Крывічы. Гістарычна-этнагенетычны нарыс |
| Аляксей Дзермант 10.04.2008 г. 2337 | |
Уступ
Крывічоў можна ўважаць за асноўную этнаўтваральную адзінку беларусаў: як дзеля таго, што яны займалі найбольшую частку пазнейшага беларускага этнаграфічнага арэалу, гэтак і дзеля іхнага ўплыву на станаўленне этнічнай адметнасці і дзяржаўнасці беларускага народу[4] Звычайна, даючы характарыстыку этнічнай істы крывічоў, ужываецца тэрмін «усходнеславянскі», аднак мы маем ужо досыць падставаў для сумневу ў гэтым, пагатоў нават даследнікі, не схільныя змяншаць маштаб славянскай прысутнасці на нашых землях, вымушаныя прызнаваць, што, «мабыць, мелі рацыю тыя гісторыкі ХIХ ст., якія ўважалі крывічоў за "напалову літоўцаў"»[5]. Апрычонае месца, займанае крывічамі ў г. зв. «усходнеславянскім» арэале, абумоўліваецца багата якімі чыннікамі. Паказальна, што іх этнічная іста выклікáла, відаць, шмат пытанняў ужо ў першых рускіх летапісцаў: крывічоў няма ні ў спісе славянскіх плямёнаў, ні ў пераліку плямёнаў балцкіх і фінскіх. Выказваюцца меркаванні, нібыта ў зоне свайго гістарычна засведчанага пражывання крывічы апынуліся ў выніку міграцыі ці то аднекуль з захаду, ці то з поўдня (В. Сядоў, П. Трацьякоў ды інш.). З гэтым цяжка пагадзіцца з розных прычынаў. Некаторыя з іх:
Паходжанне крывічоўКлючавое дзеля развязання праблемы паходжання крывічоў - пытанне пра вытокі і этнічную атрыбуцыю культуры даўгіх курганоў. Даўгія курганы шмат хто з даследнікаў звязвае з продкамі летапісных крывічоў. Пакуль не былі выяўленыя сведчанні генетычнай пераемнасці між балцкаю культураю тыпу Банцараўшчына - Тушамля[11] і культураю даўгіх курганоў, не было магчымасці пацвердзіць тутэйшы характар апошняй, што змушала некаторых даследнікаў шукаць яе вытокі на захадзе - у Павісленні[12]. Аднак сёння, у святле новых археалагічных матэрыялаў, можна адзначыць выразную сувязь культуры даўгіх курганоў поўначы Беларусі з мясцовымі помнікамі III - IV стст., а шэраг агульных рысаў віцебскіх і пскоўскіх даўгіх курганоў дазваляе прасачыць рух носьбітаў гэтай культуры з паўночнай Беларусі на Пскоўшчыну і Наўгародчыну[13]. Там жа, на поўначы сучаснай Беларусі, у межах рассялення крывічоў, адкрытыя найстаражытнейшыя даўгія насыпы і сінхронныя ім круглыя пахаванні трэцяй чвэрці I тыс. з керамікай банцараўскай культуры[14]. Істотныя адрозненні між пскоўскімі і смаленскімі даўгімі курганамі сведчаць пра незалежнае паходжанне апошніх[15], што таксама пярэчыць меркаванню пра рух крывічоў з тэрыторыі Пскоўшчыны на Беларускае і Смаленскае Падзвінне ды ў Верхняе Падняпроўе[16]. Асаблівасці крывічоў-палачанаў археалагічна звязаныя з культураю ранніх даўгіх курганоў Полаччыны і атокінскім варыянтам банцараўскай культуры, а этнічна - перадусім з балцкім (латгальскім) субстратам, ды дапускаюць трактаваць паведамленне летапісу («от них же кривичи») пра Полаччыну ў тым плане, што гэта была базавая тэрыторыя пашырэння крывіцкага этнасу[17]. Апошнім часам дзеля прызнання адсутнасці сур'ёзных адрозненняў ды межаў між помнікамі тыпу Банцараўшчына - Тушамля і даўгімі курганамі ўсё выразней прамаўляецца думка пра блізіню або тоеснасць гэтых культураў[18]. Рэчавы комплекс як пскоўскіх, гэтак і смаленскіх даўгіх курганоў, матэрыялы мовазнаўства і антрапалогіі (балцкі пласт у гідраніміі Пскоўшчыны, антрапалагічная лучнасць крывічоў і латгалаў) даюць усе падставы ідэнтыфікаваць насельніцтва, якое іх пакінула, з балтамі[19]. Гэтаксама вельмі паказальная наяўнасць гідранімічнай «восі», што лучыць Латвію з паўночным Падмаскоўем і досыць праўдападобна звязваецца з «крывіцкаю» плынню як этнамоўным элементам, што з цягам часу «дэбалтызаваўся»[20]. Гэтая акалічнасць дазваляе адмовіцца ад процістаўлення ў этнічным сэнсе азначэнняў «крывіцкі» і «балцкі»[21], бо апрыёрная славянскасць крывічоў проста знікае, а іхны славянскі складнік (няма розніцы, скуль ён мог паходзіць: з нізавінаў Віслы або з поўдня) аказваецца фікцыяй[22]. З'яўленне надзейных сведчанняў славянскай прысутнасці (перадусім археалагічных) на тэрыторыі крывічоў адсоўваецца такім чынам у «рускую» эпоху[23], калі адбыўся выбух гандлярска-рамесніцкай актыўнасці. Гэта прымушае разглядаць славянскі элемент на нашых землях ужо не як вынік рэальнага міграцыйнага руху аднекуль, а скарэй як вынік складаных міжкультурных дачыненняў. Прынамсі мы можам даць веры І. Ляпушкіну, які, грунтоўна прааналізаваўшы помнікі лясной і лесастэпавай зонаў Усходняй Еўропы напярэдадні ўтварэння «рускай» дзяржавы, выснаваў, што «да VIII - IX стст. уся вобласць Верхняга Падняпроўя і прылеглых да яе раёнаў да вярхоўяў Акі на ўсходзе і да Нёмну на захадзе, ад мяжы з лесастэпам на поўдні і да басейну Заходняй Дзвіны на поўначы, была занятая балцкімі плямёнамі»[24]. Параўн., да прыкладу, і адно з апошніх меркаванняў пра этнічны склад Верхняга Падняпроўя ды абшараў далей на поўнач: «Дзеля таго, што цяжка распазнаць розныя сведчанні славянскай экспансіі ў гэтыя землі да канца IX ст., у першыя фазы свайго існавання русь <варагі-ruotsi - А. Дз.> перадусім узаемадзеяла з фінскімі і балцкімі групамі»[25]. Бясспрэчна, што ў IХ - ХI стст. адбыліся значныя змены як у матэрыяльнай, гэтак і ў духоўнай культуры тутэйшых насельнікаў, але вытлумачэнне гэтых трансфармацыяў адно праз пошук слядоў «масавай славянскай міграцыі» выглядае як спрошчаны і заангажаваны падыход. Ведама, наяўнасць пэўнага рэчавага інвентара ды ўзнікненне новай пахавальнай традыцыі - гэта досыць важкія сведчанні ўплыву іншага этнасу[26]. Тым не менш, час ад часу гучаць галасы даследнікаў, якія рэкамендуюць разглядаць пашырэнне вырабаў менавіта як пашырэнне вырабаў (праз гандаль, пазычэнне, культурны ўплыў, моду ды г. д.), а не рабіць спешных высноваў пра міграцыю людзей. Мода ды культурныя плыні не абыходзяць бокам нават пахавальнага рытуалу (як і агулам звычаяў), які гэтаксама можа пазычацца ад этнасу да этнасу[27]. Здаецца, вельмі карысным для аб'ектыўных штудыяў можа ў нашым разе стаць