EnglishFrenchGermanPolishRussianLatvianLithuanianUkrainian

З крыўскіх (беларускіх) балтызмаў

Віктар Корбут 13.06.2008 г. 2094   

Уступ

Калі ідзе гаворка пра балтызмы ў нашай мове, іх звычайна разглядаюць як пазычанні. З такім падыходам цяжка згадзіцца. Бо балтызм — гэта не ўзятае звонку слова, а часцінка, што «ўтрымалася» ў мове пасля «вымывання» з-пад яе балцкай асновы. Гэта ўсё адно як беларускія словы ў пераважна расійскім маўленні сучасных беларусаў: рэдкія, але яркія, непаўторныя, спаконвечныя, якія вызначаюць тутэйшы каларыт, напамінаюць, якая мова тут была спачатку. Балцкі складнік беларушчыны — нібы «нітка», на якую нанізаныя славянскія «пацеркі». Балтызмы фармуюць адметнасць нашай мовы, вызначаюць яе апрычонасць.

Паводле Уладзіміра Тапарова, «тыпалогія балтызмаў гэткая, што пры разглядзе іх няма патрэбы ўва ўсіх выпадках канечне дапускаць звычайную двухчленную сітуацыю — пазычáнае і тое, што пазычае. У шмат якіх выпадках гэткая схема толькі даніна традыцыі. Калі б за гэтымі суадносінамі не стаяў этналінгвістычны пераход (балц. > слав., канкрэтна: рас., бел. ды да т. п.), дык, мабыць, балтызмы ва ўсх.-слав. гаворках і не разглядаліся б як пераважна пазычанні. У кожным разе тут трэба звярнуць увагу на магчымасць прынцыпова іншага разумення ўсх.-слав. балтызмаў, а менавіта: у рускіх гаворках метраполіі балтызмы, строга кажучы, не ёсць пазычанні; тут яны ў сябе дома; яны не навіна, а архаізм. Самі сабою балтызмы нерухомыя адносна розных моўных комплексаў (як, прыкладам, ва ўласна балтыйскім арэале), але вакол гэтых ацалелых архаізмаў балтыйскай мовы само моўнае асяроддзе змянілася нагэтулькі радыкальна, што яны з часткі мацерыка ператварыліся ў астраўкі і на фоне зменаў, што адбыліся навокал, сталі ўспрыймацца зусім у іншым топасе. За асноўнае і выходнае стала ўважацца тое, што з гістарычнага гледзішча, строга кажучы, і ёсць пазычанне (г. зн. уласна рускія словы)»[1].

Балтызмы захаваліся ў дыялектах, яны складаюць пэўны пласт літаратурнай мовы, адлюстроўваючы з’явы і рэчы з жыцця тутэйшага чалавека, перадусім селяніна: тое, што яго атачае, тое, што ён перажывае. Гэта народная, яшчэ дакладней — людовая лексіка. Што яшчэ раз сведчыць пра яе карэннасць, непазычанасць. Без яе немагчыма ўявіць побыту, ладу жыцця нашага чалавека.

Пранікненне на пачатку II тыс. славянскага элементу ў дыялекты дняпроўска-дзвінскіх балтаў паступова прывяло да разбурэння ранейшай моўнай сістэмы. Прыблізны ход гэтага працэсу, праўда, маючы на ўвазе іншую сітуацыю, апісаў Нікіта Талстой: «У мове ўвесь час адчуваецца жорсткі ціск сістэмы, што не дапускае суіснавання сістэмаў, а захоўвае адно асобныя фрагменты або элементы ранейшых сістэмаў у складзе новых. Але іншаю істотнаю адметнасцю моваў і дыялектаў, не зняволеных літаратурнаю нормаю, ёсць нераўнамернасць развіцця асобных роўняў сістэмы мовы і нераўнамернасць развіцця розных элементаў асобнага роўню. Гэта дазваляе пры пэўным дыялектным падзеле мовы фіксаваць у розных яе гаворках і дыялектных зонах розныя этапы развіцця той або іншай з’явы, фрагменту або блоку сістэмы. Іншымі словамі, гэта дае магчымасць назіраць разгорнутую ў прасторы дыяхранію. Так утвараюцца і захоўваюцца рэлікты, або акамянеласці…»[2] Беларускія балтызмы і ёсць гэтыя «акамянеласці». Яны нераўнамерна захаваліся ў розных дыялектах. Але разам дазваляюць убачыць частку таго аблічча, якое мела мова нашых продкаў тысячу гадоў таму. Балтызмы — нібы фрагмент даўняй фрэскі, што хаваецца пад пазнейшымі напластаваннямі: усходнеславянскім (рускім, пазней расійскім), заходнеславянскім (польскім), германскім ды інш. Галоўнаю мэтаю, друкуючы спіс балтызмаў беларускага моўнага абшару, было даць панараму субстратнага даславянскага элементу мовы, які паходзіць пераважна з беларускай Поўначы. Нейкія з гэтых словаў невядомыя ў іншых мясцінах краю, многія пашыраныя таксама на захадзе і поўдні — з іх падрабязнай геаграфіяй можна азнаёміцца, звярнуўшыся да спецыяльнай літаратуры.

