EnglishFrenchGermanPolishRussianLatvianLithuanianUkrainian

Дзеля чаго мы змагаемся?

Гіём Фай 21.05.2009 г. 623   
Спартанец, выява з Thule Seminar

Па той бок застарэлых палітычных сістэм (усё адно, якое адценне яны на сабе маюць: сацыял-дэмакратыі, лібералізму, камунізму, юдэа-хрысціянства або амерыканскага ладу жыцця) новая культура Еўропы пакліканая прапанаваць альтэрнатыву для паўсталага стану «антыкасмапалітаў» і «антымандыялістаў», г. зн. для ўсіх тых, хто — як злева, гэтак і справа — адмаўляе руйнаванне культураў і расавую смерць Еўропы. Гаворка пра гістарычнае змаганне дзеля аднаўлення супольнай Бацькаўшчыны. Гутарка пра будучае Еўрапейскае Валадарства.

«Новыя правыя», што ўзніклі пры канцы 60-х гадоў у Францыі, — гэта інтэлектуальны рух, які ахоплівае часопісы, сябрыны, аб’яднанні і сеткі ўплыву. За 15 год гэты рух стварыў ідэалагічную канструкцыю, якую трэба ўспрыймаць гэтак жа сур’ёзна, як і ўсё, зробленае марксізмам і лібералізмам, чым і абумоўлены значны ўплыў руху на ход грамадскіх дэбатаў не толькі ў Францыі, але ўжо гэтаксама ў Бельгіі і Італіі. Як удзельнік гэтага інтэлектуальнага руху, які спачатку ўзнік вакол філосафа Алена дэ Бенуа, на пытанні «Дзеля чаго вы мысліце? Дзеля чаго пішаце? Дзеля чаго ўплываеце на грамадства, бы той гурток мысляроў перад Французскай рэвалюцыяй?» я хацеў бы адказаць парадаю: не пытайцеся ў нас, нашто мы мыслім, пішам, публікуем; лепш пацікаўцеся, чаму мы змагаемся.

Рэч такая, што нашыя намаганні на стварэнне і пашырэнне ідэяў і каштоўнасцяў можна прыраўнаваць хутчэй да гістарычнага змагання, што мае метапалітычную істу (від культурнай і ідэалагічнай вайны), як да чыстай перадачы ведаў. Мы хочам зноў зрабіць часткай гісторыі праўдзівыя еўрапейскія каштоўнасці і светагляд. Яны былі зруйнаваныя, так бы мовіць, эквівалентамі — «процікаштоўнасцямі», якія, на наш пагляд, і ёсць прычынаю сучаснага еўрапейскага дэкадансу.

Наш светагляд — гэта нешта большае за ідэалогію, ён адпавядае структуры з асноўных каштоўнасцяў, носьбітамі якіх вякамі былі еўрапейскія народы. Сёння мы — адзіныя, хто выступае за іх. Калі з нашай працы не будзе спору, дык ніхто больш яе не працягне, і тады еўрапейскія народы больш не змогуць уплываць на гісторыю. З гэтага вынікае, што наш чын мае гістарычнае значэнне ў сучасным грамадстве, бо ніхто іншы — ані справа, ані злева — не бароніць гэткага светагляду.

Толькі мы выступаем за аднаўленне еўрапейскага паганства, за рэанімацыю еўрапейскіх каштоўнасцяў, якія былі выціснутыя пасля працяглага працэсу разбэшчвання ідэямі юдэа-хрысціянства і яго усясветнай спадчыны — эгалітарнага індывідуалізму. Носьбітам пяцітысячагадовай еўрапейскай культуры з’яўляецца адзін толькі народ, аднародны ў сваіх асноўных рысах, але надзвычай разнастайны ў формах свайго праяўлення.

Народы лацінскага, элінскага, іспанскага, германскага, скандынаўскага, кельцкага ды славянскага паходжання ўсе паходзяць ад аднаго і таго ж антрапалагічнага, культурнага і лінгвістычнага кораня, як даводзіць сучасная гістарычная этнаграфія. Гэты «корань» — вынік злучэння  г. зв. «індаеўрапейскага» народу з лакальнымі, антрапалагічна роднаснымі народамі, якія пражывалі тады на тэрыторыі Еўропы. Індаеўрапейцы названыя гэтак, бо яны засялялі тэрыторыі ад скрайняга захаду Еўропы да індыйскага субкантыненту. Яны далі ўсім еўрапейскім народам іх культуру, іх мову і, значыць, таксама іх лад мыслення. Таму еўрапейскія народы ад пачатку сваёй гісторыі валодаюць аднолькавай культурнай, моўнай і антрапалагічнай спадчынай.

Вельмі рана ўзніклыя адрозненні можна параўнаць з рознымі меладычнымі лініямі ў адной сімфоніі, з рознымі вобразамі адной фрэскі. Рымскія і скандынаўскія багі — амаль аднолькавыя. Грэцкая і нямецкая мовы, кожная са сваімі адметнасцямі, маюць аднолькавы дух, яднаючыся праз сінтаксічныя і лексічныя структуры таксама з лацінскімі ды славянскімі мовамі. Разнастайнасць у адзінстве, мноства багоў і каштоўнасцяў у межах аднаго Сакральнага — вось дзе цэнтр цяжару індаеўрапейскай спадчыны.

У І ст. н. э. пад уплывам хрысціянства на наш кантынент праніклі ўяўленні пра каштоўнасці, што былі абсалютна чужыя еўрапейскай псіхіцы. Для ўяўленняў гэнага іншага свету ўласцівыя: дуалізм (прынцып адасаблення Сусвету ад адзінага Бога-Айца і ягонага закону, што немінуча вядзе да абясцэньвання гэтага, жывога свету); перавага абстрактнага індывіда, які шукае сваіх дабротаў і шчасця, над ідэяй супольнасці і ланцуга пакаленняў; актуалізацыя такіх абсалютнасцяў як метафізічная роўнасць усіх людзей або радыкальнае адмаўленне найвышэйшых этычных каштоўнасцяў (прыкладам, атрыманых у спадчыну або выбраных сувязяў, вернасці перакананням, далучанасці да народнай грамады).