прынцып «прэзумпцыі аўтахтоннасці», згодна з якім кожную з'яву культуры трэба перадусім разглядаць як мясцовую з паходжання, паўсталую ў выніку эвалюцыйнага развіцця самой мясцовай культуры, калі адваротнае не даведзенае або не можа быць даведзена[28]. У гэтай відалі тэза пра аўтахтоннае развіццё старакрыўскай культуры на грунце папярэдніх культураў дняпроўска-дзвінскай зоны (перадусім культуры тыпу Банцараўшчына - Тушамля - Калочын, а ў больш далёкай перспектыве - дняпроўска-дзвінскай балцкай культуры) выглядае найбольш праўдападобнай і забяспечанай разнастайнымі матэрыяламі. Нядаўна новыя цікавыя довады на карысць прыйманай намі пазіцыі прывёў пецярбургскі даследнік А. Герд. Спрабуючы прасачыць вытокі шмат якіх адметнасцяў дняпроўска-дзвінскай зоны, ён прыйшоў да вельмі важных высноваў: 1) што зона гэтая рэпрэзентуе сабою досыць цэльны гістарычна-культурны тып; 2) што гэтая цэльнасць угрунтаваная ў культурнай пераемнасці насельнікаў гэтага краю пачынаючы сама мала ад III тыс. да н. э.[29] Высвятляецца, што век і варункі ўзнікнення асобных гістарычна-культурных зонаў (у тым ліку дняпроўска-дзвінскай) зусім не звязаныя з эпохай меркаванага славянскага рассялення, але ўзыходзяць да больш даўніх часоў - задоўга да гістарычна ды нават тэарэтычна дапушчальнага з'яўлення славянаў[30]. Сёння найбольш абгрунтаванай выглядае гіпотэза, згодна з якой славянскаму этапу крыўскай гісторыі папярэднічаў балцкі, прычым як у мове, гэтак і ў матэрыяльнай культуры[31]. Гэтае меркаванне пацвярджаецца існаваннем ў ХII - ХIII стст. на паўднёвым ускрайку Полацкай зямлі шматлікіх балцкіх паселішчаў, атаесамляных рускімі летапісцамі з «літвою»[32]. У сваім часе А. Сабалеўскі, разгледзеўшы пісьмовыя звесткі пра напады літвы на Русь у ХII - ХIII стст., выказаў думку, што «Літоўская зямля» займала часткі (былых) Віцебскай, Пскоўскай, Цвярской, Маскоўскай і, галоўным чынам, Смаленскай губ.[33] Не цяжка заўважыць, што акрэсленая тэрыторыя, якая не можа атаесамляцца з палітычным ядром будучай Літоўскай дзяржавы, складае значную частку арэалу рассялення полацка-смаленскіх крывічоў. Маючы на ўвазе сінанімічнасць для таго часу паняткаў «літоўскі» і «балцкі»[34], можна гіпатэтычна праінтэрпрэтаваць гэную «літву» як балцкамоўных крывічоў, якія праводзілі ваенную экспансію на суседнія землі. Дадамо сюды таксама і факт існавання ў XIV - XVI стст. на Віцебшчыне, у раёне в. Абольцы, дакументальна зафіксаванага літоўскага анклаву[35]. Што да славянізацыі (пераважна моўнай) крывічоў, дык тут, на наш погляд, увагі заслугоўвае думка, якую выказаў яшчэ ў ХIХ ст. літоўскі гісторык С. Даўкантас. Ён звязваў славянізацыю з «рускім» чыннікам: «Род крэваў <krievai> гэтак злучыўся з русамі, што гутарыць па-руску, а не па-свойму. Крэвы <...> гутарылі на той жа мове, што і літоўцы, жамойты, леты, прусы. У краі крэваў былі дзве мовы - адна пісьмовая, г. зн. руская, другая - людовая, г. зн. крэўская»[36]. Галоўнымі цэнтрамі «злучэння» крывічоў і поліэтнічнай русі, сярод якой пераважаў славянскі моўны элемент, былі, бясспрэчна, гарады, адкуль ішлі моцныя асіміляцыйныя імпульсы, падтрыманыя царквой і пэўнымі коламі тагачаснай палітычнай эліты[37]. Пры гэтым, аднак, трэба памятаць, што cупольная для вялікай часткі Усходняй Еўропы гарадская культура ахоплівала ў той час зусім нязначную частку насельніцтва - 2-5%, тады як абсалютную бальшыню жыхарства складаў кансерватыўны вясковы люд, сярод якога пераважалі аўтахтоны, а не славяне[38]. Частковы пераход на славянскую гаворку асноўнага кампаненту русаў - варагаў - адбыўся, скарэй за ўсё, у Сярэднім Падняпроўі ўжо ў першай палове IX ст. - у часе фармавання г. зв. «Рускага каганату»[39], з якога гэная гаворка разам з русамі пашыралася па ўсім усходнееўрапейскім абшары. У гэтым плане паказальная знаходка ў тыпова скандынаўскім пахаванні першай чвэрці Х ст., якое ўваходзіць у некропаль протагарадскога паселішча Гнёздава на Смаленшчыне, найдаўнейшага на ўсходзе Еўропы і на беларускіх этнічных абшарах славянскага надпісу[40]. Асіміляцыя крывічоў, якіх трэба ўважаць за ўсходніх балтаў, пачалася фактычна ўжо ў складзе поліэтнічнай «старарускай» дзяржавы[41]. Прапанаванае вышэй гледзішча ўзгадняецца з археалагічнымі матэрыяламі. Культура даўгіх курганоў знікае ў Верхнім Падняпроўі і Падзвінні пад канец IХ - у першай палове Х ст., і ў гэты ж час з'яўляюцца зусім новыя помнікі - круглыя курганы з трупаспаленнем, не звязаныя пераемнасцю з даўгімі курганамі ды атаесамляныя са славянамі[42]. На іх аснове паўстае г. зв. стараруская курганная культура ХI - ХIII стст. З усяго відаць, што адмысловую ролю ў генезе гэтай культуры адыгралі гандлёва-рамесныя цэнтры (протагарады), узнікненне якіх выклікала пэўнага кшталту парушэнні ды «вібрацыю» мясцовай культурнай традыцыі[43]. Але гэта не канечне звязана з прытокам новага, этнічна славянскага насельніцтва. Маем сведчанні прысутнасці нарманаў у дняпроўска-дзвінскім міжрэччы ў канцы IХ - пачатку Х ст.[44] Таксама вельмі паказальна, што адзінае месца, дзе назіраецца вялікая канцэнтрацыя «славянскіх» круглых курганоў з трупаспаленнем, - гэта Гнёздава[45]. Гэтае паселішча, у жыцці якога вялікае месца займалі шведскія вікінгі[46], было своеасаблівым асяродкам фармавання «старарускага» («славянскага») насельніцтва Смаленшчыны[47]. Гэткія ж гандлёва-рамесныя цэнтры (як, відаць, Полацк[48] ды іншыя гарады) з іх насельніцтвам былі вельмі істотным чыннікам у пашырэнні старарускай курганнай культуры ў вясковых аколіцах у «гатовым выглядзе»[49]. Дарэчы, істотна, што культура даўгіх курганоў як рэліктавая з'ява прасочваецца амаль праз усё Х ст. у матэрыяльнай культуры полацкіх крывічоў[50]; агулам відаць, што ў Полацка-Віцебскім Падзвінні кожная чарговая група помнікаў даўжэй захоўвае некаторыя элементы папярэдняй культуры, як у Смаленскім Падняпроўі[51]. Адзін з падставовых элементаў тэорыі пра міграцыю крывічоў з захаду - фанетычныя асаблівасці сучасных дыялектаў (у прыватнасці