мачыць лён’, merkti ‘замочваць у вадзе’, лат. mērce ‘мачанка / соус’, mērkt ‘замочваць; увільготніваць, адмочваць’ і г.д.; таксама параўн. рус. рака Мерка (басейн Масквы-ракі), назва якой паходзіць з балцкіх моваў (больш падрабязна — Откупщиков 2004, 86);

белар. пéлька ‘невялікае скапленне вады’, пель ‘балота’ — па ўсім Палескім рэгіёне; у польск. пісьм. помніках pelca, pełka(ła) ‘кепская зямля; нізіна; балота’; рус. пéлька ‘палонка’ (зах., Браншчына); укр. пéлька ‘палонка’, пелá ‘вялікая поўная вадой яма’ (Палессе) ← з літ. pélkė (Лаучюте 1982, 19 т. ды інш.);

белар. рóйст(а), варыянт — рóйства, райставíна ‘балота, балоцістая мясцовасць’; польск. дыял. (паўн-ўсх. і ў Літве) rojst(o), rojsta ‘балоцістае месца, ройст’; рус. ройст (дыялекты ў Літве) ‘зарослая кустоўем балоцістая мясціна’ ← з балцкага, параўн. літ. raĩstas (Лаучюте 1982, 33 ды інш.);

белар. літар. твань ‘топкае месца, твань’, рус. дыял. (зах., паўдн.-зах. і цэнтр.) твань, дыял. варыянт — тваль, тванья, квань ‘топкае месца, твань’; укр. дыял. твань, тваль ‘топкі густыбруд у рэчцы, балоце’ ← з балцкага, параўн. літ. tvãnas‘паводка’, tvìnti‘разлівацца паводкай’, patvanys ‘перыяд пасля паводкі’, лат. tvans ‘вонь, смурод’ (Лаучюте 1982, 40; інш. — K. Būga, V. Urbutis).

Тут згаданыя толькі тыя запазычанні, што пашыраныя ў дзвюх ці больш славянскіх мовах, але такіх тэматычных групаў балтызмаў маецца больш.

Да субстратных назваў балотаў балцкага паходжання магчыма аднесці і некаторыя словы, зафіксаваныя толькі на вузкай тэрыторыі, якая не мяжуе з сучаснымі арэаламі распаўсюду балцкіх моваў, такія як: укр. (Палессе) бедра ‘затопленая лагчына, раўніна; яма’ ← лат. bedre ‘яма; выежджанае месца на дарозе’ ← літ. bеdrė «яма», параўн. таксама лат. bedriens ‘месца, дзе шмат няроўнасцяў, ямаў’ (Невская 1972, 318; Лаучюте 1982, 91). А. Непакупны, які раней лічыў гэтыя словы балтызмамі, пазней аднёс іх да ўсходне-славянскіх дыялектызмаў, агульнага паходжання з адпаведнымі балцкімі словамі (Непокупный 1975, 11); да праславянскай лексікі іх адносіць А. Анікін (Аникин 1955, 68; таксама Топоров ПЯ 1975, 205). У славянскім паходжанні гэтага слова змушаюць сумнявацца семантычныя і марфалагічныя (жаночы род) асаблівасці гэтыхславянскіх дыялектызмаў, што характэрныя толькі для таго арэалу, дзе несумнеўна дзейнічаў балцкі субстрат, і маюцьадпаведнікі менавіта ў балцкіх мовах. Субстратнымі балтызмамі лічацца нават гэтыя геаграфічныя тэрміны: рус. пурвиж ‘тарфянае балота’ (аланецк., Лаучюте 1982, 90); мелда ‘белаватая ілістая глеба’ (валаг., Лаучюте 1982, 120); балда ‘зарослае, поўнае карасёў возера’ (ярасл., паволг.), і варыянты бáлдавина ‘цяністае возера, дзе водзяцца карасі’ (растоў.), балдóвина ‘тое самае’ (ярасл.); рус. лома (пскоў., цвяр.), лом ‘балота, ройст’ (пскоў., цвяр.), стараж. рус. ломь, ломá ‘гаць’ (кастрам.), лáмы ‘луг, зарослы дробным лесам, кустоўем, часам заліваны вадой’ (пскоў.), ламь ‘пустка, дзірван’ (наўгар.), лáма ‘балоцісты луг’ (арханг.), ломь ‘балота’ (свярдл.), ломы ‘заліваны луг у ніжнім цячэнні ракі’ (пскоў., цвяр., параўн. назву луга на Пскоўшчыне — Ломы); белар. у пісьм. помніках лом ← лат. lāma‘балота, пелька, багна’ (Лаучюте 1982, 55) ды інш.