З гэтых прычынаў (або часам іншых, прыкладам, у разе нейкіх няпэўнасцяў) у спіс не ўвайшлі такія вядомыя беларускія балтызмы, як абамберыць, адшунуць, азярод, (а)ратай, аруд, бадзяцца, бакшта, бэмбаль, віціна, высмыглы, гега (гегнуць, нягеглы), гіль, гойсаць, далігойда, даматур, дзёгаць, дзідуля, дзірса, дзякла, дойлід, дыгаць, жвір, калдуны, кірпаты, клыпаць, крушня, крэктаць, крывуля, кубел, кудра, кярэпла, лабуніць (падлабуньвацца), майначыць, маргель, мармыль, набрыняць, пац, прарэха (праерх), скалануць, сноўдацца, сябар (сябра), туляцца, хрумсцець, храбусцець, шальбабон ды інш. Усе яны паходзяць пераважна з субстратных літоўскай або ятвяжскай тэрыторыяў, а таксама з паўднёвай паловы Беларусі. Магчыма, такія-сякія з гэтых словаў спатыкаюцца і на Падзвінні, але, на жаль, пэўнай інфармацыі на гэты конт выявіць не ўдалося. У такіх крыніцах, як слоўнікі Уладзіміра Даля, Івана Насовіча некаторыя з гэтых словаў прыводзяцца, але без вузкай геаграфічнай «прывязкі». У. Даль, прыкладам, пазначае шмат якія беларускія словы як «зап.», г. зн. «заходнярускія». Далеў зацем «зап.» мог азначаць і захад, і ўсход Беларускага краю. Няма пэўнасці і што да такіх-сякіх «Насовічавых» балтызмаў. Тыя, што змешчаныя ў нашым спісе, узятыя з кнігі Юліі Лаўчуце «Словарь балтизмов в славянских языках» (Ленінград, 1982 г.), словы, што існуюць у літаратурнай беларускай мове, звераныя паводле двухтомнага «Беларуска-рускага слоўніка», выдадзенага пад рэдакцыяй Кандрата Атраховіча (Крапівы) (Менск, 1988 — 1989 гг.), і даюцца з пазнакаю БРС.

Недасведчанаму чытачу балцкае паходжанне некаторых беларускіх словаў можа здацца непераканаўчым, некаторыя паралелі да беларускіх лексем з літоўскай і латышскай моваў — сумнеўнымі. Дзеля таго, што пры складанні гэтага спісу не стаяла мэта абгрунтавання кожнай этымалогіі, з ўсёю падрабязнаю інфармацыяй можна пазнаёміцца або праз згаданую кнігу Ю. Лаўчуце, або праз іншыя даведнікі, у т. л. «Этымалагічны слоўнік беларускай мовы», які выйшаў пакуль у васьмі тамах (Менск, 1978 — 1993 гг.; тут, між іншага, змешчаныя багатыя матэрыялы, не ўлучаныя ў наш спіс[3]), а таксама праз публікацыі, на якія спасылаецца Ю. Лаўчуце (іх пералік дадзены пры канцы ейнай кнігі), ды праз апошнія работы мовазнаўцаў, спасылы на якія без праблем можна знайсці ў шмат якіх балтыстычных штудыях[4].

Публікацыя нашага Слоўніка, спадзяёмся, паспрыяе таму, што некаторыя са змешчаных у ім лексем атрымаюць новае жыццё, вернуцца ў актыўны фонд нашай мовы.

Перад усім прапануем яшчэ некалькі прыкладаў сінтаксічных балтызмаў, уласцівых дняпроўска-дзвінскаму рэгіёну, узятых з даследавання Святланы Прохаравай «Славяна-балтыйскія сінтаксічныя ізаглосы» (Менск, 1993 г.). З латышскімі (латгальскімі), паводле назіранняў С. Прохаравай, супадаюць крыўскія канструкцыі смяяцца пра каго (што) ‘смяяцца з каго (чаго)’, ехаць з канём ‘ехаць на кані’, мазаць хлеб з маслам ‘мазаць хлеб маслам’, капаць зямлю з лапатай ‘капаць зямлю лапатаю’, пень парос з мохам ‘пень парос мохам’; гаварыць на маці ‘гаварыць маці’ ды інш.


Слоўнік


АБЖАРГНУЦЬ Мёр., пск. — пераступіць; віц. перажаргнуць — тс; дрыс. ажаргаць, ажыргаць — сесці на каня, асядлаць; літ. žergti ‘расстаўляць, растапырваць (ногі)’, apžergti ‘ахопліваць нагамі, сесці верхам’.