пскоўскіх), якія лучаць іх з «ляхіцкімі» гаворкамі[52]. Як мяркуюць лінгвісты, шэраг дыялектных рысаў папраўдзе адлюстроўвае той стан, калі крывіцкая пляменная мова разам з паўночнымі заходнеславянскімі дыялектамі складала адзіны лінгвагеаграфічны арэал[53]. Аднак наяўнасць гэткіх жа архаічных асаблівасцяў у пруска-ятвяжска-паўднёвалітоўскім арэале, з якімі стасуюцца некаторыя старакрывіцкія рысы, пакідае магчымасць звязваць іх не толькі з паўночнай заходнеславянскай дыялектнай зонай ды ніяк не можа сведчыць адно пра іх «заходнеславянскае» паходжанне[54]. Археалагічна-лінгвістычны аналіз зняпраўджвае тэзу пра міграцыйную хвалю крывічоў з захаду ўздоўж Балтыйскага мора[55], а архаічныя з'явы пскоўскіх гаворак знаходзяць тлумачэнне праз балцкі (у нейкай ступені - праз фінскі) субстрат[56]. Існаванне пэўных характэрных рысаў фанетыкі ў сучасных беларускіх дыялектах дазваляе вызначыць тэрыторыі, славянізаваныя збольшага праз моўныя кантакты, а не праз міграцыі - сюды ўваходзіць увесь крывіцкі арэал на Беларусі, які да таго ж аказваецца і эпіцэнтрам узнікнення ды пашырэння тыповых рысаў беларускай мовы: дзекання, цекання, акання ды інш.[57] Надзейна верыфікаваць дапушчэнне пра адсутнасць значнага ўплыву славянскіх міграцыяў на фармаванне этнічнага аблічча крывічоў дапамагаюць матэрыялы фізічнай антрапалогіі. АнтрапалогіяГенафонд пэўнага этнасу часта аказваецца стабільнейшым за мову і культуру. Антрапалагічныя матэрыялы дазваляюць з вялікаю ступенню імавернасці ўважаць сучасных беларусаў за беспасярэдніх нашчадкаў тутэйшага старажытнага насельніцтва[58]. Антрапалагічнае вывучэнне беларускага этнасу за апошнія 25 - 30 год «дазволіла прапанаваць канцэпцыю пераемнасці яго зыходнай генетычнай інфармацыі на працягу ста - ста пяцідзесяці пакаленняў, г. зн. задоўга да верагоднай каланізацыі гэтай тэрыторыі ўсходнімі славянамі»[59]. Вытокі гэтай пераемнасці сягаюць не толькі протабеларускіх плямёнаў крывічоў, дрыгавічоў, радзімічаў ды інш., але нават палеаеўрапеоіднай расавай супольнасці неаліту. Адмыслоўцы звяртаюць увагу на «адзінства фізічнага аблічча заходніх крывічоў, радзімічаў і дрыгавічоў, падабенства іх да сярэднявечнага лета-літоўскага насельніцтва», што ацэньваецца «як праявы адзінага антрапалагічнага субстрату»[60]. В. Бунак, вывучаючы краніялогію (чарапныя паказнікі) даўняга насельніцтва Усходняй Еўропы, класіфікаваў доліхакефальны (доўгагаловы) тып крывічоў як старажытную форму балтыйскага тыпу паўночнаеўрапеоіднай расы, пашыранага ад правабярэжжа Дняпра да Балтыйскага мора[61]. Г. Дэбец, які даследаваў чарапы з пахаванняў крывічоў, дрыгавічоў і радзімічаў Х - ХII стст., канстатаваў адсутнасць між імі рэальнай розніцы, а таксама адзначыў іх вельмі вялікае падабенства да серыі чарапоў з Люцынскага могільніка (Латвія). На падставе гэтага аўтар сцвердзіў, што ўлучэнне тэрыторыі сучаснай Беларусі ў кола славянскіх культур не суправаджалася нейкімі значнымі перасяленнямі, а адбывалася праз акультурацыю[62]. Полацкіх крывічоў Т. Трафімава прылучала да доліхакефальнага шыракатварага тыпу, і, адзначаючы яго сувязь з Сярэднім і Верхнім Падняпроўем ды Прыбалтыкай, уважала гэты тып за рэліктавы, вядомы прынамсі з эпохі бронзы[63]. Р. Дзянісава прызнала вельмі верагодным паходжанне даліхакранных шыракатварых плямёнаў першай чвэрці II тыс. з тэрыторыі Беларусі ад мясцовых плямёнаў культуры шнуравой керамікі, якіх можна ўважаць за протабалтаў[64]. Т. Аляксеева, таксама далучаючы полацкіх крывічоў да доўгагаловага досыць шыракатварага тыпу, зацямляла, што «даліхакранія ў спалучэнні з адноснай шыракатварасцю характарызуе балцкамоўнае насельніцтва сярэднявечча, і, мабыць, генетычна гэты комплекс не звязаны са славянамі. Тэрытарыяльнае размяшчэнне (паўночная частка зоны рассялення славянаў) таксама сведчыць супраць славянскай яго прыналежнасці»[65]. На тэрыторыі Полаччыны былі знойдзеныя і больш грацыльныя чарапы, што дало падставы ахарактарызаваць усю сумарную крывіцкую серыю як сярэднятварую[66], аднак даследаванне найноўшых матэрыялаў гэтага не пацвердзіла, засведчыўшы на прыдатных для вымярэння экзэмплярах належнасць полацкіх крывічоў менавіта да даліхакраннага шыракатварага тыпу[67]. Між тым раней В. Сядоў на падставе вывучэння краніялагічных матэрыялаў, не знайшоўшы значных адрозненняў між шыракатварымі і сярэднятварымі серыямі курганных чарапоў Беларусі, задзіночыў полацкіх і смаленскіх крывічоў, дрыгавічоў ды радзімічаў у адну групу[68], адметную доўгагаловым сярэднятварым тыпам, ды зацеміў, што тэрыторыя яго пашырэння «ў эпоху ранняга сярэднявечча ў дэталях супадае з арэалам дняпроўскіх балцкіх плямёнаў, вызначаным паводле звестак гідраніміі і археалогіі»[69]. Пскоўская групоўка крывічоў антрапалагічна найбольш падобная да насельніцтва ятвяжскага арэалу[70]. Асаблівасці фізічнага тыпу ўсходніх групаў крывічоў (яраслаўскіх, кастрамскіх і ўладзімірска-разанскіх) адлюстроўваюць працэс каланізацыі заходнімі крывічамі (пераважна смаленскімі) вышнявінаў Волгі і волжска-клязьмінскага міжрэчча ды асіміляцыі імі тамтэйшага фінскага насельніцтва[71]. Паводле абсалютных памераў мазгавога аддзелу чэрапа і шкілета твару ды стасунку галаўнога паказніка і шырыні твару, мазаўшане (славянізаваныя заходнія балты[72]), полацкія крывічы, ятвягі, аўкштайты і латгалы аб'ядноўваюцца адным комплексам фізічных рысаў і ў гэтым набліжаюцца да нарвежцаў і англа-саксаў[73]. У выніку аналізу краніялагічных матэрыялаў некалькіх групаў паводле розных прыкметаў у адным выпадку (20 прыкметаў і 13 групаў) выяўляецца падабенства смаленскіх крывічоў і зэмгалаў, а ў другім (16 прыкметаў і 15 групаў) блізкімі адны да другіх аказваюцца насельнікі Старой Ладагі, латгалы, дрыгавічы, радзімічы, жамойты, смаленскія крывічы і зэмгалы, што пацвярджае антрапалагічную лучнасць крывічоў ды балтаў[74]. Аднак, зважаючы на неаднароднасць антрапалагічнага складу самых балцкіх плямёнаў, трэба падкрэсліць, што курганнае насельніцтва з тэрыторыі Беларусі (у т. л. полацка-смаленскія крывічы) падобнае перадусім да тых балцкіх групаў, якія ў эпоху жалеза былі звязаныя з абшарам Верхняга Падняпроўя (ятвягі і носьбіты культуры штрыхаванай керамікі)[75]. Вывучэнне аданталагічных (зубных) матэрыялаў паказвае, што заходнія серыі крывічоў цалкам адпавядаюць г. зв. раннім латгалам Відзэмэ, аўкштайтам і жамойтам, але найбольшае падабенства ў іх выяўляецца з усходнімі латгаламі VIII - XIII стст.