EnglishFrenchGermanPolishRussianLatvianLithuanianUkrainian

«Даўняя Літва» як чыннік цывілізацыйнай ідэнтычнасці сучасных беларусаў і літоўцаў

Ёнас Лаўрынавічус 28.07.2009 г. 1551   

I

Адрозны сацыяльны і этнічны дослед, розныя шляхі нацыянальнага адраджэння і дзяржаўнага будаўніцтва ў Літве і ў Беларусі, а таксама, не ў апошнюю чаргу, інспіраваная трэцім зацікаўленым бокам інтрыга прадузятага трактавання нашай супольнай гісторыі і нашых узаемных стасункаў вымагаюць шукаць нейкія аб’ектыўныя крытэрыі ацэны агульнай мінуўшчыны. Робячы пры гэтым і ўласныя высновы, скіраваныя не на канфрантацыю, а на канструяванне супольнай ды плённай будучыні.

Паводле класіка, усе наступныя пакаленні чалавецтва стаяць на плячах сваіх папярэднікаў. Таму спадчына даўняй Літвы нагадвае пра сябе і ўплывае на сённяшняе нашае жыццё. Эмацыйна, ментальна, інтэлектуальна. Матэрыяльнымі помнікамі культуры, дзеямі і думкамі вялікіх, духоўнай аўрай. Этнічнай і сацыяльнай памяццю людзей. Гэта — нашая тоеснасць, сацыяльны досвед самапазнання, выпрацаваныя калісьці алгарытмы развязання адвечных праблем, у тым ліку і геапалітычных. Ацэньваць, узбагачаць ды выкарыстоўваць гэты досвед цяпер ёсць, і, відаць, заўсёды будзе патрэбай рэальнага жыцця. Гімн Літвы, створаны Вінцасам Кудзіркам (Vincas Kudirka) у канцы ХІХ ст. як праграма літоўскага нацыянальнага адраджэння, гэтак і сцвярджае: «Iš praeities tavo sūnūs te stiprybę semia!» («Хай сыноў тваіх напоўніць сілаю былое!»).

Фундаментальнай асновай пры ацэне агульнага ды адметнага ў гісторыі Літвы і Беларусі ёсць навукова засведчаны факт спрадвечнай балцкасці нашага рэгіёну, славянізацыя часткі якога дала пачатак сучаснаму беларускаму этнасу. Таму і погляд на балцкасць як агульны этнічны чыннік — гэта крытэрый сталасці дачыненняў паміж нашымі культурамі, народамі і краінамі.

Гэткая візія праблемы дыктуе і задачу даследавання — вызначыць агульнае (балцкае) і адметнае (славянскае) у супольнай гісторыі. Ключавой тут здаецца праблема цывілізацыі «даўняй Літвы» ў дыялектыцы яе адносінаў з пазнейшым паняццем створанай ёю дзяржавы — Вялікага Княства Літоўскага (ВКЛ) ды ва ўзаемадзеянні гэтай апошняй з балцкім насельніцтвам тагачаснай Беларусі. Важна зразумець, што міф аб «чыста славянскай» прыродзе беларусаў — гэткі ж штучны, як і русафільская трактоўка гісторыі Літвы і Беларусі ды іх узаемных стасункаў. Народжаны яшчэ ў нетрах канцэпцыі Масквы як «Трэцяга Рыма», шліхфаваўся ён ужо ў ХІХ ст., пры падзеле Расіяй, Аўстра-Вугоршчынай і знямечанай Прусіяй спадчыны былой Рэчы Паспалітай. Мяркую, што для паўнавартага нацыянальнага адраджэння канечне патрэбна вызваліцца ад гэтых міфаў.

lit_jl.jpgПараўноўваючы паняцці «даўняй Літвы» і «ВКЛ», трэба зацеміць, што першае з іх нашмат шырэйшае і глыбейшае — як у часе, гэтак і зместам. Гэта — цывілізацыя. Балты жывуць у сваім гістарычна акрэсленым абшары з часоў, якія чамусьці называюцца «дагістарычнымі», цягам суцэльных эпох, ва ўмовах змены рэлігій і ладу жыцця, тады як дзяржава, створаная імі, — ВКЛ праіснавала на значнай частцы гэтай прасторы «толькі» каля шасці стагоддзяў, спачатку ў атачэнні, а потым і ў аблозе пазнейшай, ужо хрысціянскай цывілізацыі.

Зразумела, розная ступень дакументаванасці і, што не менш важна, — прапагандавання розных этапаў развіцця нашай цывілізацыі адбіваецца на гістарычнай свядомасці грамадства. Выяўляючыся ў недыферэнцаванасці, у нераспазнанасці абодвух паняццяў, а ў выніку — у іх кантамінацыі. Аднак ігнараванне цывілізацыйных набыткаў «даўняй Літвы» скажае разуменне таго, што адбывалася тут ужо ў г. зв. «гістарычныя» часы. Бо без папярэдняй гісторыі немагчыма зразумець наступную.

Для літоўцаў эпоха «даўняй Літвы» цягнецца ажно да хросту ВКЛ паводле каталіцкага абраду ў канцы ХІV ст., для продкаў беларусаў яна заканчваецца хростам чатырма стагоддзямі раней. Менавіта тут трэба шукаць прычыны прынцыповай розніцы ў разуменні гісторыі рэгіёна кожным з гэтых народаў. Першыя беспасярэдне звязваюць сябе са старажытнай Літвой, а ўжо ў выніку гэтага — і з ВКЛ. Другія ідэнтыфікуюць сябе найперш з хрысціянствам, прымаючы тое, што было да яго, за «паганства» — нешта калі і не зусім чужое (звычайна разуметае ў кантэксценебалцкага, а славянскага язычніцтва), дык ва ўсякім разе не зусім сваё. І таму гісторыя Літвы тлумачыцца імі нярэдка ледзь не як вынік экспарту дзяржаўнасці, якой нібыта манапольна валодалі славяне і зусім не валодалі балты.