Хрысціянству і яго «ідэалогіі» спатрэбілася многа часу, пакуль яны змаглі ўкараніцца ў думкі і звычаі. Рэлігійныя догмы, што развіліся ў межах каталіцтва і праваслаўя, сведчаць аб доўгай працы дзеля спалучэння паганскіх светаглядных мадэляў са «святою навукаю» хрысціянства. Вынікі гэтай працы сталі добра відаць толькі на пачатку Новага часу. Гісторыкі шторазу часцей пагаджаюцца з думкаю, што росквіт еўрапейскай культуры і цывілізацыі (збольшага праз навуку, мастацтва, права, горадабудаўніцтва, дынамічнае развіццё палітычнай думкі, заваёвы, нават выяўленне рэлігійнай веры (саборы)) адбываўся не дзякуючы хрысціянству, а насуперак яму.

«Еўрапейскія» рысы хрысціянства насамрэч з’яўляюцца рысамі еўрапейскай ментальнасці, якая не знікла. Зрэшты, сучасныя хрысціяне цалкам з гэтым пагаджаюцца, калі яны ўхваляюць «зварот да вытокаў» і паслядоўна выракаюцца еўрапейскай культурнай спадчыны, упікаючы цэрквы тым, што яна ім яшчэ рупіць.

На ўсёй гісторыі Еўропы адбіваецца сутыкненне каштоўнасцяў, «вайна багоў» між хрысціянаморфнай сведамасцю, што адваёўвае новыя пазіцыі, і паганскай псіхікай, што сваіх пазіцыяў не здае. Мабыць, да Фрыдрыха Ніцшэ еўрапейцы не ўсведамлялі гэтай «метафізічнай» вайны.

Калі хрысціянскі дух і ўплываў працяглы час пазітыўна на моц і гістарычную дынаміку еўрапейскіх народаў, дык за Новага часу ўсё карэнным чынам змянілася. Пашыраныя ў шмат якіх гістарычных фазах на ўвесь свет (з прычыны Рэфармацыі і Контррэфармацыі, ангельскай рэвалюцыі XVII ст., «асветніцтва» і французскай ды амерыканскай рэвалюцыяў XVIIІ ст., потым у сувязі з марксізмам і лібералізмам у ХІХ і ХХ стст.), укарэненыя ў хрысціянскай тэалогіі ідэі паклікалі да жыцця «эгалітарныя» ідэалогіі (названыя так дзеля ўяўнай прастаты), якія сёння апанавалі заходнюю сведамасць. Як «левыя», так і «правыя» належаць да гэтага ідэалагічнага хаўрусу. Мы — адзіныя, хто знаходзіцца ўбаку ад яго, выступае за аднаўленне іншага светагляду і мае, такім чынам, іншую ідэалагічную мэту.

Гэныя эгалітарныя ідэалогіі розняцца сродкамі, але сыходзяцца як у канчатковай мэце, гэтак і ў сваёй канцэпцыі свету, угрунтаванай на монатэістычным дуалізме. Для іх людзі аднолькавыя, калі гаворка ідзе пра канчатковыя мэты або абсалютныя каштоўнасці; адсюль вынікае абясцэньванне Бацькаўшчыны, крэўных повязяў і ідэі супольнасці.

Гэтая шкодная канцэпцыя даўгі час не магла мець аніякага негатыўнага ўплыву, бо дынамічная еўрапейская псіхіка (якая, аднак, у той жа час захоўвае памяць пра традыцыю, яе ўсведамленне) кіравала рухам народаў у гісторыі: у залежнасці ад патрэбы змушала іх трымацца гуртам або рвацца наперад. Сёння, наадварот, над культурным, дэмаграфічным і гістарычным існаваннем нашых народаў навісла пагроза, бо «эгалітарнае» разуменне свету ўжо занадта далёка сягнула ў сваім пашырэнні.

Г. зв. «еўрапейскі» светагляд, які карэніцца ў паганскай культуры і ўсеабдымнай псіхалогіі, імкнуўся ўсталяваць дух грамады, гістарычнае выжыванне, волю да ўлады насуперак індывідуалізму і пошуку шчасця. Да нядаўняга часу гэты светагляд нясведама «змагаўся» супраць прагрэсісцкіх або кансерватыўных ідэалогіяў, што накідвалі дзяржавам і грамадствам секулярызацыю хрысціянскага ідэалу (ідэалу вечнага шчасця, якое забяспечваюць індывідуальныя даброты) як канчатковай мэты. Насуперак гэтаму праз наш праект наноў сцвярджаецца еўрапейскі светагляд. Такім чынам, у ХХ ст. адбываецца відавочнае вяртанне ў сведамасць пачатковага еўрапейскага светагляду і захаванне для будучыні яго пазіцыяў, мэтанакіравана замацаваных у сучаснасці.

Пастаўленая мэта — вярнуць у гісторыю еўрапейскія народы і культуры, што цяпер загрузнулі ў летаргіі і заняпадніцтве, — набывае, такім чынам, падвойнае значэнне змагання і гістарычнага адраджэння. Змагання супраць сілаў смерці, што праз сучасныя ўяўленні пра каштоўнасці, пазіцыі і лад думання, нават праз нашую гістарычную спадчыну дамагаюцца таго, каб мы больш не маглі быць тым, чым мы, на наш пагляд, як еўрапейцы, былі заўсёды — народамі «Іліяды» і «Эдды», але не народамі «Бібліі». Адраджэнне мінуўшчыны мы, у адрозненне ад хрысціянства і паноўных ідэалогіяў, вытлумачваем не як «юдэйска-хрысціянскую цывілізацыю», а як «індаеўрапейскую культуру», дзеля таго, каб нашая будучыня мела за аснову тую форму мінуўшчыны, якая адпавядае нашаму духоваму ладу.