Пра тое, што рускія дыялектныя словы, якія азначаюць ‘балота; заліваны луг’ і пад., магчыма ёсць запазычанымі з вытворных ад балцкіх каранёў lam-/lom-, могуць сведчыцьі шматлікія славянскія гідронімы, балцкае паходжанне якіх ужо абмеркаванае ў навуковай літаратуры. Напрыклад: рака Лама (верхняе цячэнне Волгі, Топоров 1972, 233), возера Ломок, рака Ламша (басейн Акі, Откупщиков 2004, 96), Ломна, Ломенка (бассейн Дняпра), ды Lomno, Łomne (басейн Віслы), Łome, Łomene (басейн Эльбы, Топоров 1972, 233). Найверагодней таго самага — балцкага — паходжання і гэтыя яшчэ не этымалагізаваныя гідронімы басейна Акі: Ламенка, Ламенная, Ламенской, Ламка, Ламо, Ламовис, Ламота, Лом, Лома, Ломенка, Ломна, Ломной, Ломля, Ломы (ГБО 26, 87, 224, 30, 58, 246, 220, 251, 191, 268, 163, 16, 103) ды група беларускіх мікратапонімаў: вёска Ломы (Берасцейская вобл.), поле Ламака, лес Ламы, Ламкі ды інш. (Менская вобл.). Этымалогію як апелятываў з коранем lam-/lom-,так іхніх анамастычных вытворных робіць больш складанай чаргаванне а/о ў корані, якое характэрнае і для балцкіх словаў, і для іх адпаведнікаў у славянскіх мовах, параўн. прус. Lamen, Lammoten, літ. Lomà, Lomnà, лат. Lame, Laminu purvs, курш. Lammato ды інш.).

Спадчынай балцкага субстрату лічыцца і рус. дыял. дребь ‘ройст, балота’ (аланецк. ды іншыя паўн.-рус. дыялекты), ‘балота, багна, зарослая лесам’ (арханг., пскоў.), дреби ‘яловы гушчар’ (наўгарод.), дреб ‘балоцістае месца, зарослае лесам ці кустоўем’ (аланец.), дреб-езуна ‘вязкае месца’ (свярдл.), параўн. таксама дзеяслоў дребеть ‘трэсціся / бразгатать’ (іванаў.). Фанетычным варыянтам ад дребь магчыма мусіць лічыцца і слова дряб ‘месца, парослае кустоўем’ (цвяр., СРНГ 1994, 225). Зважаючы на арэал, які характэрны для рускіх дыялектаў, што зазналі ўплыў балцкага субстрату (вядома, ня ўлічваючы пазней каланізаваныя рэгіёны Уралу, Паволжа і Сібіры), на фанетыку (каранёвая -е-) ды спецыфічную «балотную» семантыку, словы з каранём dreb- у рускай мове звязваюцца з літ. drebėti ‘дрыжэць, трэсціся’, drebùs ‘той, што дрыжыць, трасецца’ (Э. Фрэнкель падаў толькі форму drabùs ‘той, што дрыжыць, трасецца’ LEW 102, а LKŽ II 623 і 675 падае абедзве формы), лат. drebêt ‘дрыжэць, трэсціся’ і г.д., прус. dirbinsnаn (выпраўлена на dribinsnan) ‘дрыжэць’. Некаторыя даследчыкі гэтыя словы лічаць роднаснымі з рус. дыял. (наўгарод.) дробеть ‘не насмельвацца, быць сціплым’, дробкой, дробной ‘нясмелы’ (Būga 1958, 437; LEW 103), якія далей звязваюцца з рус. дробь.