Між тым, нават геапалітычныя прэтэнзіі Масквы на ролю «Трэцяга Рыма» былі, па сутнасці, толькі спробай перахапіць цывілізацыйнае лідэрства ў рэгіёне, аб чым да заняпаду Бізантыі ды адыходу «даўняй Літвы» не было і гаворкі. Міфічная перавага «славянскіх» соцыумаў над «балцкімі» разбіваецца аб канкрэтныя факты: пры аналізе помнікаў пракаветных часоў — сама магчымасць спрэчкі аб балцкай або славянскай этнічнай атрыбуцыі, скажам, мілаградскай археалагічнай культуры ёсць найлепшым доказам спекуляцыйнасці пытання пра нейкія «перавагі», пры параўнанні палітычнай і ваеннай актыўнасці ў ХІІ — ХV стст. у нашым рэгіёне, колькасці мураваных фартыфікацыяў у «даўняй Літве», пры поглядзе на ўзровень гаспадаркі ў ВКЛ, якая характарызуецца як найлепш арганізаваная ў Еўропе ды г. д.

Страта дзяржавай абодвух народаў незалежнасці ў канцы ХVІІІ ст. дазволіла акупанту не толькі знішчыць бясцэнныя культурныя каштоўнасці ды вывезці дакументальныя архівы Вялікага Княства, але і сфальсіфікаваць рэальную гісторыю, вынікам чаго ёсць трактаванне мінуўшчыны ўсіх паняволеных народаў як складовай часткі гісторыі Расіі. Усё, што не ўціскаецца ў яе пракрустава ложа, мэтанакіравана вынішчаецца з грамадскай свядомасці цягам апошніх стагоддзяў. Гэта — ідэалагічная спадчына мінулага, і таму сёння хаця б у агульных рысах давядзецца гаварыць і пра яе.

II

Цывілізацыйны падыход Арнольда Тойнбі (Arnold Toynbee) да праблем гісторыі, карэнным чынам адрозны ад марксісцкага бачання развіцця чалавецтва як нібыта заканамерна зададзенай змены грамадска-палітычных фармацый, дае падставу гаварыць пра самакаштоўнасць балцкай цывілізацыі. Сама магчымасць суіснавання на Зямлі і па сённяшні дзень грамадстваў з самым розным узроўнем эканамічнага развіцця ды заснаваных на абсалютна розных сацыяльных прынцыпах (а гэтыя прынцыпы трактуюцца гістарычным матэрыялізмам усяго толькі як элементы «надбудовы» над «базісам» эканомікі) ёсць найлепшым доказам таго, што патрабаванне замены «адсталых», «рэліктавых» фармацый, — а менавіта гэтак разглядаецца гісторыя балтаў, нібыта больш прагрэсіўнымі — адлюстроўвае хутчэй драпежніцкую імперскую практыку, чым «заканамернасць» гісторыі. Формай існавання чалавецтва ёсць розныя соцыумы, арганізаваныя паводле сваіх уласных, іманентных законаў. Магчымасці іх самаразвіцця залежаць, з аднаго боку, ад стваральнага патэнцыялу этнасу, што іх утварыў, а з іншага — ад здатнасці не толькі выстаяць перад знешнім ціскам з боку іншых соцыумаў, але таксама інтэграваць іх найноўшыя цывілізацыйныя набыткі.

Паводле свайго зместу ды характару герархіі складовых элементаў, паняцце «цывілізацыя» куды больш універсальнае за абстракцыі кшталту «грамадска-палітычных фармацый» гістарычнага матэрыялізму, бо далёка не ўсё ў жыцці людской супольнасці вырашаюць эканоміка і матэрыяльны інтарэс. Шмат што вызначаюць духоўныя пачаткі самаарганізацыі грамадства. Відаць, не выпадкова і сам тэрмін «культура» паходзіць ад «культу». А як і культ, і культура (у тым ліку вытворчая) таго ці іншага соцыуму развіваюцца ў пэўным этнічным асяродку, на пэўнай акрэсленай тэрыторыі, то, маючы на ўвазе шматзначнасць вызначэнняў этнасу, гісторыя соцыуму — гэта, па сутнасці, этнічная гісторыя, якая ёсць адзіна навуковым, а не спекуляцыйным метадам вывучэння мінуўшчыны. Гэты метад насуперак кабінетным абстракцыям марксізму не накладае прынцыпы на канкрэтыку, а даследуе сам гістарычны працэс і толькі потым узнімаецца да нейкіх абагульненняў яго заканамернасцяў.

Падобны погляд адэкватна тлумачыць, чаму на працягу ўсёй гісторыі народы з гэткай упартасцю абараняюць свой лад жыцця. Класічнай ілюстрацыяй чаго ёсць цывілізацыя «даўняй Літвы» і гісторыя створанай ёю дзяржавы — ВКЛ.

Трэба ўдакладніць, што этнічны аспект даследавання не абавязкова супадае з палітычным, бо ў рэальнай гісторыі абодва гэтыя пачаткі далёка не заўсёды ідэнтычныя, а хутчэй узаемадапаўняльныя, бо: 

  • у адзін соцыум (прыкладам, дзяржаву) могуць уваходзіць некалькі народаў
  • адзін этнас можа быць падзелены паміж некалькімі дзяржавамі (соцыумамі)
  • не ўсе народы ствараюць свае дзяржавы.

Адпаведна, розныя этнасы, жывучы ў агульным соцыуме, падпарадкоўваюцца агульным законам, а розныя часткі аднаго народа ў розных палітычных умовах жывуць па-рознаму.

Зразумела, што, даследуючы розны аб’ект, кожная з гэтых навук атрымлівае і розныя вынікі. Скептычнае стаўленне палітычнай («прафесійнай»!) гісторыі да гісторыі этнічнай як да занятку «рамантыкаў», некампетэнтных «аматараў» і г. д., змушае нагадваць пра ўдзел у распрацоўцы праблем этнагенезу, этнакультуры, этналогіі многіх усясветна вядомых навукоўцаў. А што да г. зв. «аматарства» — дык яно ёсць натуральнай рэакцыяй грамадства, якое мае патрэбу ў абагульняючых гістарычных працах, іншымі словамі, у адэкватным самапазнанні там, дзе вынікі навукі афіцыйнай, г. зн., палітычнай, выклікаюць у яго вялікія сумневы.