У сваім запавеце Бернард-Генры Леві ў сувязі з нашым праектам выказаў меркаванне, што сітуацыю можна ахарактарызаваць як змаганне між «Афінамі» і Ерусалімам: гэткую ж, але больш інтэнсіўную, як дзве тысячы год таму. У гэтым сэнсе мы хочам, каб паўсюль у Еўропе былі «грэкі».

Грамада як сіла аднаўлення

Наш чын, які (што выкладзена вышэй) трэба разумець як змаганне, і таму ў цяжкой працы ён выкарыстоўвае створаныя ідэі і каштоўнасці ў якасці зброі, цалкам падтрымліваецца грамадой, якую творым мы самі. Асноваю гэтай грамады ёсць наш светагляд, што ахоплівае ўсе з’явы жыцця; аднак нас лучаць не толькі людзі гэтай грамады, але і той факт, што мы пільнуемся гістарычных каштоўнасцяў. Кожны з нас — гэта носьбіт гэтых каштоўнасцяў: дзеля таго грамада нашмат мацнейшая за «грамадства», якое знікае адразу ж, як толькі разбураюцца яго структуры. У нашым выпадку сувязь не «механічная», а арганічная.

У гэтым сэнсе мы ўжо цяпер ужыццяўляем нашую канцэпцыю аб грамадскім жыцці. Праца, зразуметая як змаганне, надае нашай грамадзе яе значэнне, яе рэактыўную моц. У грамадстве заходняга кшталту існуюць шмат якія «арганічныя групы»: клубы і розныя аб’яднанні. Але тое, што звязвае людзей там, увесь час абмежаванае, у пэўнай ступені загнанае ў вузкія тэматычныя рамкі. У нас, наадварот, сяброўства ўзаемадзеіць з неадступным адстойваннем свайго светагляду і ўтварае такім чынам поле напругі ідэі, што выклікае змаганне вялізарнага гістарычнага маштабу.

У гэтым сэнсе адна ўплывовая персона ад вышэйшай адукацыі напісала нам: «Мяркуючы з пастаўленых вамі мэтаў, духу, што натхняе вас, вашых грунтоўных дзеянняў, я не пэўная, ці ўсведамляеце вы самі гістарычнае значэнне вашага чыну, ці не ёсць для вас адказнасць перад гісторыяй завялікая, ці не будзе роля, адыграць якую ў Еўропе пакліканая вашая грамада, ацэненаю толькі пазней». Пасля гэтай ацэны рупмася ж аб тое, каб мы заўсёды ўсведамлялі важнасць неабмежаванай волі да чыну!

Сябра адной палітычнай партыі спытаўся ў нас, калі і як мы мяркуем дасягнуць «новай еўрапейскай культуры», «іншай Еўропы», унёсак у адраджэнне якой мы нібыта робім. Наш адказ быў наступны: Валадарства — унутры нас. Што значыць гэтая прароцкая формула? Яна значыць, што мы не прыймаем аніякай лінейнай гістарычнай канцэпцыі, што ўзнікла праз навуку аб збавенні; што мы не адасабляем сучаснасці ад будучыні, г. зн. не праводзім мяжы між «сучаснай грамадой» і «пазнейшай» адноўленай«праз канчатковае бачанне будучыні (і гэтым адсунутай у абсяг фантастычнага) «Еўропай». Нашая грамада ўжо ёсць парасткам будучай Еўропы. Нашае існаванне ўжо ёсць ужыццяўленнем нашага праекту.

Метапалітычная стратэгія: ідэалагічна-культурнае змаганне

У адпаведнасці з гэтым мы імкнёмся стварыць унутры сучаснай цывілізацыі сілавое поле. Моц актыўных меншасцяў вынікае з таго, што яны цвёрдыя сярод мяккай масы сацыяльнага асяроддзя, дзейныя сярод навакольнай ананімнасці і абаватальшчыны, матываваныя і разумныя (г. зн. ведаюць істу рэчаў) сярод аслепленых, спецыялізаваных і абыякавых чалавечых масаў. Гэтыя меркаванні ў сучасным свеце вядуць да выбару такой формы стратэгіі, якая значна розніцца ад тых, якія карыстаюць палітычныя рухі; урэшце, з апошнімі мы не маем анічога супольнага: ані ў ідэях, ані ў сродках або мэтах. Пад канец 60-х гадоў адно простае назіранне, якое, што праўда, зрабілі толькі мы адны, кіравала ўсімі нашымі пазнейшымі дзеяннямі: каб замацаваць свае пазіцыі ў абыватальскім грамадстве, «левыя» не выкарыстоўвалі толькі выбараў, яны мэтанакіравана працавалі таксама і на заваяванне культурнай моцы. Іншымі словамі: пранікнуць ва ўніверсітэты, у прэсу, асобныя медыі, забяспечыць сабе інтэлектуальную аўдыторыю і гэтым самым авалодаць вызначальнаю сілаю пры фармаванні меркаванняў і каштоўнасцяў, каб пазней мець магчымасць кіраваць усім грамадствам. Ведама, мы ні ў якім разе не збіраемся рабіць таго самага для «правых», пагатоў гэныя правыя (пра каго б ні ішла гаворка: радыкальных, кансерватыўных або ліберальных) падзяляюць нашыя пагляды ў такой жа малой ступені, як і левыя, бо мы (у адрозненне ад левых і правых) пільнуемся светагляду, што абсалютна чужы паноўнаму «ідэалагічнаму спектру».

Мы зрабілі другое, больш «гістарычнае» назіранне: формы грамадстваў і суверэнітэтаў, гэтаксама як і формы цывілізацыяў, урэшце ёсць вынікам сістэмаў каштоўнасцяў, якія паступова фармуюць лад думак і вызначаюць такім чынам тып палітычнай, інстытуцыйнай і эканамічнай надбудовы. Сучасныя заходнія грамадствы, якімі кіруе эгалітарызм як вынік секулярызацыі юдэйска-хрысціянскіх догматаў, — гэта найзырчэйшы прыклад перавагі сістэмаў каштоўнасцяў над грамадска-палітычнымі сістэмамі. Такім чынам, мы мусім уплываць на каштоўнасці, а не беспасярэдне на палітычныя, эканамічныя і рэпрэзентатыўныя структуры.