[76] Адзначаная блізіня зубнога комплексу крывічоў і сінхронных ім латгалаў можа быць вытлумачаная на карысць тутэйшага (балцкага) паходжання першых[77]. Пэўных антрапалагічных слядоў пранікнення славянаў на тэрыторыю Падзвіння няма. Тыя матэрыялы, якія некаторыя навукоўцы ідэнтыфікуюць са славянамі, могуць быць звязаныя і з іншымі этнасамі, у т. л. з некаторымі балцкімі плямёнамі[78]. Пры гэтым адзінае, што дазваляюць пэўна сцвярджаць антрапалагічныя даследаванні, гэта адсутнасць масавых міграцыяў, якія маглі б прывесці да істотнай змены фізічнага тыпу насельніцтва Беларусі[79]. Такім чынам, засведчанае бальшынёй антраполагаў значнае падабенства балцкіх плямёнаў (асабліва латгалаў) і полацкіх крывічоў дазваляе падтрымаць меркаванне пра славянізацыю крывічоў праз змену імі сваёй балцкай мовы на славянскую[80]. Матэрыяльная культураЭтнавызначальнымі рэчамі крывічоў лічацца бранзалетападобныя скроневыя колцы з завязанымі канцамі. Досыць пераканаўчым здаецца меркаванне, што гэтыя характэрныя крывіцкія ўпрыгожанні Х - ХIII стст. маюць за прататыпы аналагічныя колцы, але з замкнёнымі або заходнымі канцамі, знойдзеныя на помніках банцараўска-тушамлянскай культуры[81]. В. Сядоў бачыць у прысутнасці носьбітаў культуры першых бранзалетападобных скроневых колцаў у банцараўскім арэале і на тэрыторыі Літвы, а таксама ў агульным субстраце балцкай культуры штрыхаванай керамікі, сведчанне роднасці літвы і полацка-смаленскіх крывічоў[82]. Аднак гэты даследнік разглядае магчымасць атаесамлення згаданых ранніх тыпаў колцаў са славянскім этнасам. Смаленскі археолаг Я. Шміт са славянскай інтэрпрэтацыяй не згаджаецца і, выказаўшы сумнеў у тым, ці былі скроневыя колцы, у т. л. бранзалетападобныя з замкнёнымі або заходнымі канцамі, упрыгожаннямі толькі славянаў, знаходзіць для іх аналогіі ў Літве, дзе яны былі характэрным элементам балцкага галаўнога ўбору з I да VI ст.[83] Храналогія і тэрыторыя пашырэння ранніх бранзалетападобных скроневых колцаў даюць падставы ўважаць іх за прыкмету лета-літоўскага насельніцтва[84]. Цэлы шэраг прадметаў (шыйныя грыўні, упрыгожанні з каляроваю эмаллю, падвескі, розныя тыпы скроневых колцаў), знойдзеных у даўгіх курганах, тоесны помнікам балцкіх плямёнаў, і гэта становіцца досыць сур'ёзнай падставай для аспрэчвання славянскай атрыбуцыі даўгіх курганоў[85]. У цэлым жаночы пахавальны інвентар даўгіх курганоў Падняпроўя мае найбліжшыя аналогіі на землях Усходняй Прыбалтыкі і характарызуецца як балцкі[86]. М. Артамонаў выяўляў у пскоўскіх даўгіх курганах, гэтаксама як і ў наўгародскіх сопках, досыць мала рэчаў, сярод якіх пераважалі балцкія тыпы[87]. Амаль усе тыпы балцкіх упрыгожанняў, якія паходзяць з даўгіх курганоў, маюць аналогіі ў рэчавым матэрыяле пазнейшых круглых крывіцкіх курганоў[85]. Між іншага, яшчэ А. Спіцын заўважаў: «Інвэнтар Смаленскіх гарадзішчаў падобны да інвэнтароў т. зв. "літоўскіх" пілекальнісаў. Адсюль магчыма думаць, што гэты край у VII - VIII ст. быў заняты літоўцамі. Рэчы, якія знаходзяцца ў гарадзішчах літоўцаў і крывічоў (Ноўгарад. вобл.), ад ХII- ХIIIст. - тыя-ж самыя. І гэтыя гарадзішчы, дзе-б яны ні былі, трэба лічыць літоўскімі»[89]. У крывіцкіх курганах знаходзяць таксама стужкавыя вянкі (г. зв. вайнагі), шыйныя грыўні, змеегаловыя бранзалеты (гэтак у мастацтве ўвасабляўся папулярны ў балтаў змяіны культ), спіральныя пярсцёнкі ды шмат разнастайных падковападобных фібул, што вызначаюць адметнасць балцкага строю[90]. Праблему балцкага паходжання згаданых упрыгожанняў вывучала З. Сяргеева, якая выснавала, што сустракаюцца яны амаль на ўсёй этнічнай тэрыторыі беларусаў, прычым гэткія рэчы як звярынападобныя бранзалеты, вітыя шыйныя грыўні і вайнагі знаходзяць звычайна далёка ад гарадоў, да таго ж, не пры гандлёвых шляхах, а ў глухіх мясцінах, што сведчыць пра іх мясцовае паходжанне[91]. Уласцівыя крывічам і нагрудныя падвескі ў выглядзе коніка, якія часам сустракаліся па дзве ў адным пахаванні або ў падвоеным выглядзе спалучаліся з грэбенем[92]. Гэтыя прадметы маюць асаблівую цікавасць у купе са звесткамі пра парнае боства дабрабыту і ўрадлівасці (бел. Спарыш, Вазіла, Кумяльган[93], лат. Jumis), якое звязваецца з пашыраным у балтаў культам коней[94]. Асабліва багатыя на балцкія рэчы пахаванні Полацкай зямлі[95]. Аналіз двухсот інвентарызаваных курганных комплексаў з тэрыторыі Полаччыны паказаў, што толькі чвэрць з іх мела скроневыя колцы, а ў іншых пахаваннях скроневых колцаў няма наагул, але ж многа металічных вырабаў выключна балцкага паходжання[96]. Дый разглядаючы пахаванні са скроневымі колцамі (нібыта бліжшыя паводле набору ўпрыгожанняў да славянскага строю - не ў апошнюю чаргу дзеля наяўнасці там «славянскіх» скроневых колцаў), трэба абавязкова ўлічваць іх верагоднае неславянскае паходжанне. Мужчынскі строй крывічоў таксама вельмі падобны да касцюмаў суседніх балцкіх плямёнаў, што выяўляецца праз разнастайныя падковападобныя фібулы, лірападобныя спражкі, пярсцёнкі, бранзалеты ды г. д.