АБКЛЯПАЦЦА Маг. — запырскацца; літ. klampoti ‘пэцкацца, куляцца ў гразі’.

АДЖГІР БРС ‘ерш’; віц. яжгур — тс; літ. *išguris, *išgura(s) ‘тс’, išgara, guras ‘выступ (гары)’.

АДЛЕГА БРС ‘оттепель’; віц.; пск. атліга — тс; літ. atlėga, atlydys, усх.-літ. atlyga ‘тс’.

АДСЦІРА Барыс. — нелюдзень; літ. atstiras ‘той, хто робіць усё напоперак’.

АЛЁС БРС ‘болото’; віц. — лясное балота, дзе расце трава; смал. — мокрае месца, забалочаны луг; лат. alots ‘крыніца’.

АНДАРАК БРС ‘понева’; пск., смал. — кшталт сялянскай вопраткі; літ. andarokas ‘паласатая ваўняная спадніца’.

АНЧУТ Смал. — чорт; свавольнае, упартае дзіця; пск., смал., цв. анчутка — чорт, нячыстая сіла; нязграбны, брудны; бедны, няшчасны чалавек; гарэзнік; лаянкавае слова; літ. ančiūtė, ančiukas ‘маленькая качка’, antis ‘качка’.

АРДА Смал. — гул, гармідар; літ. arda ‘тс; лаянка’.

АРЫБА Пск., літ.-рус. канц. — ралля; літ. aryba ‘тс’, arti ‘араць’.

АСВЕР БРС ‘журавль (у колодца)’; віц., дрыс., пск., шарк. — тс; барыс., дрыс., круп., лаг., леп., мёр., пліс., пол., пск., расон., уш., цв. асвір; глыб. асвера; віц. свіра; барыс., круп. перасвір; барыс. перасверт; круп. перасвіран — падвага ў студні з жураўлём; лaт. svira, svīra, svēre ‘журавель у студні, падвага’, літ. svirtis ‘журавель; падвага; каромысел у студні’, svyris ‘нахіл’, sverti ‘вешаць; нахіляць; уздымаць з дапамогаю падвагі’, лат. svērt ‘тс’.

АСКЕПАК БРС ‘осколок; щепка’; віц. — тс; лат. šķēpele ‘асколак’, літ. skepsnė ‘лапік, абрэзак’.

АСЛА Барыс. — земляная падлога; літ. asla ‘тс’.

АТОЖЫЛАК БРС ‘отросток, побег; отпрыск (потомок)’; докш., пол. атожалля — парасткі; літ. atžala; atožala, atažala (дыял.) ‘парастак’, želti ‘зноў расці, зазелянець’.

АТОКА Віц. — рукаў рэчкі; літ. attakas ‘тс’.

АТОР Пск. — папярочная баразна; атараць пск. — паўторна ўзараць, акучыць; смал. атарыць — закончыць ворыва; літ. atara ‘папярочныя барозны ў канцы раллі; канец раллі’, atarti ‘паўторна ўзараць’.

АТОСА БРС ‘тяж (в повозке)’; пск. — спецыяльнае прыстасаванне ў возе, з дапамогаю якога аглобля мацуецца да пярэдняй восі; літ. atasaja, atasėja, atasija ‘частка возу, што злучае аглоблю з пярэдняю воссю’, sieti ‘злучаць’.

АТРАМА Сен. — у жылых памяшканнях нізкая бэлька, пакладзеная трымаць іншыя бэлькі, на якія сцеліцца столь; віц. атраміна — папярочная крыжаваная бэлька ў хаце; літ. atrama ‘падпора, апірышча; устой’, atremti ‘падперці, падпіраць; даць адпор’.

АЦЮ Віц. — дзякуй; літ. ačiū; aciū (дыял.) ‘тс’.

АШАКІ Дрыс. — рэшткі пасля прасейвання мукі; пск. — шалупінне ад зерня; літ. ašakos ‘асцюк, вотруб’е; рыбіна костка’.

АШКІР Віц., докш., дрыс., круп., мёр. — кліч да авечак; дрыс. шкір; смал. ашкыр — тс; літ. aškir, aškire, aškiur (дыял.) ‘тс’; atskirti ‘аддзяляць’, лат. atškirt ‘тс’.

БАБУТКА Пск. — бабуля; літ. bobutė ‘старая кабета, бабуля’.

БАЛАНДА БРС ‘баланда’; бялын., пск., смал. — рэдкая, няўдалая страва, вадкая страва з мукі ды вады; пск. — сумесь з розных траваў; барыс. — балаболка; разводзіць баланду пск. — гаварыць пустое; літ. balanda ‘лебяда’, лат. baloda, balanda ‘тс’.

БАМБІЗА БРС ‘верзила, дылда’; смал. — дылда, ёлуп; літ. bambiza, bambizas, bambyzas ‘таўстун, пузаты, цяльпук; некаталіцкі святар або проста чалавек іншай веры’.