Наколькі аўтэнтычна ды з якіх крыніцаў пазнавалася нашая ўласная гісторыя? Публікацыі літоўскіх даследчыкаў даюць магчымасць прасачыць мэтанакіраваную адміністрацыйную і прапагандысцкую палітыку Расіі на працягу ўсёй акупацыі — з канца ХVІІІ і да ХХ ст. улучна з мэтай падзяліць грамадзянаў былога ВКЛ паводле прыкметы веравызнання, мовы і сканструяваць гэткім чынам іх узаемную апазіцыю як у сучаснасці, гэтак і рэтраспектыўна экспануючы яе ў гістарычнае мінулае. Хаця відавочна, што акурат на этнічнай глебе паміж папярэднікамі сучасных літоўцаў і беларусаў значных канфліктаў на працягу ўсёй гісторыі існавання Вялікага Княства не зафіксавана. Падзел паводле інтарэсаў быў відавочна іншы.

Хрэстаматыйны прыклад: нават ва ўнутранай кровапралітнай вайне магнацкіх канфедэрацый канца ХVІІ — пачатку ХVІІІ стст. на баку Радзівілаў, якія паходзяць родам з г. зв. «пачатковай Літвы» (Lithuania Рropria), выступае, разам з іншымі саюзнікамі, магілёўская шляхта, а, так бы мовіць, «славянскі» род Сапегаў карыстаецца падтрымкай бясспрэчных «балтаў» — жамойтаў.

Пазней бальшавізм узбагаціў традыцыйную русафільскую аргументацыю яшчэ і класавым зместам. Адміністрацыйныя камбінацыі з «літоўскімі» (Віленская, Ковенская, Горадзенская, Наваградская, пазней Сувалкійская) і «беларускімі» (Менская, Віцебская, Магілёўская) губернямі скончыліся тым, што большая частка іх з цягам часу страціла статус «літоўскіх», а ўвесь край урэшце набыў імя «Паўночна-Заходняга». Правакацыйная палітыка царызму выклікала паўстанні, а рэпрэсіўным адказам на іх была страта адной палітычнай і, адпаведна, сацыяльна-культурнай пазіцыі за другой. Закрыццё Віленскага універсітэта, забарона літоўскай мовы на лацінцы, гвалтоўны масавы перавод насельніцтва гістарычнай Паўднёва-Усходняй Літвы (цяпер збольшага — Заходняй Беларусі) у праваслаўе. І адпаведна — русіфікацыя гэтай гістарычнай вобласці, прамежкавым этапам якой была беларусізацыя. Не дзіўна, што і звесткі двух перапісаў насельніцтва — 1858 г. (напярэдадні паўстання Кастуся Каліноўскага) і 1897 г. разыходзяцца нагэтулькі, што гутарка ідзе нібы пра жыхарства розных абшараў.

Прыкладам, аказваецца, што колькасць этнічных літоўцаў на Віленшчыне ўсяго за 40 гадоў скарацілася з 60 адсоткаў да 2,1! Прычына гэтага палягае ў, відаць, свядомай змене методыкі ацэнак — не паводле прыкметаў этнаграфіі і этнічнага менталітэту, а паводле побытавай мовы і веравызнання. Рабілася таксама стаўка на «заходнерусізм» беларусаў, які меў адыграць ролю супрацьвагі дзяржаўным інтэнцыям ментальных нашчадкаў ВКЛ. Звернем увагу, што акадэмік Яўхім Карскі ва ўступе да сваёй працы «Беларусы» вельмі асцярожна аперуе этнічнымі паняццямі: маўляў, мапы беларускіх гаворак ахопліваюць арэал пражывання не толькі беларусаў, але і ўсходніх літоўцаў.

Уідэалагічным абсягу найважнейшай задачай Расіі было абгрунтаванне законнасці падзелу Рэчы Паспалітай і, адпаведна, анексіі ВКЛ — як нібыта «воссоединения исконно русских земель». З гэтай мэтай Вялікае Княства інтэрпрэтавалася як руска-літоўская дзяржава, а карэнныя этнасы — літву і ятвягаў нават гэткі паважны гісторык як Сяргей Салаўёў, называе «странными народами».

Зразумела, што з гэтымі напрацоўкамі расійскай імперскай ідэалогіі ды практыкі мусілі сутыкнуцца адраджэнцы абодвух народаў у ХІХ — ХХ стст. Розніца толькі ў тым, што літоўцам дзеля этнічнага і культурнага выжывання давялося стаць у жорсткую апазіцыю да расійскай гістарыяграфіі, хаця многія яе пастулаты і міфы (прыкладам, аб выключна заходнім характары крыжацтва супраць «даўняй Літвы») жывуць і дагэтуль. Яшчэ ў большай ступені гэткая залежнасць характэрная для гістарычнай ідэалогіі беларускага нацыянальнага руху, якая шмат што ўзяла на ўзбраенне беспасярэдне з расійскага арсеналу. Сёння многа і справядліва пішацца ды гаворыцца пра недахопы ў поглядах і методыцы тагачасных гісторыкаў, але задача, на маю думку, у тым, каб увогуле ўрэшце выйсці з ценю ідэалогіі, якая прыдумлялася супраць нашых народаў як варожая.

III

Прафесар Альфрэдас Бумблаўскас (Alfredas Bumblauskas) сказаў аднойчы, што пытанне аб спадчыне ВКЛ ёсць яблыкам разладу між беларускай і літоўскай гістарыяграфіяй. Паўтару, што з майго гледзішча, праблема палягае глыбей, — у недыферэнцыяванні паняццяў «даўняй Літвы» і «ВКЛ». Тут, праўда, трэба зацеміць, што постсавецкая школа гісторыі ў Літве сама ледзь не дэманстратыўна ігнаруе напрацоўкі іншых гуманітарных навук (мовазнаўства, этналогіі, этнаграфіі, антрапалогіі ды інш.) у дачыненні «дагістарычнай» Літвы. Аднак вольна ці міжвольна яна ўсё ж змушаная мець на ўвазе ўвесь комплекс балта-славянскіх і індаеўрапейскіх даследаванняў ХІХ-ХХ стст., змест якога, незалежна ад афіцыйнай ідэалогіі ў колішнім СССР, быў і ёсць рэаліяй мыслення інтэлігенцыі Літвы. Таму нават недагаворанасць асобных момантаў этнічнай гісторыі ўсведамляецца ў нацыянальнай ментальнасці досыць артыкулявана.