[97] Цікава, што нават рэчы шмат у чым «інтэрнацыянальнай» дружыннай культуры з Полацкага княства канца ХII - ХIII ст. вельмі блізкія да рыштунку цяжкаўзброеных прускіх нобіляў[98]. Прыведзеныя факты яшчэ раз сведчаць, што «касцюм ХI - ХII стст. з'яўляецца паказчыкам значнай ролі балцкага субстрату ў этнагенезе беларусаў, вонкавым праяўленнем станаўлення этнічнай свядомасці»[99], а знойдзеныя рэчы і вырабы дазваляюць задзіночыць крывіцкія землі з вялікім прыбалтыйскім арэалам, які ўлучаў тэрыторыі сучасных Літвы, Латвіі, а таксама Эстоніі[100]. Акрамя параўнання ўласна рэчавага комплексу, дапамагчы вызначэнню этнічнай істы яго стваральнікаў і носьбітаў можа і вывучэнне арнаменту, сістэмы знакаў, якімі гэтыя рэчы аздабляліся. Гэтак, да прыкладу, супастаўленне археалагічнага і этнаграфічнага матэрыялу паказвае, што такі знак як свастыка быў пашыраны ў рэгіёнах, дзе найбольш адчувалася балцкая прысутнасць (асабліва на Полаччыне) і, такім чынам, свастыка на Беларусі - сімвал культурных традыцыяў балтаў (у тым ліку паганства)[101]. Духоўная культураДухоўная культура этнасу складаецца са шмат якіх частак, але сярод усяго яе багацця нас цікавіць перадусім складнік рэлігійны, бо што рэлігія і шчыльна звязаная з ёю міфалогія - гэта першасныя крыніцы фармавання ментальных архетыпаў як этнапсіхалагічнай асновы свядомасці. Надта вялікі абсяг тэмы крыўскай міфалогіі і яе ўплыву на народную культуру беларусаў вымагае засяроджання ўвагі толькі на адным, але вельмі важным яе фрагменце - высвятленні генетычных сувязяў галоўных персанажаў крыўскага варыянту г. зв. «асноўнага» міфу індаеўрапейцаў. Аўтарытэтныя даследнікі балцка-славянскай даўніны В. Іванаў і У. Тапароў здолелі (пераважна на матэрыялах беларускай, літоўскай і латышскай традыцыяў) рэканструяваць агульнаіндаеўрапейскі «асноўны» міфалагічны сюжэт пра касмаганічнае змаганне бога навальніцы Перуна (літ. Perkūnas, лат. Pērkōns, прус. Perkuns) і яго змеепадобнага суперніка Вялеса (літ. Velnias < *Velinas, лат. Velns, Vels)[102]. Навукоўцы ўжо звярталі ўвагу на тое, што найбольш слядоў культу Вялеса захавалася на Беларусі і на поўначы даўняй Русі[103]. Б. Рыбакоў тлумачыў пашырэнне культу Вялеса на вялікіх абшарах лясной зоны Усходняй Еўропы шырокім рассяленнем балтаў з часоў бронзавага веку, калі плямёны культуры шнуравой керамікі займалі частку Верхняга Паволжа, даходзячы нават да Валагодчыны[104]. Ю. Лаўчуце і Дз. Мачынскі, прааналізаваўшы крыніцы з мовазнаўства і міфалогіі, прыйшлі да высновы, што прылучэнне Вялеса да агульнаславянскіх багоў праблематычнае; яны ж зацемілі, што старарускія пісьмовыя помнікі сведчаць пра ўзнікненне пары Пярун - Вялес на поўначы Русі. Зважаючы на археалагічную прысутнасць крывічоў у нізавінах Волхава ды ў Верхнім Падзвінні, дзе вядомыя тапонімы Вяльсы, Вялешы ды Вялеса, Вялешчы, Вяліж адпаведна, даследнікі зацямляюць, што ў фармаванні сакральнай пары Пярун - Вялес важную ролю адыгралі менавіта крывічы[105]. Цікава, што на поўначы Беларусі мясцовы назоў курганоў «валатоўкі» арэальна супадае з тэрыторыяй рассялення крывічоў ды мае, як і імя Вялеса, аснову *vel-[106]. Дарэчы тут згадаць, што капішча гэтага бога ў Кіеве месцілася акурат там, дзе спыняліся чоўны наўгародцаў і крывічоў[107]. Меркаванне пра сувязь тэрміну «валатоўкі» адно са славянским этнасам[108] трэба ўважаць за беспадстаўнае (параўн. літ. vėlė ‘душа памерлага', velės ‘цені памерлых', vėlinės, veliai ‘час шанавання памерлых', што добра стасуецца з беларускімі паданнямі пра волатаў, як першапродкаў сучасных людзей). У. Тапароў, які фіксуе прысутнасць гідранімічных балтызмаў не толькі на поўначы крывіцкага арэалу - на Пскоўшчыне і Цвершчыне, але і на ўсёй тэрыторыі Наўгародчыны, «літаральна ўва ўсіх яе частках», піша, што варыянт «асноўнага» міфу, у якім з'яўляецца трэці - жаночы персанаж, рэканструюецца найперш на матэрыялах даўніх земляў Ноўгараду і «выяўляе вельмі вялікую ступень блізіні з балцкімі версіямі гэтага міфу, якія вылучаюцца большай архаічнасцю, за ўсходнеславянскія рэканструкцыі. Калі ўлічыць, што балцкая версія зрабіла бясспрэчны і вельмі значны ўплыў на ўсходнеславянскія версіі там, дзе прысутнічаў балцкі субстрат (уся Беларусь, Смаленшчына, Пскоўшчына, Калужская вобл.) і дзе яшчэ захоўваюцца рэлікты "асноўнага" міфу, дык, мабыць, ёсць падставы і ў "наўгародскай" (у шырокім сэнсе гэтага слова) версіі гэтага міфу падазраваць уплыў балцкіх крыніцаў»[109]. Станаўленне індаеўрапейскага міфу пра Грымотніка бярэ пачатак у «гераічнай» эпосе рассялення індаеўрапейцаў (недзе з канца III тыс. да н. э.), з ім супадае вылучэнне ў грамадстве на першы план ваярскай функцыі і героя міфу як правадыра баявой дружыны[110]. Найбліжшыя аналогіі да міфалагічных уяўленняў беларусаў пра Грымотніка адзначаюцца ў літоўцаў і латышоў[111]. Д. Шэпінг у сваім часе быў нават перакананы што «нельга ўважаць імя Перуна за славянскае і больш імаверна прыняць, што яно перайшло ў Расію або праз варагаў або праз крывічоў, маючы на ўвазе пашырэнне сярод іх рэлігіі пруска-літоўскага Крыве»[112]. Усе гэтыя звесткі добра стасуюцца з фактам іранскага паходжання бальшыні багоў (Дажбог, Стрыбог, Сварог, Хорс, Сімаргл) г. зв. «усходнеславянскага» пантэону, тады як Пярун і Вялес - архаічныя індаеўрапейскія боствы - дасталіся славянам у спадчыну ад балтаў, што пацвярджаецца і прынятаю бальшынёю лінгвістаў тэорыяй пра развіццё славянскіх моваў з перыферыйных заходнябалцкіх дыялектаў[113]. У святле гэтага становіцца зразумела, чаму крыўскі арэал, адметны сваёй яскравай балцкай фактурай, выступае як асяродак захавання і пашырэння рэліктаў «асноўнага» міфу. Знаходзяцца падставы і для далучэння крывічоў да юрысдыкцыі літоўска-прускага найвышэйшага святара Крыве-Крывайціса[114], культ якога займаў значнае месца ў рэлігійных вераннях балцкіх плямёнаў. Але нават пры скептычным стаўленні да панбалцкага характару культу і ўлады Крыве, «даследуючы язычніцкі пантэон беларусаў і этнічных літоўцаў, набор сюжэтаў і вобразаў іх аўтэнтычнай міфалогіі, нельга не звярнуць увагу на тыпалагічную блізкасць гэтых пластоў культуры. Такое збліжэнне, часам аж да тоеснасці, - вынік не толькі ўзаемаўплываў іх культур у рамках агульнай дзяржавы - Вялікага Княства Літоўскага, але і генетычных вытокаў»[115]. Наяўнасцю балцкага субстрату можна гэтаксама вытлумачыць і асаблівасці тутэйшай паганскай манументальнай скульптуры (у т. л. і слыннага «шклоўскага ідала»)[116]. Натуральнае развіццё старакрыўскай культуры было