БАСТЫСЬ Віц. — бадзяцца, швэндацца; літ. bastytis ‘тс’.

БАЎТРУК Віц. — абжора, дармаед; лат. baltrocis ‘беларучка’.

БОНДА Маг. — пірог; мсцісл., расон. — пасаг; смал. бундзечка — посная, вадкая страва; літ. banda ‘статак, жывёла; грошы, зыск; бохан, каравай хлеба’.

БРАЗГАЦЬ БРС ‘греметь, хлопать, звякать, лязгать, бренчать’; смал. — тс; маг. — тс, гаварыць лухту; віц. — грукаць; бялын. бразгнуць — кінуць на зямлю; бразготка РБС ‘погремушка’; віц. бразгаўка, бразгушка — тс; літ. brazgėti ‘трашчаць, грымець’.

БРЫЗГАЦЦА Барыс. — абтрапацца; літ. brigzti ‘тс’, brizgas, brizgis ‘абтрапанае крысо (адзення)’.

БРЫНДА Віц. — боўдзіла, гультай; брындаць БРС ‘слоняться’; літ. brindos ‘брыжы на чапцы, фальбоны (на сукенцы)’, brinda ‘сальнік; карункі’.

БУБУРЫ Віц. — паранае карэнне, бульба ды інш. свінням; літ. buburas ‘прышч, жаўлак’, bubas ‘любы круглы прадмет’.

БУКШТЫ Паўн.-віц. — спецыяльна патопленыя ў азярцы дрэўцы ядлоўцу, ялінаў дзеля заваблівання рыбы; лат. bukšķis ‘вязанка, вузел; шмат чагосьці; гул, грукат’.

БУРБАЛКА БРС ‘пузырь (в жидкости); водяная лилия; кувшинка’; смал. — вадзяны пухір; бурболіць БРС ‘булькать’; маг. бурбулець — добра кіпець; пск. бурбуліць — мармытаць; смал. — бурчаць; барыс. — тс; журчаць, булькатаць; віц. забурбуліць — забубніць, загаварыць з незадавальненнем; літ. burbulas, burbuolė ‘тс; жоўтая вадзяная лілея’, burbuliuoti ‘пускаць бурбалкі, пухірыцца; бурчаць, балбатаць, мармытаць’, лат. burbulet, burbuļuot ‘тс’.

БУРЛАГА Барыс. — рэдкая каша, гразь; літ. burlega ‘густое варыва; гразь’.

БУЧ БРС ‘верша’; пск. — прылада лавіць ракаў; віц. буча — застаўная рыбалоўная прылада; літ. bučius, bučias ‘буч з сеткі або прутоў; саламяная бочка’, bučis, bučys ‘буч’.

БЭРЛА Віц. — непаваротлівы, непрыгожы чалавек; літ. bėralas ‘непрасеяае, з мякінаю зерне на хлеб; мука або зерне, карыстанае на кармленне жывёлы’, beralinis ‘(спечаны, згатаваны) з неачышчанага зерня’.

ВАВЁРКА БРС ‘белка’; літ. voverė ‘тс’, vāvere ‘тс’.

ВАЙНУЦЬ Пск. — прыкрыкнуць; лат. vainuot, vainat, vainet ‘зневажаць, вінаваціць, ганіць’, vainoti ‘лаяць, ганіць’.

ВАЙЦЯЦЬ Віц. — упікаць; літ. vaitoti, *vaitėti ‘войкаць, стагнаць, жаліцца’.

ВАЛКАВАТЫ Віц. — сыраваты; докш. — макраваты, вільготны; літ. valkus ‘вільготны, сыры; цягучы, вязкі’, valkotas ‘пакрыты лужамі’.

ВАЛЭНДАЦЦА БРС ‘канителиться; шататься, шляться, слоняться’; пск. — марудзіць, быць непаваротлівым, важдацца; цв. валандацца - валаводзіць, блытацца, распуснічаць; літ. valanda ‘гадзіна’.

ВАШАВАЦЬ Барыс. — цягнуць; літ. vąšuoti ‘дзерці, вырываць (кручком)’, vąšas ‘крук’.

ВАШТАЙ Дрыс. — той, хто кіруе каня ў часе вывазу гною ў поле; літ. vežti ‘везці’.

ВЕНЦЕР БРС ‘вентерь’; цв. вяцер — рыбалоўная прылада; літ. venteris, ventaris ‘рыбалоўная сетка ў выглядзе меху’.

ВЕЯ Віц. — завіруха з ветрам, завея; літ. vėjas ‘вецер’, vējš ‘тс’.

ВОСАПА Віц. — аса; літ. vapsva, vapsa ‘аса’, лат. vapsene ‘тс’, прус. wobse ‘тс’.

ВУРЗГАЦЬ Дрыс. — утвараць гук, падобны да гудзення; літ. urgzti ‘бурчаць, гудзець’, urzgus ‘бурклівы, гідлівы’, urzgesys ‘гудзенне, буркатанне’.