Нешматлікія, але надзейныя факты з глыбіняў стагоддзяў сведчаць, што «даўняя Літва» з часоў легендарнай «краіны Гіпербарэяў», а спрошчана: Літва да хросту — была, па сутнасці, адным з цывілізацыйных полюсаў Еўропы — у шэрагу ды побач з элінскім ды рымскім светамі.

Магутны пласт балцкай (самай архаічнай у Еўропе) гідраніміі на вялізным абшары ад Волгі да Балтыкі і ад Даўгавы да Эльбы адлюстроўвае не толькі шматслойныя сакральныя, геаграфічныя, этнічныя, сацыяльныя вымярэнні гэтай цывілізацыі, але і яе выпраменьванне на прасторы Еўропы, у тым ліку і ўплывы на далейшыя працэсы этнагенезу многіх народаў кантыненту. Шматлікія балтызмы ў мовах суседзяў — у сферы не толькі духоўнай, але і зямной сведчаць пра бясспрэчныя, глыбокія ўплывы на культуру славянаў ды фіна-вуграў. А лета-літоўскія помнікі народнай творчасці, як і гістарычныя крыніцы, — яшчэ і пра генетычную сувязь са старажытнымі культурамі Міжземнамор’я. Усё сказанае пераконвае, што ідэнтыфікацыя прамых нашчадкаў балцкай цывілізацыі не можа абмяжоўвацца адно тэрыторыяй іх сучаснага пражывання ды тым адрэзкам гісторыі, які прапануе ім звыклая гістарычная традыцыя. Гэта азначала б звужэнне навуковай задачы і, адпаведна, скажэнне вынікаў даследавання. Бо носьбіты першаснай для індаеўрапейскага свету ў Еўропе мовы, цывілізацыі і ментальнасці куды цяжэй сціскаюцца ў кімсьці для іх спраектаваную біялагічную нішу нейкага цёмнага, балотнага этнасу «ў скурах». І наадварот, цалкам лагічна праяўляюць сябе ў далейшай гісторыі як стваральнікі паўночнай імперыі — Вялікага Княства Літоўскага.

Звычайна пры абгрунтаванні перавагаў над традыцыйнай цывілізацыяй балтаў апелююць да моўных аргументаў (напрыклад, мовы Статутаў ВКЛ), ігнаруючы магутны цывілізацыйны фон акурат мовы, духоўнасці і культуры, які ўяўляе сабой балцкая тапаніміка. Між тым, яна, як сведка пераемнасці эпохаў, куды лепш здольная патлумачыць, чаму стваральнікі ВКЛ трактуюць і балцкае, і славянамоўнае жыхарства як дзве часткі аднаго этнасу.

Працэс славянізацыі аўтахтоннага насельніцтва цяперашняй этнаграфічнай Беларусі, пачаўся, фактычна адначасна з хростам Русі (988 г.), калі гэта стала адным з аспектаў афіцыйнай палітыкі царквы і дзяржавы. У выніку натуральная сувязь паміж мовай і тапанімічным асяродкам пражывання соцыуму парушылася, і сэнс тапанімікі апынуўся па-за свядомасцю тутэйшага этнасу.

«Даўняя Літва» раскалолася паводле канфесійнай і, адпаведна, цывілізацыйнай прыкметы, а сам арэал аўтэнтычнага ладу жыцця — супаў з памерамі Літвы, так бы мовіць, «язычніцкай».

IV

Пра асобнае месца гэтай «даўняй Літвы» у новую эпоху ваяўнічага наступу хрысціянства (ХІ — ХІV стст.), між іншым, сведчаць і вектары крыжацкай экспансіі: з Бізантыі — праз славянскі свет ды з Рыма — праз германскі, прычым сыходзяцца яны тут, пазначаючы сабой месцазнаходжанне трэцяга полюсу Еўропы, і яго менавіта цывілізацыйнае вызначэнне, маючы на ўвазе паслядоўнае проціпастаўленне «язычніцкага» пачатку — хрысціянскаму, вясковага (pаganus) — гарадскому (urbanus), абшчыннага, «барбарскага» — цывілізаванаму (civilis) ды інш.

Паказальна, што сам назоў «Літва» упершыню ўзгадваецца ў Кведлінбургскіх аналах ад 1009 г. у выніку гэтага цывілізацыйнага процістаяння. Цвярджанне беларускага навукоўца Алы Квяткоўскай аб тым, што «стварэнне Літоўскай дзяржавы ёсць рэакцыяй балцкага свету на славянскую экспансію», у цывілізацыйным плане можна было б трактаваць і шырэй — як самаахоўную рэакцыю грамадства традыцыйнай веры на экспансію з бокучужой рэлігіі. Між іншым, з’яўленне фарпостаў хрысціянскай экспансіі на спрадвечных землях Лотвы (Полацк, Віцебск), Літвы (Горадня, Наваградак, Браслаў), Ятвягіі (Ваўкавыск, Слонім) ды інш. — ілюструе думку, што першыя «крыжацкія» выправы на «даўнюю Літву» з Усходу пачаліся на два стагоддзі раней, як з Захаду.

Традыцыйная вера ў соцыуме «даўняй Літвы» не пакідае месца для пазнейшых спекуляцый аб яе нібыта «літоўска-рускім», пагатоў «руска-літоўскім» характары (калі разумець пад «рускім» складнікам гэтага тэрміна значэнне «славянскі»). Вядома, што  г. зв. «рускімі людзьмі» пасля хросту Кіева станавіліся ўсе неафіты (як у выпадку з толькі што ахрышчанай лотвай у Ерсіцы). А прыхільнікі традыцыйнай веры менаваліся не іначай як «паганцамі». Мабыць, канчатковы выбар уладарамі Літвы ў якасці дзяржаўнай рэлігіі не праваслаўя, а каталіцызму сведчыць пра тое, што гэта — працяг даўняй палітыкі, спроба захавання сваёй цывілізацыйнай тоеснасці найперш ад крыжакоў з Усходу. Толькі ў іншых умовах і іншымі сродкамі.