Гэтае імкненне розніцца ад імкнення Антоніё Грамшы (італьянскі марксіст, «рухавік» італьянскай камуністычнай партыі ў 20 — 30-я гады), бо ён, у адрозненне ад традыцыйнага марксісцкага аналізу, развіў наступную ідэю: заваяванне ўлады мае сваёй перадумовай стварэнне сферы «арганічных інтэлектуалаў», якія мусяць пашыраць новую рэвалюцыйную сведамасць. У аснове гэтага ўяўлення ляжыць цверджанне, што інфраструктура грамадства мае ідэалагічную, а не эканамічную прыроду.

Аднак нашай мэтай не ёсць палітычнае заваяванне «дзяржаўнага апарату», да чаго імкнуўся Грамшы; нашая мэта — гэта, скарэй, метапалітычная стратэгія, якая, існуючы паралельна з уласна палітыкай, пераважае над ёю, пакуль слова «палітыка» абазначае дзейнасць прафесійных палітыкаў, якую мы ведаем надта добра.

Метапалітычная стратэгія адназначна канстатуе, што прафесійная палітыка стала абсалютна марнай з трох прычынаў, якія, зрэшты, добра ведамыя палітолагам і сацыёлагам. Па-першае, палітыка, зразуметая ў звычайным сэнсе гэтага слова, стала непрыемным тэатрам, прычым старанная балбатня актораў даўно страціла сваю сілу пераканальнасці; па-другое, законы, праз якія кіруюць грамадствам, сёння маюць тэхнічна-эканамічную і адміністрацыйную прыроду; па-трэцяе, мы маем намер пашырыць такую сістэму каштоўнасцяў, якая будзе дзеяць даўгі час, ахопліваць як мага больш ідэалогіяў, што канкуруюць адна з адною, і — калі здолеем дасягнуць гэтага, — магчыма, будзем рабіць гэта ў свеце, дзе цяперашнія палітычныя нормы, дзяржава ў сучасным сэнсе гэтага слова ды г. д. больш не будуць інстытуцыямі кіравання.

А гэта значыць толькі тое, што нашыя ідэі і каштоўнасці пад канец метапалітычнага змагання будуць трымаць уладу, г. зн. праяўляцца ва ўсіх сацыяльных функцыях. Тады яны ўтвораць базу для ідэалогіяў (што, магчыма, будуць спрачацца адна з адной) і асобных жыццёвых пазіцыяў. Дзеля дасягнення гэтай мэты, ведама, патрэбныя трываласць і ўпартасць. На грунце аналізу гісторыі заходніх грамадстваў, можна сфармуляваць наступную сталую тэорыю.

Моц — не на спускавых кручках стрэльбаў, яна мае не прафесійна-палітычную прыроду; яны — пры пачатковым пункце ідэяў, яна мае культурны, духоўны і гістарычны характар. Мы адмаўляемся праяўляць нейкую палітычную актыўнасць, дазваляць нейкай партыі спасылацца на нашыя ідэі, бо мы ведаем, што сапраўдная палітыка, «вялікая палітыка» (як разумеў яе Ніцшэ), што прамаўляе пра гістарычны лёс народаў, не ўвасабляецца ў «палітычных інстытуцыях». Заваяванне іх анічога не дасць. Такім чынам, метапалітычная стратэгія грунтуецца на ідэалагічным змаганні і пашырэнні сістэмы культурных каштоўнасцяў.

Ідэалагічнае змаганне абумоўлівае пашырэнне ўсеахопнай ідэйнай плыні, якая здольная пярэчыць эгалітарным ідэалогіям. Гэтая тэарэтычная сістэма ідэяў ёсць інструментам, зброяй інтэлігенцыі на службе ў каштоўнасцяў; яна не ёсць самамэтай. Такім чынам, для нас гаворка не ідзе пра тое, каб «падараваць правым тэорыю». Нам нельга забывацца, што паняцце «новыя правыя», якім мас-медыі акрэсліваюць наш рух, — гэта толькі прыдуманае журналістамі слоўца. Нашая ідэйная канструкцыя лагічна лучыць усе дысцыпліны — ад біялогіі да гісторыі, яна выконвае ролю, падобную, прыкладам, да інтэграцыйнай ролі марксісцкай ідэалогіі.

Наш светагляд процістаіць не адной ідэалогіі сучаснага спектру, а ўсім. Пры гэтым ён мае тры асноўныя мэты.

  • Даць такое інтэлектуальнае тлумачэнне свету, чалавека, грамадства, гісторыі, якое адпавядае нашым каштоўнасцям і нашаму метаду працы, прычым апошні паўнейшы, ладнейшы, ахоплівае больш, як існыя ідэалогіі. Гаворка ідзе не пра догму, а пра адкрытую сістэму, што ўвесь час развіваецца. Гэтым мы рознімся ад марксістаў, лібералаў ды хрысціянаў. Мы хочам мець ключ да свету, не залежачы ад дагматызму або ўцёкаў ад рэчаіснасці.
  • Такім чынам, ствараць нашую тэарэтычную канструкцыю — гэта значыць рабіць нагляднымі нашыя каштоўнасці, якія самі, натуральна, застаюцца ірацыянальнымі, бо паходзяць ад нашага вольнага выбару. Напрыклад, нельга рацыянальна апраўдаць тое, што над еўрапейскім гістарычным лёсам пераважае геданістычная, нявольніцкая і меркантылізаваная будучыня. Таму, хаця нашыя ідэі і могуць змяняцца, нашыя каштоўнасці застаюцца нязменнымі, бо ідэі — гэта тактычныя сродкі для правядзення ў жыццё каштоўнасцяў, сродкі, якія заўсёды можна палепшыць.
  • Гэтая ідэйная плынь крытыкуе сучасную цывілізацыю і атакуе ідэалогіі, што сёння беспадстаўна пануюць. Нашая ідэалагічная пазіцыя спрашчае нашую задачу, бо мы пільнумеся такой сістэмы каштоўнасцяў, якая абмінае ўсталяваныя падзелы на левых/ правых, навуку/ прыроду, біялагізм/ культуралізм ды г. д. Мы выступаем, прыкладам, адначасова за новыя тэндэнцыі ў тэхніцы і за крэўную повязь, за прыватны эканамічны дух бізнэсу і за перавагу вярхоўнай палітычнай улады над эканомікай. Гэта дадае нам рухавасці і імпэту, а таксама цудоўных магчымасцяў ідэалагічнага ўварвання; гэтаму спрыяе і тое, што ў нашым грамадстве ідэалагічная структура становіцца ўсё больш падробленай, інтэлектуальныя «бясспрэчныя ісціны» — даступнымі.