ВЫЖАРЫЦЬ Барыс. — збіць, адлупцаваць; літ. žarinti ‘біць; есці; хадзіць’, nužarinti ‘адлупцаваць’.

ВЫПСА выпса ты старая смал.; літ. vypsa ‘той, хто ўвесь час ухмыляецца’, vypsoti ‘стаяць раскрыўшы рот, быць разявакай, ухмыляцца’.

ВЫЦЯЎЛЯЦЬ Віц. — вычвараць, сваволіць; літ. kiaulioti ‘свінячыць, гадзіць; швэндацца’, kiaulė ‘свіння’.

ВЯГЕЛА Мёр. — мянтуз; літ. vėgėlė ‘тс’, лат. vēdzele ‘тс’.

ВЯПЛА Міжрэчча Вяллі і Дзвіны — разявака; літ. vėpla ‘тс’, лат. vēpla ‘тс’.

ВЯРКАЦЬ Бялын. — крычаць; мёр. віркатаць, вяркаць — плакаць (пра немаўля); пск. — бляяць, крычаць (пра котку); усх.-маг. вяркыць — гаварыць павучальным тонам; літ. verkti ‘плакаць’, verkauti ‘крычаць, стагнаць (пра саву)’, лат. verkstet ‘ціха плакаць’.

ВЯРШАЛІНА БРС ‘верхушка дерева’; уш. віршалля — тс; літ. viršelis ‘накрыўка; вокладка; верх’, viršus ‘верх’.

ГЕЛІЦЬ Мёр. — карцець; пск. угала — калецтва, балячка, рана, язва; літ. pagela, pagelė ‘вільготнае надвор’е; моцны боль’, gelti ‘моцна, нясцерпна балець (прыкладам, пры адмарожванні), джаліць, раніць’, gėla ‘моцны боль’.

ГІГЕЛЬ Віц., докш., расон., шуміл. — палявы хвошч; леп. гугуль - трава; мёр. гіргель; пск. гігялі — тс; літ. gegėlis, gigėlis, gigelis ‘палявы хвошч’, gugulas ‘ком, клубок’, gugti ‘нахіляцца’.

ГІЛІЦЬ Пск. — гудзець; літ. gyliuoti ‘непакоіцца; бегаць, ратуючыся ад аваднёў (пра жывёлу)’, gylys ‘авадзень’.

ГІРСА БРС ‘костёр, костерь’; віц., мёр., пск. — каласоўнік (расліна); пск. — смецце (адкіды); усх.-літ. girsa, girsė, лат. dzirši ‘каласоўнік’.

ГНІБУР Барыс. — кіпцюр; літ. gnybti ‘шчыпаць, хапаць’.

ГРУНДУЛЬ Пск. — пячкур, курмель; літ. grundalas, grundulas ‘рыба Gobio fluriatilis’.

ГРЫЖА Віц., пол. — бручка; дрыс., мёр., пліс., чаш. грыжана; лаг., леп., лёз., пол. грыжанка — тс; літ. griežtis ‘тс’, лат. grieznis, griznis ‘тс’, літ. griežti ‘скрыгатаць, рэзаць’, лат. griezt ‘тс’.

ГРЭБАВАЦЬ БРС ‘брезгать, гнушаться; пренебрегать’; віц. гербаваць — тс; літ. gerbti ‘шанаваць, хваліць’.

ГУЛТА Барыс. — свіное логава; гультай БРС ‘лентяй, лодырь, бездельник’; паўдн.-пск. гульцяй — тс; літ. gulta, gultas ‘ложа, логава’, gulti ‘легчы’, балц. (літ.) *gultojas.

ДЖУПЛА Віц. — пуга, прачуханка, кара; літ. džiukt, džiūkt, džiubt, džiūbt ‘выклічнік, ужываны на абазначэнне раптоўнага, моцнага ўдару’, džiūktelėti, džiūbtelėti ‘ударыць’, *džiūkla ‘пуга’.

ДЖЫГУН Віц. — жвавы; літ. žygūnas ‘пасланец, хадок’, žygiuoti ‘рухацца, кратацца, маршыраваць’.

ДЗІРВАН БРС ‘земля, густо поросшая травой’; пск.; мёр. дзерван; шарк. дзірваны — пустка; смал. дырван — занядбаная зямля; літ. dirvonas ‘аблога, цаліна’, dirva ‘ралля’, dirvonuoti ‘ляжаць цаліной, ператварацца ў аблогу, дзервянець’.

ДОРЖНІК Бярэз., лаг. — адгароджанае месца ў полі або ў лесе для жывёлы; віц. даржэнь — двор з жывёлаю; літ. daržas ‘гарод’, diendaržis ‘загарадзь для жывёлы’, daržinė ‘сарай, сенавал’, лат. darze ‘сад, гарод’.