Гісторыя ж Вялікага Княства Літоўскага разгортваецца ў эпоху пераходу гэтай дзяржавы і яе соцыуму да хрысціянства — ад хросту Міндаўга (Mindaugas) да хросту Ягайлы (Jogaila). І таму, адпаведна, у працэсе канфесійнай і сацыяльнай канвергенцыі — паступова страчвае рысы асобнай цывілізацыі. Гэта тым больш справядліва для эпохі сумеснага жыцця з Польшчай пасля Крэўскай, і асабліва — пасля Люблінскай уніяў.

Важна зацеміць, што самі ўладары «даўняй Літвы» сваёй дзейнасцю ў часе рэлігійных рэформаў Брутэня-Відэвута (Brutenis, Vaidevutis) у Прусіі або Швінтарога (Šventaragis) у Літве сцвярджаюць акурат цывілізацыйную самакаштоўнасць дзядоўскай веры, а іх пазнейшыя пераемнікі, улючаючы неафіта Міндаўга ды яго палітычных паслядоўнікаў, што шукалі апірышча на Захадзе — Гедыміна (Gediminas), Альгeрда (Algirdas) ды Кейстута (Kęstutis) і нават хрысціцеля Жамойці Вітаўта (Vytautas), відавочна трактуюць новы культ перадусім як палітычны фактар. Яны змушаныя весці падвоеную гульню з Рымам, скіраваную, з аднаго боку, на грамадскую апінію ўсёй Еўропы, а з іншага — на магчымую ўнутраную апазіцыю. Нязменна пры гэтым аддаючы перавагу свайму самабытнаму ладу жыцця (узгадаем хаця б дэпартацыю з Літвы Гераніма Пражскага Вітаўтам за надта літаральна зразуметыя ім абавязкі хросту паганцаў).

ВКЛ паходзіць з «даўняй Літвы» як цывілізацыі. Гэта значыць, да стварэння і сцверджання гэтай дзяржавы спрычыніўся ўвесь балцкі свет. Казімерас Буга (Kazimieras Būga) звяртае ўвагу на тое, што паходжанне імёнаў уладароў Літвы -заходне-балцкае (пруска-яцвяжска-куршскае), хаця мова жыхарства арэалу «Літвы першапачатковай» (Lithuania Propria) ёсцьусходне-балцкай. Паводле легенды аб Палямоне, сталіца нашчадкаў дынастыі гэтага «рымляніна» увесь час таксама перамяшчаецца з захаду на ўсход — Юрбарк-Кунас-Кернаў-Вільня (Jurbarkas-Kaunas-Kernavė-Vilnius). А ўладары Літвы Ягайла і Вітаўт гавораць пра замак Вялюона (Veliuona) у Жамойці як пра сваё радавое гняздо.

Цывілізацыйнае паходжанне і этнічная прыналежнасць гэтай дзяржавы дазваляе зразумець, чаму менавіта яна прытуліла тых прадстаўнікоў элітаў з Прусіі, Ятвягіі і Земгаліі, што не прынялі чужынскага ярма. Што ж да балтаў Белай Русі, то яны далучыліся да ВКЛ разам са сваёй тэрыторыяй. Усе роднасныя этнічна соцыюмы аддзячылі потым сваёй новай краіне стагоддзямі супольнага змагання за яе незалежнасць і супольнай працы для яе ўзмацнення.

V

Тое, што цывілізацыйная і духоўная гісторыя «даўняй Літвы» знаходзіцца па-за межамі інтарэсаў і зацікаўленняў беларускіх гісторыкаў і, адпаведна, грамадства, — у нечым, відаць, заканамерна. Страціўшы балцкую мову як родную, сучасныя беларусы ў масе сваёй нават не падазраюць аб духоўным патэнцыяле абшару, які насяляюць, бо ён для іх незразумелы! «Мова зямлі» тоіць у сабе столькі, што з цягам часу абяцае распавесці пра гісторыю гэтага краю ды народа аб’ектыўней, ды значна больш, як любы летапіс — нярэдка палітычна альбо ідэалагічна ангажаваны.K. Буга амаль сто гадоў таму звярнуў увагу, што каля 80 працэнтаў беларускай гідраніміі ёсць балцкай паводле паходжання (літоўскай альбо роднаснай ёй латышскай ці ятвяжскай). І прадэманстраваў яе магчымасці — адно толькі на аснове тыпалогіі з назовамі мясцовасцяў у суседніх народаў высветліў унутрыцывілізацыйныя міграцыі балтаў, якіх ён называе, айстыйцамі.

Але ж нельга заплюшчваць вочы на гістарычную тыпалогію грамадстваў фармальна ўжо ахрышчанай і ўсё яшчэ «язычніцкай» часткаў абшару, што ярка ілюструецца, напрыклад, прадстаўнікамі іх элітаў. Усяслаў Чарадзей (ХІ ст.), зусім таксама, як і ўладары ВКЛ ХІІ — ХІV стст., спалучае функцыі князя і святара. (Між іншым, па-літоўску абодва гэтыя значэнні спалучаліся ў адным тэрміну «kunigas». У чым можна ўгледзець вынік кантамінацыі кодаў сацыяльнага ўладкавання — тэакратычнай манархіі паводле рэформы Брутэня ў Прусіі і свецкай, паводле Швінтарога, — у Літве.) Усяслаў па-ранейшаму практыкуе традыцыйную веру і рытуалы продкаў, выклікаючы здзіўленне і перасуды атачэння гэтаксама, як пазней польскі кароль Ягайла-Уладзіслаў у Кракаве.

Цалкам магчыма, што ў памкненнях Полацка да суверэннасці ад Кіева мог праявіцца акурат «балцкі» сепаратызм крывічоў — этнічны і канфесійны, а рэакцыя ў адказ — праява традыцыйнай канфрантацыі «поля» і «лесу», славянства і балцтва, хрысціянства і язычніцтва.

Духоўная і матэрыяльная культура «даўняй Літвы» як агульны пласт гісторыі нашых народаў павінна быць аб’ектыўна даследавана, а грыф забароненасці з гэтай тэмы зняты. І для самапазнання, і для ўзаемаразумення з братамі па цывілізацыі.