Кнігі, часопісы, спавешчанні, форумы, калёквіумы, прыватныя ды сямейныя гутаркі або размовы на працоўным месцы, гурткі і чыннасць дзеля пашырэння нашых духоўных і культурных распрацовак утвараюць поле бітвы нашага змагання. Хрысціянства, марксізм або лібералізм таксама насыцілі грамадства сваімі распрацоўкамі і паняццямі, таксама выклікалі духаў, каб пераканаць нязначную колькасць людзей, каб нейтралізаваць або спакусіць іншых. Мы валодаем не толькі інтэлектуальнай і тэарэтычнай зброяй, але таксама і «сацыялагічнай»: укараняць каштоўнасці — гэта задача, якая вымагае не толькі пашырэння тэкстаў, але і «культурнай прысутнасці», што, у залежнасці ад вынаходлівасці кожнага паасобку або ад вызначанай нашай грамадой стратэгіі, можа прыймаць шмат якія формы.

Час працуе на нас, бо нашыя каштоўнасці знаходзяцца на баку таго, што Шатабрыян назваў «маладосцю свету». Нашыя праціўнікі захоўваюць стары будынак і ахоўваюць сваю моц. Нашая грамада існуе дзесяцігоддзе; яна мацнее з кожным днём, хоць мы пачалі з нуля, — бо мы маем найдаўжэйшую гістарычную сведамасць.

Формула светагляду

Нашая тэарэтычная канструкцыя — адкрытая сістэма; ідэі — сродкі для дасягнення мэты. Яны могуць змяняцца, каб лепш рэпрэзентаваць падставовыя каштоўнасці. Мы можам умацоўваць нашую тэорыю, улучаць у яе новыя дысцыпліны, змяняць нашыя меркаванні — урэшце, мы не захавальнікі догмы. Аніводнае дасягненне прыродазнаўства не будзе «неадпаведным» для нас. Мы адштурхоўваемся ад рэчаіснасці — факты ніколі не змогуць запярэчыць нашым каштоўнасцям. Нашыя апаненты, наадварот, развіваюць замкнёныя ідэалогіі. Тым часам эталогія ўшчэнт разбіла марксізм, а антрапалогія запярэчыла хрысціянскаму погляду на чалавека.

Мы ж грунтуемся на ясных каштоўнасцях спазнання. Яны адпавядаюць «філасофіі жыцця», якую мы сцвярджаем, грунтуючыся на нашым досведзе, бо яна рацыянальная і адпавядае рэчаіснасці. Пад «жыццём» мы сведама разумеем нашае становішча як людзей, што жывуць у свеце і належаць да пэўнай грамады. Мы хочам такога жыцця, якое яно ёсць: рызыка, няведамая веліч. Але мы не пакорлівыя перад жыццём, бо яго сэнсам ёсць змаганне, пераадоленне самога сябе, імкненне да ўдасканалення. Гэтае філасафічна сфармуляванае гледзішча цалкам пацвярджаюць гуманітарныя навукі.

Аднак мы ўважаем свае каштоўнасці менавіта за каштоўнасці не з гэтай «аб’ектыўнай» прычыны. Мы кіруемся нашай філасофіяй і нашымі свабодна прынятымі планамі. Выйшла так, што паліталогія, сацыялогія, антрапалогія, навуковае спазнанне свету падмацоўваюць нашыя каштоўнасці. Але тое, што ўрэшце дае нам магчымасць выказваць свае меркаванні, бярэ пачатак у нашай чуйнасці.

Наш светагляд, як было адзначана вышэй, грунтуецца на рэчаіснасці. Навукі, што рэпрэзентуюць эгалітарызм, наадварот, аказваюцца ўтапічнымі. Яны адмаўляюць свет такім, якім ён ёсць (г. зн. «жыццё як змаганне», няроўнасць) на карысць далёкіх ад рэчаіснасці ўяўленняў (абстрактны «чалавек», жыццё як спакойная гармонія, сацыялагічны ўніверсалізм). Сапраўдны свет не прыймаецца і характарызуецца толькі як мінучая з’ява, якую трэба змяніць, каб ужыццявіць горача жаданую ўтопію (г. зн. дагматычную ідэю свету).

Ведама, утопія не ўжыццёўленая, людзі збітыя з панталыку, асоба захворвае. Аднак эгалітарныя навукі таксама няздольныя прызнаць, што іх сістэма сфармаваная цверджаннямі, якіх нельга абгрунтаваць, рацыі якіх немагчыма давесці, бо яны своечасова крытычна не даследавалі паходжання гэнай сістэмы. Дзеля гэтага яны грунтуюцца беспасярэдне на сацыяльных навуках, напрыклад, на эканоміцы, што ёсць пачатковым пунктам ліберальных або марксісцкіх тэорыяў. Калі згаданыя навукі ўзнімуцца на вышшую прыступку спазнання, будова ідэалогіяў роўнасці разгойдаецца.