ДУЛЬКА Барыс. — дробныя часцінкі валакна, пыл пры апрацоўванні лёну; дулець барыс. — пыліцца; смал. — гніць; літ. dulkės ‘пыл’, dūlėti ‘гніць, трухлець; старэць’, dulti ‘гніць’.

ДУНДУК Смал. — таўстун; літ. dundulis, dundulys ‘тс’, dundukas ‘дурань’, dunda ‘гуляка, вісус’, dundė ‘тоўстая кабета; нахабніца’, dundėti ‘гучна гаварыць, бурчаць’.

ДЫЛДА Віц. — худы, высокі чалавек; лат. dilda ‘тс’, літ. dilda ‘непаваротлівы, няспрытны чалавек’.

ДЫРДЗІЦЦА Віц., смал. — паміраць, выцягваць ногі перад смерцю; смал. — губляцца; літ. dirdintis ‘здыхаць, дайсці да канца жыцця’, dirti ‘лупіць, дзерці, здымаць (скуру, шкуру)’.

ДЭНКА Докш. — падстаўка пад патэльню (дошчачка з ручкаю); маг. дэнга — дошчачка — кавалак фанеры, на якім звычайна рэжуць, крышаць нешта, ёю накрываюць посуд; маг. дзёнца — невялікая драўляная накрыўка на посуд; літ. denga, danga ‘накрыўка’, dengti ‘накрываць’.

ЁЎНЯ БРС ‘овин’; пск., смал., чав. — тс; літ. jauja ‘тс’, javai ‘збажына’.

ЖАГІЛЬ Смаляв. — жэрдка у студні з жураўлём; літ. žagilas (дыял.) ‘слуп у прасле’.

ЖАГІНЫ Шарк.; дрыс. жэгіні, жэгі; мёр. жэйгіны, іжэгіны — прылада сушыць снапы, сена, гарох, віку; літ. žaginys, žaginis ‘азярод; вешала’, žagys, žaiginys, žėginys ‘перасёлка’.

ЖВАВЫ БРС ‘живой, оживленный; резвый; проворный; расторопный; прыткий; шустрый; рыскливый’; жвялець мсцісл. — станавіцца жывейшым, ажыўляцца; літ. žvalėti ‘тс’, žvalus ‘жвавы, бадзёры’.

ЖЛУКТА БРС ‘кадка для бучения; опивала, питух’; віц. — кадка без накрыўкі і дна жлукціць бялізну’, смал. — кадка мыць бялізну; п’яніца, смярдзючая баба; жлукціць БРС ‘бучить; дуть, хлестать (не в меру пить)’; віц., усх.-маг. — спосаб мыць бялізну; пск. — вымочваць у лугу бялізну; піць гарэлку; смал. — піць гарэлку; піць многа; літ. žluktas, žluktis, žlugtas ‘бочка замочваць і парыць бялізну; замочаная і гатовая на мыццё бялізна’, žlaugtas ‘тс; бочка варыць піва’, žlukti ‘мачыць бялізну’, žliaukti ‘цячы, вільгатнець’, лат. zlaukts ‘карытападобны чоп на працэджванне; гультай’.

ЖУДА БРС ‘жуть; ужас’; пск., смал. — клопат, неспакой, страх; смал. жудзь — туга, сум; жудасна віц. — страшна; літ. žudyti ‘змярцвяць, губіць; катаваць’, лат. zudit ‘тс’.

ЖУР БРС ‘кисель (жидкий овсяный)’; барыс., віц. — тс; літ. žiūrė ‘тс; аўсянка’, žura, žure ‘тс’.

ЖЫБЯНЦЯІ Літ.-рус. канц. — людзі, што рупіліся пра ацяпленне і асвятленне Полацкага двара; літ. žibintojas, žibentojas, žibentėjas; žibintas, žiburys ‘усё, што свеціць, чым асвятляюць’.

ЖЫВЁЛА БРС ‘животное; скот, скотина’; віц., леп., пол. — тс; літ. gyvulys; gyvuolis, gyvolis (дыял.) ‘тс’.

ЖЫГУЛЬ Барыс. — вярба; літ. žilgutis ‘лаза, ракіта’.

ЖЭМАЧ Смал. — пагардлівы зварот да падлеткаў; пск. — дробная рыбіна; маг. жмойдзь — вялікая сям’я з малалетак, якія дарма ядуць хлеб; наагул вялікі гурт дармаедаў; літ. žemutis ‘нізенькі, маленькі’, žemas ‘нізкі’.

ЗАВЫНЯ Віц. — невялікая азёрная або рачная затока, якая можа ўважацца за добрую рыбную мясціну, асабліва калі тут ёсць водарасці; літ. žuvynė ‘месца, дзе многа рыбы’, žuvis ‘рыба’, лат. zuvs, zivs ‘тс’.

ЗАЗЮРЫЦЬ Віц. — згледзець; літ. žiūrėti; ziūrėti (дыял.) ‘бачыць, глядзець’, sužiuro ‘паглядзеў, вылупіўся’.