Літоўская экспансія на ўсход таксама мае быць зразуметая ў іншым рэчышчы. Зважаючы на тое, што Альгерд, Кейстут і Вітаўт прэтэндавалі на ўвесь абшар балцкай гідраніміі як на сваю вотчыну, можна зрабіць выснову не пра экспансію, не пра канкісту (заваяванне), а пра рэканкісту (адваяванне). Права на рэканкісту прызнаецца за гішпанцамі (у адносінах да арабаў), за маскавітамі (у адносінах да татараў), за французамі (у адносінах да брытанцаў падчас Стогадовай вайны). Але і па сёння не прызнаецца за «даўняй Літвой». Без уліку этнакультурнай роднаснасці жыхарства навакольных Літве земляў (перадусім Беларусі) цяжка было б патлумачыць, па-першае, нярэдка бесперашкодны праход праз іх літоўскага ваярства практычна па ўсіх накірунках — да Дэрпта (Юр’ева), Пскова і Ноўгарада на поўначы, да Чорнага мора на поўдні, да Масквы і Разані на ўсходзе. А па-другое, феномен надзвычай хуткага і, галоўнае, мірнага пераходу земляў Полацкага, Віцебскага, Менскага княстваў у склад ВКЛ.

VI

ВКЛ можа трактавацца як удалы дзяржаўны праект, дзякуючы чаму пад кантролем Вялікага Княства (пазней — польскай Кароны) апынуўся эканамічны шлях з Варагаў у Грэкі, які калісьці кантралявала Русь. ВКЛ разамкнула Захад і Ўсход геапалітычна, паяднаўшы іх эканамічна, злучыла басейны двух мораў. Усё гэта дало гаспадарчы эфект і дазволіла пазбегнуць поўнага варожага атачэння, хаця ўсё ж не пазбавіла ад шматвяковай згубнай вайны на два фронты.

Адной з найбольш істотных адметных рысаў дзяржаўна-палітычнага і культурнага жыцця гэтага гаспадарства была шматсегментнасць грамадства паводле рэлігійнай, моўнай, культурнай прыкметаў. Спачатку — суіснаванне асобных сегментаў пад эгідай прыярытэту агульнай дзяржаўнасці і агульнага манарха пры шырокай іх аўтаноміі. Фенаменальным, з майго гледзішча, ёсць асіметрычны ўдзел дзвюх найбуйнейшых грамадаў (каталіцкай і праваслаўнай), у кіраванні дзяржавай. У той час, калі асабовы склад конніцы ВКЛ яшчэ пераважна літоўскі (1528 г.), першы Статут (1529 г.) выдаецца ўжо на русінскай мове, праўда, як сведчыць Хрыстыян Станг (Christian Stang), з перавагай украінізмаў. Але менавіта адыход Украіны да больш канфесійна і этнічна маналітнай Польшчы, а потым і да самадзяржаўнай Масковіі, дэманструе цывілізацыйны анахранізм і неканкурэнтаздольнасць шляхецкай дэмакратыі ў атачэнні абсалютысцкіх манархій Еўропы.

Дэмакратыю ў Рэчы Паспалітай і ў ВКЛ звычайна тлумачаць нейкім абстрактным прынцыпам талеранцыі, хаця відавочна, што ў свеце, дзе рэальна пануе права моцнага, талеранцыя выяўляецца толькі там, дзе ёсць сілавы баланс. Што мы і бачым у ВКЛ у пачатку ХVІ ст. Рэч у тым, што асноўныя сегменты яго сацыяльнай структуры пакрысе перастаюць быць узаемна талерантнымі! Узгадаем, што падчас «патопу» у сярэдзіне ХVІІ ст. прававерныя каталікі магнаты Сапегі (якія паходзяць з праваслаўных) абараняюцца асобна ад не аднойчы заўважаных у пратэстанцкіх герэзіях Радзівілаў. І шляхі выйсця шукаюць паасобку (вялікі гетман Януш Радзівіл, прыкладам, — у вуніі са Швецыяй). Урэшце абедзве групоўкі сыходзяцца ў братазабойчай бойцы 1701 г. пад Алькенікамі (Valkininkai).

Усё гэта гіпатэтычна дае падставу цвердзіць, што ВКЛ была пераходнай формай цывілізацыі «даўняй Літвы» на шляху да новай эпохі нацыянальных дзяржаваў — пры наяўнасці гэткіх варункаў як паглынанне (поўнае або частковае) сацыяльных структураў абодвух народаў згерманізаванай Прусіяй, Польшчай і Расіяй, і ў выніку — германізацыя, паланізацыя і русіфікацыя. Працэс вызвалення нашых народаў з-пад гэтых уплываў яшчэ не скончаны. У немалой ступені гэтым тлумачацца і сённяшнія цяжкасці іх ментальнага самавызначэння.

Гісторыя Рэчы Паспалітай адлюстроўвае стаўленне Польшчы да этнічнага складніка геапалітыкі. Падзелы гэтай дзяржавы былі наступствам не толькі ўнутранай неўладкаванасці яе дзяржаўнага і сацыяльнага жыцця, не толькі апетытаў суседзяў, але і палітыкі Польшчы ў дачыненні да іншых частак саюзнай дзяржавы — спачатку да ВКЛ, а потым і да Ўкраіны, якая пасля Люблінскай уніі адышла да Кароны. Красамоўнае ў гэтым сэнсе само паняцце «крэсаў». Таму гаварыць пра яе жыццяздольнасць нават у выпадку захавання незалежнасці праблематычна.

Хаця кажуць, што ў гісторыі ўмоўнага ладу не існуе, але дазволіць сабе паразважаць можна. Думаецца, што ў выпадку захавання «дзяржавы абодвух (ці, можа, ужо трох, чатырох) народаў» паўз яе не прайшлі б асноўныя дасягненні адразу некалькіх эпохаў, найперш асветніцкай, і звязанае з ёю скасаванне прыгонніцтва (у царстве Польскім Напалеон адмяніў яго ў 1807 г. — больш чым на паўстагоддзя раней за Расію), прамысловая рэвалюцыя, развіццё капіталізму і ўрбанізацыя… З адпаведным ростам культуры і дабрабыту не толькі этнічнай Польшчы, але і нацыянальных ускраінаў. Адпаведна, з нашмат лепшымі магчымасцямі для развіцця тамтэйшых этнасаў у сучасныя народы, як у царскай імперыі. А далей яны ўжо вырашалі б свой лёс самі — як і ва ўсёй астатняй Еўропе. І, вельмі імаверна, — як мадэрныя еўрапейскія нацыі.