гвалтоўна перарванае духоўнай інтэрвенцыяй хрысціянскай царквы, якая спрычынілася да карэннай змены этнакультурнай сітуацыі праз уcталяванне новай этнаканфесійнай самаідэнтыфікацыі мясцовага насельніцтва (што працягвалася і па ўтварэнні Літоўскага гаспадарства), калі хрост балтаў у «рускую» веру ўрэшце прыводзіў да іх ментальнай і моўнай рутэнізацыі[117]. Зрэшты, згодна з уяўленнямі рускага летапісца, крывічы належалі да найбольш зацятых прыхільнікаў дзядоўскіх звычаяў: «Си же творяху обычая и Кривичи и прочии погании, не ведуще закона Божиа, но творяще сами собе закон»[118]. Таму, мабыць, няма нічога незвычайнага ў тым, што «на Полацкай Крыўі ў XI - XII стст., у адрозненне ад Усходнеславянскіх абшараў, так і не адбыўся акт хросту, інспіраваны князямі (прыкладам: Кіеў 988 г., Ноўгарад 990 г.), хрысціянізацыя ж, як павольны працэс узаемадзеяння новай рэлігіі і трывалых паганскіх традыцый, афіцыйна была ўхвалена ў Полацку толькі ў пачатку XII ст., што надалей спрыяла ўзнікненню архаічных (prоpaganus) формаў праваслаўя, якія і ў XIX ст. спрыялі захаванню паганскага зместу ў фармальна ахрошчанай культуры Беларусі»[119]. Цалкам магчыма, што нават сам этнонім крывічы дзеля гэткага этнарэлігійнага зместу мог набыць для стваральнікаў старарускіх пісьмовых помнікаў сэнс сінанімічны разуменню няправільнага і беззаконнага народу[120]. Палітычная гісторыяНайранейшы час, з якога мы можам казаць нешта пэўнае пра палітычную арганізацыю на крыўскіх абшарах, - гэта канец жалезнага веку (V - VIII стст.), калі на грунце археалагічных культураў папярэдняга часу (дняпроўска-дзвінскай, штрыхаванай керамікі, кіеўскай) паўстае культура тыпу Банцараўшчына - Тушамля - Калочын. З гэтай культурай, адметнай відавочным супадзеннем яе арэалу з пазнейшымі ўсходнімі і часткова паўночнымі ды паўднёва-ўсходнімі этнічнымі межамі беларусаў, звязваюцца пачаткі дзяржаўнасці на нашых землях[121]. Паводле А. П'янкова, міжпляменную канфедэрацыю таго часу правамерна называць Крыўскім пляменным звязам, утвораным на землях усходніх балтаў[122]. На змену банцараўскай культуры прыходзяць княствы летапісных плямёнаў, асноўнымі з якіх былі полацкія крывічы, дрыгавічы і радзімічы. Далейшае развіццё дзяржаватворных працэсаў працягвалася ў «рускую» эпоху. Вытокі фармавання метаэтнічных «рускіх» карпарацыяў - асноўнага рухавіка гэтых працэсаў - трэба, на наш погляд, шукаць яшчэ ў банцараўскіх часах, калі асобныя тутэйшыя валадары ўжо абапіраліся на прафесійных ваяроў - сталую княскую дружыну. Пра гэта сведчыць існаванне ўмацаваных гарадзішчаў, падобных да сапраўдных замкаў, дзе археолагі знаходзяць асабліва шмат зброі, якая магла належаць князю і ягонаму войску[123]. У IХ - Х стст. вайсковыя фармацыі пляменных князёў папаўняюцца скандынаўскімі (варажскімі) прыхаднямі. З пранікненнем апошніх ва Усходнюю Еўропу ў якасці наймітаў, гандляроў і захопнікаў звязваецца з'яўленне германскага тэрміну «русь» (ст.-паўн. rōþ(e)R ‘вясляр; веславанне; вясло; плаванне на вясловых суднах' > фін. ruotsi > ст.-рус. русь)[124] і на крыўскай тэрыторыі. Спачатку ў сацыяльным плане «русь» - гэта толькі дружына князя, ягонае «рыцарства» і адміністрацыя, а «Руская зямля», «Русь» - падуладная гэтаму валадару ды ягонаму атачэнню тэрыторыя, дзяржава[125]. Пры гэтым да ўласна «Рускай зямлі», або «Русі» ў вузкім сэнсе (якая існавала ў Сярэднім Падняпроўі), Полацк і Смаленск не належалі[126]. Да апошняй траціны IХ ст. полацкія крывічы не залежалі ні ад Кіева, ні ад Ноўгараду, і толькі ў 70-я гады IX ст. кіеўскія князі Аскольд і Дзір зрабілі выправу на Полацк ды, магчыма, улучылі яго ў арбіту свайго ўплыву. Але, у кожным разе, пры князю Алегу Полацк ужо не падпарадкоўваўся Кіеву[127]. Усе вышэй згаданыя гарады, якія былі канкурэнтнымі дзяржаваўтваральнымі цэнтрамі, належалі да трох вялікіх этнакультурных і геаграфічных арэалаў: фінска-славенскай Поўначы, іранска-палянскага Падняпроўя ды балцка-крыўскага Верхняга Падняпроўя і Падзвіння. Два першыя арэалы, не завяршыўшы самастойнага развіцця ў дзяржаўныя структуры, былі задзіночаныя Рурыкавічамі і ўжо разам ішлі да ўтварэння супольнага гаспадарства, Полацкая ж зямля выявіла максімум упартасці і не трапіла ў гэты хаўрус[128]. Ведамы гісторык і культуролаг Л. Акіншэвіч зацямляў з гэтай нагоды, што «ў часы "князёўскія" (Х - ХIII стст.) беларускія княствы, бясспрэчна, менш за ўкраінскія й расейскія, мелі тэндэнцыю да злучэньня ў ваднэй "рускай" цэласьці. Звычайна гэта тлумачаць тым, што тут была асобная князёўская дынастыя. Гэтае тлумачэньне мала пераканальнае. Нам думаецца, што яны вылучаліся нечым іншым і ў першую чаргу, як відаць, тым, што глыбіня супольных культурных уплываў (перадусім уплываў бізантыйскіх) тут была меншая. Не малую ролю іграў таксама мамэнт расавай і культурнай блізіні да старых суседзяў (а магчыма й старых родзічаў), народаў "балцкае" групы - да лятувісаў і латышоў»[129]. Гэткая этнакультурная матывацыя «крыўскага сепаратызму» мела моцныя грамадска-рэлігійныя падставы, абумоўленыя тым, што «на тэрыторыі Полацкай Крыўі, што склалася як соцыя-палітычны арганізм ужо ў IХ ст., прыхільнасць да традыцыйных (адвечных) вераванняў мацавалася перш за ўсё цеснай лучнасцю з жрэцкай элітай балтаў - кланам Крывэ-Крывайціс, асобныя прадстаўнікі якога, хутчэй за ўсё, і ўзначальвалі супольнасць пад час яе фарміравання і кансалідацыі»[130]. Высокая ступень сакралізацыі крыўскага этнасоцыюму адчуваецца не толькі ў яго назове, вытворным ад імя, якое супадае з тытулам вярхоўнага святара балтаў. Невыпадкова на крыўскай тэрыторыі ўзнік г. зв. Гнёздаўскі некропаль, які не меў роўных па грандыёзнасці на ўсходзе Еўропы і дзе выпрацоўваліся нормы пахавальнай абраднасці паганскага вайскова-гандлярскага стану[131]. Як мяркуе С. Тарасаў, менавіта «прыярытэтнае становішча ў саюзе плямён рода Крыва, верагодна, забяспечыла Полацку, палачанам, Полацкай зямлі іх выключнае, самастойнае і незалежнае месца ў геапалітычных варунках Усходняй Еўропы»[132]. Да прадстаўнікоў святарскага стану, відаць, трэба прылучаць і першага згаданага ў пісьмовых крыніцах крыўскага князя Рагвалода (*Ragnvald(as)). Нават пры імаверным скандынаўскім паходжанні гэтага кіраўніка, яго статус «сакральнага валадара» (rex sacrorum) не мусіць выклікаць вялікіх сумневаў - шчыльныя этнакультурныя кантакты ў цыркумбалтыйскім рэгіёне таго часу дазваляюць выказаць меркаванне, што і некаторыя варажскія правадыры маглі мець сакральны статус (згадайма хоць бы «вешчага» князя Алега (Helgi) (ст.