Такім чынам, зважаючы на семантычныя, этымалагічныя, арэальныя асаблівасці тапоніма Палессе, маюцца сур’ёзныя падставы сцвярджаць, што гэта — назва балцкага паходжання, што азначае край «вялікіх балотаў», а семантычныя сувязі з «лясамі» з’явіліся пазней, калі ўсходне-славянскія плямёны пачалі асвойваць і край, і ягоныя балцкія назвы мясцовасцяў.

З літоўскай мовы пераклала Надзея Бабіч паводле: J. S. Laučiūtė, Polesė – „pamiškė“, „palenkė“ ar „didelių pelkių kraštas“? // Baltistica. XLI (3). 2006. P. 451—459.


Літаратура

  • Būga K., 1958, Rinktiniai raštai, I, Vilnius.
  • Karaliunas  S., 2004, Baltų praeitis istoriniuose šaltiniuose, I, Vilnius.
  • Laučiute J.S., 2003, Vakarų baltų kilmės žodžiai Polesės slavų tarmėse, — Vakarų baltų kalbos ir kultūros reliktai, IV (=Tiltai, Priedas Nr. 14, Klaipeda), 21—24.
  • Vanagas  A., 1981, Lietuvių hidronimų etimologinis žodynas, Vilnius.
  • Агеева Р.А., 1990, Страны и народы: происхождение названий, Москва.
  • Аникин А., 1995, К изучению балто-славянских лексических связей, Москва.
  • ГБО — Г.П. Смолицкая, Гидронимия бассейна Оки, Москва, 1976.
  • Лаучюте Ю.С., 1982, Словарь балтизмов в славянских языках, Ленинград.
  • Невская Л.Г., 1972, Словарь балтийских географических апеллятивов, — Балто-славянский сборник, Москва.
  • Непокупный А.П., 1976, Балто-севернославянские языковые связи, Киев.
  • Откупщиков Ю.В., 2004, Древняя гидронимия в бассейне Оки, — Балто=славянские исследования, Москва, 83—114.
  • Седов В.В., 1979, Происхождение и ранняя история славян, Москва.
  • СРНГ — Словарь русских народных говоров I -, Ленинград (Санкт-Петербург), 1965 — .
  • СРЯ 1953 — Словарь русского языка, сост. С.И. Ожегов, Москва.
  • СРЯ 1984, Словарь русского языка III, Москва.
  • Супрун А.Е., 1989, Ведение в славянскую филологию, Минск.
  • Толстая С., 1996, Этнолингвистическое изучение Полесья: состояние и перспективы, — Полiсся, Киiв, 47 — 54.
  • Толстой Н.И.. 1995, Этнокультурное и лингвистическое изучение Полесья(1984 — 1994), — Славянский и балканский фольклор, Москва.
  • Топоров В.Н., 1972, «Baltica» Подмосковья, — Балто-славянский сборник, Москва.
  • Топоров В.Н., 1975, Прусский язык. Словарь, A — D, Москва.
  • Трубачев О.Н., 1992, Языкознание и этногенез славян, VII, — Этимология. 1988 — 1990, Москва.
  • ТТ — В.Н. Топоров, О.Н. Трубачев, Лингвистический анализ гидронимов Верхнего Поднепровья, Москва. 1969.
  • Широков О.С., 1985, Введение в языкознание, Москва.
 

Глядзі таксама:

балтыіншыя аўтарыбалтызмылінгвістыкаэтнагенез
433.04 ms