Справа, аднак, у тым, як да такога развіцця падзей была б гатовая сама Польшча. У Рэчы Паспалітай, прынамсі, пасля першых падзелаў пераважалі тэндэнцыі да ўніфікацыі дзяржавы, пра што сведчыць тэкст Канстытуцыі 1791 г. Праўда зварот да паўстанцаў Т. Касцюшкі ў Літве друкуецца не толькі па-польску, але і па-літоўску. А гэта ўжо знак нацыянальных інтэнцыяў Літвы. Тым не менш, і праз 90 гадоў лідэр яе адраджэння ХІХ ст. Ёнас Басанавічус (Jonas Basanavičius) не аднойчы горка засведчыць, што ў самы цяжкі для Літвы час яе памкненні сустракаюць з боку, здавалася б, натуральных саюзнікаў — польскіх інтэлігентаў толькі насмешкі і кпіны. А яшчэ пазней, пасля заваёвы незалежнасці, канфлікт з належнасцю Вільні будзе прычынай міждзяржаўнай канфрантацыі паміж Літвой і Польшчай на працягу ўсяго міжваеннага часу. Чым ахвотна скарыстаюцца сталінскі СССР і гітлераўская Нямеччына.

VII

Зразумела, ні ў эканамічным, ні ў геапалітычным сэнсе дзяржаўны праект адроджанага ВКЛ, якім бы добра арганізаваным ён ні здаваўся, спаборнічаць з сучасным ЕС проста не ў стане. За 60 пасляваенных гадоў у Еўропе створаны магутны агульны рынак, грамадства высокага дабрабыту, а наяўнасць у яго тыле ваенна-палітычнай арганізацыі НАТО стварае ўмовы для эканамічнай стабільнасці і росту вагі ва ўсім свеце. Гэткае становішча можна ўважаць за ўнікальнае ў гісторыі кантыненту.

Іншая справа — цывілізацыйная самаарганізацыя і ўстойлівасць. Ва ўмовах, калі ліберальная дэмакратыя ментальна раззбройвае грамадства перад небывалымі выклікамі, нават такія краіны як Францыя або Нямеччына не маюць адказу на пытанне, як інтэграваць, скажам, вялізную мусульманскую супольнасць у грамадскае жыццё краіны.

Ці змагло б эфектыўна адказаць на гэты выклік нейкае рэгіянальнае аб’яднанне краін з роднаснай культурай? Прынамсі, такая магчымасць існуе ў межах панславізму, панісламізму, еўразійства і да т. п. ідэях. Але відавочна, што яны, калі меркаваць паводле сацыяльнай практыкі іх ідэолагаў, ёсць антыподам ліберальнай дэмакратыі, і прапануюць адэптам альтэрнатыву ў найлепшым выпадку таталітарную. Таму яны наўрад ці пакідаюць ілюзіі адносна будучыні меншых і слабейшых этнасаў у гэтым «братнім» тыглі. Такім чынам, мы зноў нібы сутыкаемся з дылемай, перад якой апынуліся нашы папярэднікі ў эпоху ВКЛ.

Гісторыя сведчыць пра тое, што ў крытычных сітуацыях прынцып лучнасці, якая вынікае з агульных інтарэсаў — асабліва плённы. Калі вялікія дзяржавы ЕС заяўляюць аб «Еўропе дзвюх хуткасцяў», нібы наўмысна падштурхоўваючы і астатнюю (Сярэднюю) Еўропу — да задзіночання, то ў гэтым, мабыць, ёсць рацыя. Гледзячы тэарэтычна, увесь гэты рэгіён — ад Балгарыі да Латвіі, мае агульны цывілізацыйны «субстрат» — спадчыну Аўстра-Вугоршчыны і ВКЛ, а да таго ж, прайшоў гарніла шматвяковага каланіяльнага прыгнёту. Заўважым, што нават розны менталітэт яго народаў не зашкодзіў з’яўленню праз усведамленне агульнай патрэбы гэткага аб’яднання як «Віленская дзесятка». Магчыма, калісці будзе рэалізаваная і даўняя ідэя Чарнаморска-Балтыйскага нафтавага калектару. Чыста геаграфічна гэта фактычна аднаўленне вялікага шляху з Варагаў у Грэкі. Але і ў такім разе палітычна гэта будзе ўжо не адна саюзная дзяржава кшталту ВКЛ, а хутчэй — эканамічная дамова (саюз) некалькіх незалежных дзяржаў.

VIII

Агульная антрапалогія, падобны псіхалагічны партрэт, вельмі блізкія канцэпцыі «чалавека сацыяльнага», суцэльныя блокі ідэнтычнай этнаграфіі (ад народных строяў да музыкі, ад арнаментаў да народнай архітэктуры, ад светаўспрымання да традыцыйнага побыту), сугучныя мовы… Усё гэта — сляды надзвычайнай этнічнай блізіні беларусаў і літоўцаў. Але, на жаль, рэальна яны «разышліся» не ў ХХ стагоддзі.

Даследчыкі даўно высветлілі, што этнічны і, адпаведна, геапалітычны падзел абшару сягае пачатку славянскай экспансіі ў балцкі абшар больш як тысячу гадоў таму, які асабліва паглыбіўся з прыняццем хросту — Польшчай у 966 г., Кіеўскай Руссю ў 988 г. Гэтым быў пакладзены пачатак эпохі «крыжацкіх» выправаў на «даўнюю Літву». Пазней, у эпоху станаўлення ВКЛ знешняя пагроза ад татараў і заходніх крыжакоў ды воля ніжэйшых («балцкіх») слаёў насельніцтва будучай Беларусі да задзіночання з роднасным паводле культуры і мовы жыхарствам Літвы сталі асновай кампрамісу паміж цэнтральнай уладай і мясцовымі князямі на аснове прынцыпа «старыны не рушыць, навінаў не ўводзіць», і прычынай хуткага росту Літоўскай дзяржавы. Арвідас Наркунас (Arvydas Norkūnas) мяркуе, што гэтым пакрыёмым этнакультурным балцкім чыннікам Беларусі вызначаецца яе вялізная роля як у стрыманні варожай экспансіі супраць ВКЛ з поўдня ды з усходу, гэтак і ў канчатковай перамозе на захадзе. Аднак, урэшце розная канфесійная і моўная прыналежнасць адыграла ролю этнаўтваральнага фактару. Беларусы сёння — гэта адрозны ад літоўцаў народ.