-паўн. ‘святы'), паданне пра смерць якога добра стасуецца з уяўленнямі пра рытуальнае забойства «архаічнага валадара»). Усё адзначанае магло быць дадатковым стымулам (або ўмоваю) з боку тутэйшага жыхарства, каб надаць князю ўладныя паўнамоцтвы і прызнаваць іх легітымнасць. Гіпотэза гэтая пацвярджаецца і лінгвістычнымі матэрыяламі: першы кампанент імя Рагвалода, як і ягонай дачкі Рагнеды, тоесны са ст.-паўн. ragnar ‘багі', што стасуецца з літ. regėti, лат. redzēt ‘бачыць, сузіраць', адкуль літ. ragana, бел. (дыял.) рагана ‘вядзьмарка, чараўніца'. У аснове разгляданых найменняў ляжыць сема ‘прарочы дар, дар прадбачання' - *ragn-, і азначае гэты тэрмін таго, хто валодае гэткім дарам[133]. Існаванне тапонімаў, звязаных з імем Рагнеды, ды месцаў, дзе яна нібыта пахаваная («гара Рогвальда і Рагнеды», або інакш «Рагнедзін курган» на паўвыспе Перавоз на воз. Дрыса, «Рагнедзіны курганы» ў Вялейскім р-не ды ў аколіцах г. Краслава (Латгалія), воз. Рагнедзь на поўнач ад Заслаўя, «магіла Рагнеды», або «замэчак Рагнеды» ў самым Заслаўі, м-ка Рагнедзіна на Браншчыне)[134], таксама абумоўленае пэўнымі рэлігійнымі вераннямі[135]. Зацемім, што ў народным паданні пра «гару Рогвальда і Рагнеды» факт рэальнай гісторыі (забойства полацкага князя Рагвалода) спалучаецца з сюжэтам «асноўнага» міфу: князь быў забіты на гэтай гары ўдарам каменнага молата[136]. Асаблівую цікавасць выклікае постаць слыннага і без перабольшання найвыбітнейшага крыўскага князя - Усяслава Чарадзея. Ужо варункі нараджэння - «от вьлхвованья» - мусілі б вымагаць адметнасці далейшага жыццёвага шляху гэтага валадара. У. Лобач, разглядаючы звесткі пра Усяслава, пераканаўча даводзіць належнасць князя да стану святароў. Ад моманту чароўных народзінаў князю было дадзенае «язвено», якім, мабыць, была прыкметная ў яго ад народзінаў «ваўчыная поўсць», што была знакам магічнай здатнасці перакідацца ў ваўка на ўласнае жаданне, гэтая прыкмета можа асэнсоўвацца і як сведчанне крывізны (абранасці, сакральнасці) - абавязковай рысы ўсіх чараўнікоў; мянушка князя Усяслава «Волх» з быліны пра Волха Усяславіча паходзіць ад тэрміну вълхвъ ‘паганскі святар, чарадзей'; толькі прадстаўнік стану святароў у той час мог «кінуць жэрабя», што і робіць Усяслаў, кінуўшы лёсы «о дъвицю себе любу» (г. зн. Кіеў); толькі чарадзей, як Усяслаў, мог мець «вешчую» душу, прычым вельмі характэрна, што архаічнае індаеўрапейскае азначэнне ваўка *weid-n(o), у выглядзе якога «рыскаше» князь, адначасна сведчыць і пра «вяшчунства» гэтага звера[137]. А. Югаў, аналізуючы некаторыя спрэчныя месцы ў «Слове пра паход Ігараў», дадае да гэтага шэрагу іншыя сведчанні «чарадзейскага» вобразу полацкага князя: ягоная «вешчая» душа можа пераходзіць у іншае цела - «в друзЂ тЂлЂ»; эпітэт Усяслава «хытръ» азначае чараўніка; князь здабывае сабе кіеўскі сталец «клюками» (чароўнаю хітрасцю); за адну ноч ён пераносіцца з-пад Кіева да Ноўгараду - «обЂсися на синЂ мьглЂ» (павіснуўшы на сінім воблаку)[138]. Са свайго боку заўважым, што міфалагічныя рысы Усяслава Чарадзея, вядомыя са «Слова» (здатнасць перакідацца ў ваўка) ды быліны пра Волха Усяславіча (народзіны ад змея)[139], добра стасуюцца са стараіндаеўрапейскімі ўяўленнямі пра валадара-ваўка і змея, сімвалічна звязанага з царскай уладай (параўн. лексічны шэраг Волх, валадар, воласць, улада ды імя бога Вялеса, з якім таксама звязаныя ваўчыны і змяіны культы, з і.-е. коранем *uel- для абазначэння ўлады)[140]. Дарэчы сказаць, што агульнаіндаеўрапейскія вытокі меў і іншы інстытут улады, вядомы на Полаччыне, - веча (народны сход), якое ўвасабляла даўнюю традыцыю г. зв. «арыстадэмакратыі», маючы адпаведнікі перадусім у Паўночнай Еўропе (згадайма скандынаўскі тынг)[141]. Дагэтуль між навукоўцамі не спыняецца абмеркаванне замежнапалітычных акцыяў Усяслава. Вядома, што пасля вымушанага выгнання з Полацку ён выпраўляецца да фінскага племя водзь і на чале яго ўчыняе паход на Ноўгарад. Як гэта ні дзіўна, але праз паганскі і балцкі кантэкст становіцца зразумелаю пакрыёмая матывацыя гэтага Усяслававага ўчынку. Рэч у тым, што на землях водзі выяўляецца балцкая прысутнасць: значная колькасць пахаванняў з усходняй арыентацыяй, якая лічыцца тыпова балцкай абрадавай рысай[142], пашырэнне ў курганах рэчаў балцкага паходжання[143], балцкая гідранімія на тэрыторыі племя[144], наяўнасць у водзі (як і ў полацкіх крывічоў) доўгагаловага шыракатварага антрапалагічнага тыпу[145], які ў гэтай частцы Еўропы звязваецца з балтамі. У балцкім кантэксце водзі, як нам здаецца, можна ўбачыць сляды крывіцкай каланізацыі, калі носьбіты культуры даўгіх курганоў, а пазней і пскоўскія крывічы пранікалі на водскую пяціну. Гэта пацвярджаецца тым, што ў Латвіі нашчадкі водзі, пераселеныя туды ў 1445 г., вядомыя як крэвінгі[146], што можна вытлумачыць даўнімі кантактамі тых з крывічамі. Таму паход Усяслава, якому паганцы-водзь даверылі сваё войска, - не ў апошнюю чаргу, відаць, дзякуючы ягонай сакральнай харызме, падобны да прадуманага тактычнага кроку, у аснове якога была пэўнасць у «генетычна абумоўленай» лаяльнасці водзі. Гэтаксама зусім невыпадковая адначасная ўзгодненасць нападу на Ноўгарад і народнага паўстання ў гэтым горадзе, інспіраванага паганскім валхвом супраць біскупа і наўгародскага князя - Усяслававага ворага[147]. Больш за тое, нядаўнія штудыі сведчаць пра сувязь між паганскімі рэакцыямі на Балтыцы (у землях абадрытаў у 1066 г. і ў Швецыі ў 1067 г.) ды