ЗЛЯБ Бялын. — нікчэмны чалавек; віц. жлябоўка — распусніца; лат. žļeba ‘распусны, неахайны чалавек’.

ЗЫРДА Пск. — дарослы гультай; дурны; дужая дзеўка; бегаць как дзырд смал. — туды-сюды бегаць; літ. *dirda; dirdinėti ‘бадзяцца, лынды біць’.

КАЛІВА БРС ‘растеньице; стебелек; зернышко; щепотка; капля’; пск., цв.; пск. каліка; віц., пск. каліўка — бручка; пск. — бацвінне, сцябло; пск. каліўя — ягадныя сцябліны; літ. kolys, kolis ‘бручка’, лат. kalis ‘тс’.

КАМБАЛ Віц., смал. — зладзей; літ. *kambalas; kamblys ‘ствол дрэва або травы; стары хрэн <пра чалавека>’.

КАМЫ БРС ‘картофельное пюре’; віц. — бульбяная каша, часам з гарохам, струкамі; лат. kama, kams ‘тс’.

КАПІШЧА Маг. — месца пахавання жывёлы; літ. kapas ‘магіла, яма’, лат. kaps ‘магіла’.

КАПЫЛ Бялын., расон. — матыка, кірка; капыліць расон. — абганяць (бульбу); літ. kaplys ‘матыка, кірка’.

КАРКАЛІ Паўн.-віц. — пустка; літ. kurkulas ‘клубок зблытаных нітак; жабіна ікра; кавалак сажы, гразі’.

КАРШЭЦЬ Пск. — ліпець, але жыць; ледзь ногі цягаць (пра старых і хворых); літ. karšėti, karšti ‘канчаць жыццё; пражываць старасць’, karša ‘старасць, канец жыцця’, karšė ‘старасць, гора, клопат’, лат. kārst ‘старэць’.

КАЎБЫР Віц. — гладыш на малако; літ. kaubarė, kauborė (дыял.) ‘драўляная пасудзіна, міска’.

КАЎКАЦЬ Мсцісл. — мяўкаць; падаваць голас (пра чалавека); літ. kaukti ‘крычаць дзікім голасам, скуголіць, плакаць’, лат. kaukt ‘скуголіць, крычаць’.

КАЎЛЯ Пск. — рука; <косць>; лат. kauļi ‘косці’, літ. kaulai ‘тс’.

КАЎШЫН Дрыс. — гліняны посуд на малако (з ручкаю і вузкім горлам); лёз., пол., пск., усх.-маг. кукшын; расон., смаляв. кушын — тс; літ. (балц.) *kaušinas, *kaušynas ‘вялікі коўш’, kaušas ‘коўш’.

КЕБЛА Маг. — круглая палачка, дубіначка; дзіцячая гульня з палачкаю; літ. kėblą mušti ‘дзіцячая гульня, калі ў зямлю ўстаўляюцца галінкі — kėbla, чапляюць колца і спрабуюць яго здалёк збіць’.

КЕПАЛА Дрыс. — дурнаваты, някемлівы чалавек; літ. kepalas ‘бохан хлеба’.

КЕПСКА БРС ‘плохо, скверно, худо, дурно’; усх.-маг. — тс; лат. ķēpsis ‘той, хто многа есць, аб’ядаецца’, ķepsēt ‘многа есці, жэрці’.

КЕШКАЦЦА БРС ‘возиться, копаться’; віц., усх.-маг. — марудзіць, пэцкацца; лат. ķeskat ‘тс’.

КІПЕЦЬ, КІПЦЮР БРС ‘коготь; ноготь’; мсцісл. кіпці — зубы, зубкі; докш. капцюр, кіпцюр — кіпці ў птушкі; літ. kibti ‘чапляцца, хапацца’, kibčius ‘той, хто чапляецца’, kibis ‘хто чапляецца, прыліпае’.

КЛІБА Віц. — тонкі шост, карыстаны ў экіпажах; скручаны прут, каб звязваць платы, плыты; смал. клібіна — гнуткі яловы прут; літ. klibikis ‘прыстасаванне ў выглядзе шосту зачыняць дзверы’, лат. klibiķis ‘тс’, літ. klibetas, klebetas ‘від калаўроту для вяровак’, лат. klibs ‘разгайданы’.

КЛУМБЫ Бялын., усх.-маг.; маг. клумб, клумп; барыс. клункі — драўляныя чаравікі; віц. клумба — бот з драўлянаю падэшваю; пск. — абутак са скураным верхам на драўлянай падэшве; літ. klumpė, klumpis, klumbė, klumbis ‘чаравік на драўлянай падэшве або цалкам драўляны’, лат. klumpas ‘тс’, ням. усх.-прус. klompe, klumpe ‘драўляныя чаравікі’, літ. klunkti ‘ісці’.