Цяпер у нас аб’ектыўна розныя цэнтры прыцягнення: Усход ды Захад. Гэта — спадчына тых вякоў, калі абшар сённяшняй Беларусі патрапіў у сферу ўплыву Бізантыі. Рэакцыяй літоўскай эліты на гэта было спачатку сілавое процістаянне, пазней, ужо ў эпоху ВКЛ, — спробы атрымаць асобную мітраполію пад эгідай праваслаўнага патрыярха, а калі гэтага дасягнуць не ўдалося, — то і выбар на карысць каталіцтва. Змяшчэнне цэнтраў еўрапейскай палітыкі з Бізантыі ў Маскву ды з Рыма ў Берлін прывялі да сённяшняга раскладу сіл на кантыненце. Дагэтуль геапалітычныя арыентацыі застаюцца тымі ж — паміж Расіяй і Еўропай (ЕС).

У гэткай сітуацыі першае, на што перадусім варта звярнуць увагу — гэта недастатковае разуменне агульнага і апрычонага ў супольнай гісторыі, дыялектыкі ўзаемных і асобных інтарэсаў у рэгіёне. Гэтым не аднойчы карысталіся і карыстаюцца больш сталыя і спрактыкаваныя суседзі — імкнучыся сутыкнуць нашыя народы ілбамі, проціпаставіць адзін аднаму і мець з гэтага ўласную карысць. Нядаўні досвед паказвае, што ілюзіі вырашэння ўласных ментальных або нейкіх іншых праблемаў коштам суседа вельмі жывучыя. Яны, да таго ж, відавочна падаграюцца і трэцім зацікаўленым бокам.

Нашы народы жывуць побач адзін з адным даўно, мірна і ў згодзе. Іншая справа — навуковая і палітычная эліта, ад усведамлення адказнасці якой залежыць, ці хутка гісторыя для беларусаў стане светаглядным апірышчам суверэннага народу. І колькасць станоўчых прыкладаў, здаецца, павялічваецца. Прыкладам, у двухтомніку гісторыі Беларусі (Менск, 2001), ці не ўпершыню ў беларускім падручніку для шырокага кола чытачоў змешчаная мапа арэалу балцкай гідраніміі ва Ўсходняй Еўропе. Заўважым, што сучасная Рэспубліка Беларусь знаходзіцца ў самым цэнтры гэтага арэалу! Але менавіта яе народ быў адсечаны ад цывілізацыйнай праблематыкі «даўняй Літвы» на працягу стагоддзяў. У гэтым кантэксце словы прафесара Георгія Штыхава на ІV з’ездзе беларусаў свету (Менск, 2005) аб тым, што «нам трэба глядзець на літоўцаў як на сваіх этнічных братоў» ёсць знакам часу.

Вядома, аднавіць колішнюю лучнасць «даўняй Літвы» у форме адзінага гаспадарства — ВКЛ, бадай, немагчыма. Сучасныя незалежныя дзяржавы — Літва, Беларусь або Латвія (эвентуальна таксама і адроджаная Прусія) добраахвотна не пойдуць на скасаванне свайго суверэнітэту. Значыць гутарка можа ісці, натуральна, пры ўмове ўзаемнай згоды, толькі аб магчымым пошуку нейкай (асаблівай?) мадэлі суіснавання. У выпадку яе карысці для ўсіх бакоў.

Кожнаму з патэнцыйных партнёраў пажадана выканаць перадусім свае прыватныя задачы: кансалідаваць грамадства на аснове аўтэнтычных нацыянальных каштоўнасцяў, пазнаць сябе ў навакольным свеце. Вызначыць уласныя культурныя ды палітычныя прыярытэты, а на іх падставе -узаемныя каардынаты: як у дыяхронным (гістарычным) плане, гэтак і ў сінхронным (у сучаснасці). Думаю, гэта ў выніку вызначыць, ці будзе знойдзенае паразуменне ў поглядах на супольную мінуўшчыну, а значыць, і на будучыню.

Нацыянальны ідэнтытэт нашчадкаў даўніх балтаў ёсць крыніцай моцы іх паасобку, роўна як і ўсёй цывілізацыйнай прасторы. Мы павінны быць моцнымі — ва ўзаемных дачыненнях (а гэта без дакладнага і моцнага, г. зн., прынцыповага вызначэння пазіцый немагчыма), але асабліва ў дачыненні да знешняга свету. Моцнага партнёра заўсёды хочацца бачыць саюзнікам. З іншага боку, трэба пазбавіцца навязанага звонку стэрэатыпу, нібыта мы зможам быць моцнымі толькі коштам адзін аднаго, а неразам адно з адным. Прафесар гісторыі Зянонас Івінскіс (Zenonas Ivinskis), знаходзячыся ў змушанай эміграцыі, яшчэ ў 1954 г. напісаў вешчыя словы пра тое, што Літва не будзе мець трывалай незалежнасці да таго часу, пакуль не будзе незалежнай суседняя Беларусь. На жаль, пакуль не даводзілася чуць нічога падобнага ад кагосьці з беларускіх адраджэнцаў.

Здаровы сэнс і пачуццё самазахавання фармулюе наступную мэту: пераўтварыць лінію адвечнага геапалітычнага разлому ў надзейны культурны і цывілізацыйны тыл, спыніць тысячагадовы наступ крыжацтва. Выкараніць забабоны чужынскай прапаганды ў нашых светаглядных і практычных узаемадачыненнях. На гэтым палягае задача сучаснага пакалення інтэлігенцыі, якая перад абліччам глабалізацыі і рэгіянальнага гегеманізму мае выкаваць зброю самаабароны. Бо потым можа быць запозна.

 

Апошнія артыкулы

Глядзі таксама:

балтыпубліцыстыкаЛітваметапалітыкаDRUVIS №2
1673.99 ms