вайною Усяслава супраць Яраславічаў, адзначаецца роля Чарадзея ў гэтых падзеях як патэнцыйнага хаўрусніка шведскага (ды, магчыма, і абадрыцкага) паганскага руху[148]. Можна дапусціць, што найбольшым (перадусім вайсковым) падтрыманнем Усяслаў карыстаўся сярод балцкіх плямёнаў, з дапамогай якіх ён, скарэй за ўсё, вяртае ў 1071 г. свой законны полацкі пасад[149]. У часе валадарання Усяслава Чарадзея, які працягнуў палітыку свайго бацькі Брачыслава, дачыненні з суседнімі лета-літоўскімі плямёнамі мелі збольшага мірны, дагаворны характар[150]. Прабалцкаю істаю палітыкі крыўскіх валадароў[151], магчыма, тлумачыцца і ўлучэнне ў склад іх дзяржавы земляў сэлаў і латгалаў, дзе неўзабаве ўзніклі два гарады-фарпосты - Герцыке і Кукенойс, якія ўжо ў другой палове ХI ст. уваходзілі ў склад Полацкага княства[152]. Паводле Г. Семенчука, пры Усяславу Брачыславічу Полацкая зямля канчаткова ператварылася ў самастойную раннесярэднявечную дзяржаву, якая мела ўсе абавязковыя ў гэткім выпадку атрыбуты і палітычныя інструменты: стабільную тэрыторыю, найвышэйшую ўладу ў асобе князя, сваю дынастыю, апрычоную рэлігійную арганізацыю і збройныя сілы, што дазваляла полацкім князям праводзіць незалежную яд якога-кольвек цэнтру замежную і ўнутраную палітыку[153]. Між тым нельга не зважаць на тое, што разам з хрысціянізацыяй і паўсталай на яе аснове «рускай» этнаканфесійнай ідэнтычнасцю, Полаччына трапляла і ў зусім іншы кантэкст. І. Марзалюк даводзіць, што, нягледзячы на вельмі адметнае і спецыфічнае месца Полацкага княства ва Усходняй Еўропе, яго бессэнсоўна разглядаць па-за асадамі гісторыі Кіеўскай Русі і што яно разам са сваёй княскай дынастыяй усё ж усведамлялася сучаснікамі як частка адзінай дзяржаўнай супольнасці з цэнтрам у Кіеве[154]. Тым не менш, пры гэтым варта мець на ўвазе, што ўлучэнне рознаэтнічных абшараў у гэную супольнасць (калі прызнаваць яе існаванне) адбывалася збольшага праз уплыў гарадской культуры (у т. л. і ў сувязі з роляю гарадоў як цэнтраў асветы і пісьменства) ды хрысціянскай ідэалогіі, якія проста ды ўскосна спрыялі асіміляцыі традыцыяў карэннага насельніцтва ды фармаванню «агульнарускай» свядомасці[155]. Важна таксама ўдакладніць, што г. зв. «Кіеўская Русь» - гэта метаэтнапалітычная супольнасць, якая складвалася ў межах дзяржаваў, звязаных міжсобку эканамічна і культурна, што незалежна ад моўнага падзелу асэнсоўвалі сваю належнасць да адзінага палітычнага цэнтру[156]. Аднак трэба ўлічваць і існаванне «нямой бальшыні» тагачаснага насельніцтва (у нашым разе - этнічна балцкага), да якога можна дастасаваць словы Н. Якавенкі, што «наўрад ці агулам асноўная маса жыхарства (а не князі, іхныя набліжаныя ды купка асвечаных кніжнікаў) мела хаця б прыблізнае ўяўленне пра памеры Русі. Пагатоў нікому не прыйшло б у галаву, што, жывучы ў Пароссі, можна разважаць пра "агульнасць свайго паходжання" з Ноўгарадам або Полацкам. Аднолькава пісанае слова ды лучнасць духоўна-інтэлектуальнай традыцыі выклікалі адчуванне ўзаемнай роднасці, - але адно ў вузкім асяроддзі асвечанай эліты»[157]. Істотным фактарам была належнасць Полаччыны да цыркумбалтыйскага культурнага рэгіёну. Балтыйская геапалітычная арыентацыя была яркаю адметнасцю генезы Полацкай зямлі ды яе існавання[158]. Мабыць, ёсць рацыя ў меркаванні, што некаторыя полацкія валадары мелі больш трывалыя сувязі з балтыйска-скандынаўскім светам, як з Кіеўскай Руссю[159]. На прыкладзе дачыненняў Полаччыны з Літвою можна заўважыць, што раннесярэднявечная этнакультурная апазіцыя русь - літва рэалізоўвалася тут у больш кампліментарным варыянце[160]. Амаль праз усю гісторыю самастойнага існавання Полаччыны на яе ўплываў літоўскі чыннік. Вайсковая магута літвы неаднойчы выкарыстоўвалася полацкімі князямі ва «ўнутрырускіх» паходах у 1156, 1161, 1180, 1198 гг., пры змаганні з нямецкімі рыцарамі ў 1216 г., а таксама ў дамовых войнах, як, да прыкладу, князем Валадаром Глебавічам, які «не целова хреста» на знак замірэння з іншымі князямі, бо «ходяше под Литвою в лесех»[161]. Цікава зацеміць, што часам летапісцы атаесамлялі палачанаў і літву: калі ў Наўгародскім першым летапісе палачане згадваюцца як удзельнікі нападу на Кіеў, дык пазнейшы Ніканаўскі летапіс называе заміж іх літву[162]. Полацкая зямля ў ХIII ст. працягвала трымацца традыцыйнай палітыкі мірных дачыненняў з Літвою[163]. Пра знаходжанне першага пэўна літоўскага князя Таўцівіла на полацкім пасадзе вядома з 1263 г.[164], хаця заняць яго ён мусіў быў яшчэ раней. Прыкладна з гэтага часу можна казаць пра трывалы ўваход Полацку ў арбіту палітычнага ўплыву Літоўскага гаспадарства. Трапную характарыстыку дзяржаўна-дынастычных літоўска-полацкіх дачыненняў даў В. Ластоўскі: «Зліцьцё Полацкай Крыўскай княжай дынастыі з дынастыямі Літоўскіх князёў было так цеснае, што трудна цяпер згадаць, дзе ў іх канчалася крыўскасьць і пачыналася літоўскасьць»[165]. Крэўнасць крывічоў і літвы, падабенства іх звычаяў і культуры[166] стала «рошчынай» для трывалага падмурку, на якім паўставала новая дзяржава, вядомая ў пару свайго росквіту як Вялікае Княства Літоўскае. *** У гэтым нарысе былі закранутыя толькі найбольш істотныя, на нашу думку, моманты этнічнай гісторыі крывічоў. Больш грунтоўнае даследаванне яшчэ наперадзе. Але ўжо сёння, зважаючы на назапашаныя ў навуцы матэрыялы, можна наважыцца адмовіцца ад стэрэатыпнай «усходнеславянскай» атрыбуцыі найбольшага «протабеларускага» племя ды згадзіцца з У. Тапаровым, што «раней выказанае меркаванне пра магчымую "балцкасць" крывічоў знайшло цяпер новае выяўленне на незалежных падставах»[167].
|

Крывічы - найбольшая этнічная супольнасць сярэднявечча на абшарах лясной зоны Усходняй Еўропы, яны займалі вялізарную тэрыторыю ад Верхняга Панямоння на захадзе да Кастрамскога Паволжа на ўсходзе, ад Пскоўскага воз. на поўначы і да вышнявінаў Сожу і Дзясны на поўдні. Летапіс паведамляе, што крывічы «сѣдять на верхъ Волги, и на верхъ Двины и на верхъ Днѣпра, их же градъ есть Смоленескъ»