Зусім інакш у нас: мы ўсведамляем нашыя каштоўнасці; нашая сістэма ірацыянальная (прадыктаваная пачуццём) у сваёй аснове, але выкарыстоўвае рацыянальнасць (мае за аснову клёк) як інструмент. Нашыя апаненты цвердзяць, што клёк, разважлівасць — гэта пачатковы пункт, не прызнаючы, што імі кіруюць ірацыянальныя сілы, над якімі яны не маюць улады і эмацыйны кампанент якіх яны, уласна кажучы, і адмаўляюць.

Адсюль паходзіць у тым ліку і іх рэдукцыянізм: каб захаваць дзейснасць сваёй сістэмы, яны зводзяць яе да аднаго толькі элементу і абмяжоўваюць такім чынам вытлумачэнне чалавека і грамадства толькі некалькімі прычынамі, што нібы могуць стаць ключом да ўсяго (абвяшчэнне рухавіком гісторыі класавага змагання, абмежаванне антрапалогіі культурным пранікненнем або лібіда ды г. д.). Цэлыя сферы жыцця адмаўляюцца, бо іх немагчыма аспрэчыць: змаганне, святасць, скіраваныя на самавыяўленне індывідуальныя адметнасці, нацыянальныя ды этнічныя адрозненні, агрэсіўнасць, развіццё герархічных сістэмаў ды г. д.

Мы, наадварот, антырэдукцыяністы. Мы сцвярджаем свет у яго шматстайнасці і яго супярэчнасцях. Прыкладам, чалавек мае ўсведамляць сябе адначасна і як генетычна сфармаваную, і як культурную істоту, што вызначаецца як спакоем, гэтак і змаганнем. На нашу думку, рэальнасць мае шмат роўняў ладу і вытлумачэння, што размешчаныя па-рознаму і дапаўняюць адзін аднога (бо толькі адзін з іх не можа патлумачыць усяго): мікрафізічная і макрафізічная, біялагічная, чалавечая, сацыялагічная, гістарычная і, магчыма, яшчэ шмат якія іншыя сферы (у залежнасці ад прынятага гледзішча). Наш антырэдукцыянізм кладзе масты між асобнымі дысцыплінамі. У той час як нашыя апаненты займаюцца «чыстай эканомікай» або «чыстай біялогіяй», не падмацоўваючы іх іншымі ведамі, узятымі з розных сфераў навукі, нашая духоўная чуйнасць вынікае з таго, што мы без аніякіх сумневаў спалучаем духоўныя і прыродазнаўчыя навукі.

Напрыклад, біялагічная дыскусія амаль не мае сэнсу, калі не ўлічваць культурнага фармавання спадчынных задаткаў. Гэтаксама грамадска-палітычныя і сацыяльныя навукі без эталагічнага і антрапалагічнага грунту, эканоміка без псіхалагічнага падыходу — гэта, у найлепшым разе, няскончаная праца. Такім чынам, нашае разуменне свету арганічнае, а не механістычнае. Мы стараемся ніколі не браць увагі на няцэльныя пагляды на рэчы. Мы прынцыповыя антыэкстрэмісты з моцнымі каштоўнасцямі.

Нашыя ж апаненты, наадварот, падобныя да экстрэмістаў (што абмяжоўваюць жыццё эканомікай або біялогіяй) са слабымі каштоўнасцямі. Светагляд, якому мы процістаім, тлумачыць свае ўяўленні пра каштоўнасці чыстымі цверджаннямі, якія мы можам нават размеркаваць паводле паходжання і выяўлення.

Спачатку за асноўную каштоўнасць прыймаецца юдэйска-хрысціянскі індывідуалізм. Адмежаваны ад свету і звязаны з Богам-Айцом індывід мусіць рупіцца пра сваё збавенне. Пасля яе секулярызацыі гэтая аксіёма паклікала да жыцця ўсе паноўныя ідэалогіі, трыма кітамі якіх сталі індывід, розум і шчасце. Секулярызацыя, пачатая кальвінізмам ды лютэранствам і скончаная крытычнай тэорыяй франкфурцкай школы (антырэвалюцыйныя неамарксісты), была падрыхтаваная самім хрысціянствам, што хацела дзеля змены свету перанесці на яго метафізічныя ідэалы, з якімі быў звязаны хрысціянін як «індывід, што належыць іншаму свету».

Хрысціянскі прынцып, згодна з якім чалавек у спадзеве на будучае «Божае валадарства» мусіць шукаць свайго асабістага збавення, — гэты прынцып у паноўных ідэалогіях (у ліберальным касмапалітызме або сацыялістычнай, гэтаксама ў ідэалогіі марксісцкага інтэрнацыяналізму) ператварыўся ў жаданне выявіць індывідуальнае, у большасці выпадкаў разуметае як эканамічны дабрабыт, шчасце.

У хрысціянаў «розум» лічыцца спадкаемцам прыроднага ладу і «Божай волі». Таму мэта грамадстваў — рацыянальна ўжыццявіць індывідуальнае шчасце. У гэтым пагаджаюцца ўсе навукі сучаснасці. Апрача нашай. Тым самым мы застаёмся ўбаку ад логікі заняволення духу і дасягаем вышшага разумення свету. З хрысціянскага гледзішча праўдзівая «прырода», прырода змагання, няроўнасцяў, адрозненняў абясцэньваецца на карысць усталяванага на зямлі звышнатуральнага канчатковага свету, у аснове якога ляжыць дзіўнае ўяўленне пра заміранае ўсясветнае грамадства (г. зн. — канец гісторыі).

Натуральна (і гэта трэба тут яшчэ раз падкрэсліць), ані роўнасць, ані свабода не ёсць папраўдзе пачатковымі пунктамі таго светагляду, з якім мы змагаемся. Бо роўнасць выводзіцца толькі з індывідуалістычнага прынцыпу: абстрактны, адзінкавы чалавек, сын Бога-Айца (або валадар усясветнага розуму) што, дзеля браку лепшага разумення, разглядаецца як аднолькавы паўсюль, у пэўным сэнсе, чыннік зраўноўвання.

Ад марксізму да сацыяльнага хрысціянства, ад лібералізму да сацыял-дэмакратыі (праз усе ступені гэтых сёння яшчэ пашыраных паглядаў) эгалітарызм прыймае за канчатковую мэту чалавека і грамадстваў дасягненне шчасця індывіда (у эканамічнай або сацыяльнай формах), што магчымае, аднак, толькі на падставе разумовых высноваў. З гэтага вынікае абясцэньванне натуральных сувязяў (народы, нацыі, культуры), якія няслушна тлумачацца як часовыя памылкі, а таксама мандыялістычны (г. зн. прыведзены ў адпаведнасць з далёкай ад жыцця ідэяй усясветнай супольнасці) кірунак палітычных, эканамічных і сацыяльных дзеянняў.

Мандыялізм — менавіта да гэтага агульнага назоўніка можа быць прыведзены ўвесь той светагляд, якому мы процістаім. Таксама і наш светагляд, які ў будучыні мае паклікаць да жыцця розныя, г. зн. тыя, што спрачаюцца дзеля ўжыццяўлення аднолькавых каштоўнасцяў, ідэалогіі, можа быць прыведзены да найменшага назоўніка.

Пачатковым пунктам нашага разумення свету, натуральна, ёсць прызнанне рэальных падставаў жыцця, якія выяўляюць перад намі назіранне, здаровы чалавечы розум або прыродазнаўчыя навукі: неўтаймоўная сіла жывога, яго абумоўленая лёсам, сфармаваная небяспекаю іста, што існуе паводле законаў яўнай або прыхаванай герархіі; уласцівы жывому рух, накіраваны на развіццё; крызісы і парушэнні раўнавагі, што надаюць жывому яго ўстойлівасць; няспыннае змаганне, якому жывое абавязанае сваім узнікненнм.

Жыццё не мае іншага сэнсу акрамя самаўдасканалення; у свеце няма найвышэйшых каштоўнасцяў. Чалавекам ёсць той, хто праз свой выбар каштоўнасцяў надае свету яго сэнс і форму. Чалавек надае сэнс формам і валадарыць над імі. Нашае тлумачэнне быцця, угрунтаванае (у адрозненне ад тлумачэння, якое дае эгалітарны светагляд) на сумленным назіранні жыцця: яго рухальныя сілы вымагаюць не толькі таго, каб мы захоўвалі нашае быццё, але, больш за тое, каб мы ўзвышалі жыццё ў свеце (такім, якім ён ёсць), прызнаючы законы гэтага свету і шукаючы па магчымасці новых «прыдатных» кірункаў (прыкладам, тэхніка).

«Мы» — гэта значыць народ і традыцыя, якія сталі нашым пакліканнем; іншымі словамі: еўрапейскі свет і, папярэдне, нашая грамада.

З гэтага гледзішча індывід не страчвае сваёй каштоўнасці. Наадварот: яго індывідуальнасць найлепш выяўляецца менавіта тады, калі ён энергічна і ахвярна бярэ ўдзел у руху і змаганні разам з групаю. Мы называем «воляю да ўлады» той факт, што кожная жывая істота, кожны чалавек, кожная супольнасць, кожны народ шукаюць магчымасцяў для развіцця ў сваім асяроддзі, каб узняць на вышэйшую прыступку быцця сваё жыццё і жыццё сваіх нашчадкаў.

Істу нашага светагляду можна апісаць наступным чынам: мы хочам існаваць і развівацца як асобы ў грамадзе і рабіць гэта пры заўсёды фатальным лёсе, у небяспечным свеце, які мы ўспрыймаем такім. Увогуле ж, гэтае тлумачэнне жыцця заклікае да няспыннага пераадолення чалавечай абмежаванасці самім чалавекам, таму мы можам называць яго ў прынцыпе навукаю пра «звышчалавека». Яно ва ўсіх сэнсах процістаіць «індывідуалістычнаму гуманізму», які мы гэтаксама называем эгалітарызмам.

Мы канстатуем, што нашая альтэрнатыва эгалітарызму — радыкальная і ўсеахопная. Мы хочам чагосьці прынцыпова іншага, мы надаём свету процілеглы сэнс, мы маем зусім іншую жыццёвую мэту. У сацыял-дэмакратаў, лібералаў, камуністаў, прадстаўнікоў хрысціянска-сацыяльнай плыні разлады здараюцца толькі праз рознае бачанне практыкі ўжыццяўлення аднолькавых (універсалісцкіх, індывідуалісцкіх) планаў і вызнавання аднолькавай канцэпцыі існага свету, нават калі іх фармулёўкі розняцца ў залежнасці ад «сямейства». У стаўленні да каштоўнасцяў (г. зн. істотнага) мы не маем нічога супольнага з іншымі інтэлектуальнымі сямействамі. Мы — новыя.

Наш, галоўным чынам політэістычны светагляд мае сваёй перадумоваю тое, што кожная культура можа валодаць сваёй шкалой каштоўнасцяў і ісці ўласным гістарычным шляхам. Нават калі іншыя культуры, напрыклад, у геапалітычным плане, стаяць на шляху Еўропы, яны — з іх гледзішча — маюць рацыю, бо яны пільнуюцца аднаго з прынцыпаў жыцця — імкнуцца да самарэалізацыі. Гэта пацвярджаецца, напрыклад, у выпадку з ісламам. Мы прызнаём гэтыя іншыя каштоўнасці; яны легітымныя. Магчыма, аднойчы мы мусім будзем паўстаць на іх шляху, але, на наш пагляд, дынаміка жыцця — менавіта ў гэтай форме супярэчнасці. Таму мы ніколі не пагарджаем сваімі патэнцыйнымі праціўнікамі.

Такім чынам, мы — рэлятывісты, хаця мы верым у нашыя каштоўнасці і змагаемся за іх ужыццяўленне; аднак мы не выстаўляем іх як жыццёвыя правілы, што маюць дзеяць ва ўсім свеце (у адрозненне ад ідэалогіяў, спароджаных прагным да ўлады монатэізмам хрысціянства або таксама ісламам, што займеў новую моц), бо нашыя каштоўнасці добрыя і прыдатныя адно для нас саміх. Схілянне іншых культураў да еўрапейскіх каштоўнасцяў падаецца нам таталітарызмам, якім штодня займаюцца хрысціянства і сучасныя «сусветныя ідэалогіі», сярод якіх варта прыгадаць новую «рэлігію» правоў чалавека.

Гэты свет, што задыхаецца ад каштоўнасцяў эгалітарызму і памкненняў апалагетаў хрысціянства, якое даўно згубіла сваю сілу пераканальнасці, прыпадабніўся да дыктатуры штодзённасці, дыктатуры дробных турботаў, нудоты і разліку. Гэта па-старэчаму нягеглы і дробнаабыватальскі свет. Можна любіць яго. Можна хацець жыць у ім, выжываць у ім. Мы не хочам гэтага. І мы не сцерпім заняволення гэтым духоўна-душэўным заняпадніцтвам еўрапейскіх народаў, тых народаў, уся культура якіх з часоў Мікены і Траянскай вайны ёсць паходам да святла, ліхаманкавым тварэннем гісторыі.

Мы не хочам дапусціць да таго, каб нітка гэтай вялікай спадчыны перарвалася. І таму 15 год назад мы наважыліся ўзяць слова. Як пяецца ў старой песні: «Мы хочам прапаведаваць і прамаўляць пра Святы Райх». На мове сучаснасці гэта значыць: займацца ідэалагічнай і культурнай прапагандай. Нашая праца дзеля светагляднага абуджэння зрабіла вызначальны ўнёсак у радыкальную змену тэмаў палітычна-ідэалагічных дэбатаў і зрушыла лініі падзелу, прычым самі змагары часта нават не ўсведамлялі гэтай перамены.

У 70-я гады «левыя» і «правыя» спрачаліся на абрыдлую тэму сацыяльнага пытання або па такіх другасных праблемах, як фемінізм і нацыяналізацыя прыватных прадпрыемстваў. З пачатку 80-х гадоў, калі Новая Культура абвесціла пра сябе ў мас-медыях (прынамсі, у Францыі) і «яе» людзі пачалі пракладаць сабе шлях, у часе дэбатаў больш не сутыкаюцца правыя і левыя ў першапачатковым сэнсе гэтых словаў. Выходзячы па-за межы ранейшых палітычна-ідэалагічных асяродкаў, узнікаюць «новыя тэндэнцыі»: з аднаго боку — тыя, што паходзяць з асяродку памяркоўных левых або кансерватыўных правых і якіх аб’ядноўваюць ідэалогія правоў чалавека, нэалібералізм або тэхна-ліберальная сацыял-дэмакратыя, атлантызм, сляпое падпарадкаванне Амерыцы і прынцып полірасавага грамадства, карацей, тыя, хто гуртуецца вакол паняцця «заходняга звязу» (у найшыршым сэнсе); з другога боку — тыя, хто выступае супраць заходняй цывілізацыі атлантызму, індывідуалізму правоў чалавека, знішчэння чысціні расаў.

Дэбаты маюць менавіта такі змест, як гэта ўяўляла сабе і хацела Новая Культура: адгэтуль не правыя супраць левых, а прыхільнікі заходняга касмапалітызму, што ўніфікуе, супраць прыхільнікаў свету розных народаў і «недалучанай» Еўропы. Парадаксальна, але першыя сталі недаверлівымі да Трэцяга свету (у якім яны бачаць небяспеку нацыяналізму), у той час як другія, што ўхваляюць замкнёнасць і незалежнасць народаў, прагнуць саюзу Еўропы з вялікімі дзяржавамі Трэцяга свету супраць савецка-амерыканскай кампаніі, факт існавання якой амаль і не ўтойваецца.

Новая Культура і яе моцныя каштоўнасці пакліканыя прапанаваць альтэрнатыву слою «антыкасмапалітаў» і «антымандыялістаў», што ўтвараецца цяпер, г. зн. усім тым, хто, злева або справа, не прыймае культурнага заняпаду, паслаблення і расавай смерці Еўропы. Прыхільнікі паноўнай ідэалогіі (пасля гістарычнага скону марксізму ў Заходняй Еўропе — гэта «касмапаліты-лібералы») мусяць разглядаць нас як сваіх галоўных праціўнікаў і, адпаведна з гэтым, змагацца з намі. У гэтым — наш гістарычны шанец.

За што і супраць чаго мы наагул змагаемся? Супраць атлантычнай пасткі, за Валадарства, і не толькі за «наш» Райх, але і за райхі ўсіх народаў свету, існаванню якіх сёння пагражае матэрыялістычны касмапалітызм крывадушнага амерыканскага прапаведніка і хітрага савецкага таварыша, якія думаюць, што здолелі пабудаваць жыццё паводле паняццяў клёку. Калі мы змагаемся ў Францыі супраць навалы англа-саксонскіх словаў, модаў або супраць полірасавага грамадства, калі мы змагаемся ў Нямеччыне супраць мэтанакіраванага знішчэння нашай гістарычнай памяці і нашай нацыянальнай велічы, дык мы паўсюль вядзём адно і тое ж змаганне за сваю будучую Бацькаўшчыну — Еўропу. І яшчэ: мы ўжо дамагліся перамогі, калі мы называем ЗША не «Новым Светам», а «Старым Кантынентам», калі мы гаворым пра Еўропу як пра «Новы Свет» і калі глыбака ў нас, бы патаемная музыка, што не дае спакою, гучыць тое кароткае выслоўе Мерліна пасля смерці карала Артура:

«Для кагось я сон, але для ўсіх іншых — жудасны сон».

З нямецкай мовы пераклала Ірына Арцюх паводле: Guillaume Faye. Warum wir kämpfen // Elemente. Nr. 1

 

Апошнія артыкулы

Глядзі таксама:

новая правіцапубліцыстыкаметапалітыкаЕўропаФай
522.21 ms