КЛУНЯ БРС ‘рига, клуня’; віц. — гаспадарчае памяшканне на сена; маг. — гаспадарчае памяшканне накшталт гумна; пск. — невялікае гаспадарчае памяшканне, хлеў; літ. kluonas ‘ток; бялільня за гаспадарчым памяшканнем; павець’, лат. kluons ‘гумно, ток’.

КЛЫНДА Барыс. — тлушч, сала; літ. sklindis ‘круглы, пляскаты, вялікі блін’.

КЛЫПАЦЬ БРС ‘ковылять’;барыс. кныпаць — корпацца; цыраваць, вязаць; віц., докш. крыпаць — блытаць, замінаць; клышаногі БРС ‘косолапый’; бялын. клышы — нагавіцы; літ. knypoti ‘карпатліва працаваць’, krypuoti ‘ісці, перавальваючыся’, krypti ‘хіліцца; паварочвацца’; klišas ‘крываногі, нязграбны’, klišė ‘нага’.

КОРСТА Віц. — карыта з накрыўкаю (даўней скарыстоўвалася заміж дамавіны); маг. — звычай выдзёўбваць труны з паловак дубовых ствалоў; смал. керста — труна; літ. karstas ‘магіла, труна’, лат. šķirsts ‘тс’.

КОЎП Круп. — страўнік; літ. kaupas ‘тое, што насыпаецца звыш меры; лішак’.

КОЎШ БРС ‘ковш’; пск. — чаша з зубцамі, што мацуецца паперадзе экскаватара; літ. kaušas ‘апалонік, вялікая лыжка’, kiaušas ‘чэрап; цвёрдая абалонка; чаша’, лат. kauss ‘чэрап; кубак; лыжка’.

КРАПЯЛЮТКІ Усх.-маг. — маленечкі, невялікі; літ. kruopelė ‘каліўца’.

КРАТАЦЬ БРС ‘трогать; сдвигать; вызывать глубокие чувства’; бялын. — варушыць; віц. — дакранацца, рухаць; маг. — накладваць, навальваць; усх.-маг. кратыць — рухацца; літ. kratyti ‘трэсці’.

КРУМКАЧ БРС ‘ворон’; барыс. крункач — тс; крункаць барыс. — квакаць; літ. krankti; krunkti (дыял.) ‘каркаць (пра груганоў); кашляць’, kranklys, krunklys ‘груган’.

КРУПЕНЯ БРС ‘крупяной суп’; віц., дрыс., маг., пол. — тс; смал. — ячневы суп; пск., смал., цв. — суп або рэдкая каша з крупаў; літ. kruopienė ‘суп з крупаў’.

КРЫНДЖАЛЫ Мсцісл., усх.-маг.; мсцісл. крыванджалы — вялікія сані на перавоз вялікіх бярвёнаў; літ. grįžulas, grįžulė, grįžalas ‘дышаль, паваротнае кола’.

КУБАР Барыс. — гронка, куча; літ. kūburė, guburas ‘тс’.

КУЗЮЛІ Расон. — калыска, якую кабеты насілі ў поле ў часе жніва; усх.-лат. kūzuls ‘вулей, павешаны ў лесе на дрэве’, kuozuls ‘круглая, плеценая каробка’.

КУКА Віц. — драўляны малаток глушыць рыбу; літ. kuokas ‘патоўшчаная з аднаго канца палка гуляць або глушыць рыбу’, лат. kuoks ‘тс’.

КУЛЬ БРС ‘куль (соломы)’; усх.-маг. — вялікі сноп абмалочанай саломы, што скарыстоўваецца на пакрыццё страхі; расон. — вялікі сноп лёну, звязаны пасля вылежвання; пск. — пук саломы, вязанка снапоў, сена; смал. — вязанка саломы; літ. kūlys ‘вязанка, сноп доўгай саломы’, лат. kūlis ‘тс’.

КУЛЬША БРС ‘бедро; угол (у воза сены, соломы)’; віц., пск. — сцягно; пск. — паясніца; літ. kulšė, kulšis ‘сцягно’.

КУМПЯК БРС ‘окорок (часть туши); бедро (верхняя часть ноги)’; усх.-маг. кунпяк, кынпяк — тс; літ. kumpis, kumpas ‘тс’.

КУМСТАЦЬ Барыс. — кратаць, штурхаць; літ. kumstyti, kumštyti ‘тс’, kumstis, kumštis ‘кулак’.

КУРДУПЕЛЬ Дрыс. — чалавек нізкага росту; літ. kurdupelis ‘маленькі, зануджаны чалавек або жывёліна’.

КУРМЕЛЬ Віц. — пячкур; чалавек маленькага росту; пск. — пячкур; маленькая рыба; леп. — рыба; мёр. — лёгкая дробная рыба; літ. kurmelis ‘маленькі крот’, kurmis ‘крот’, лат. kurmulis ‘тс’, kure ‘карась’.

КУРПЫ Пск., цв. — берасцяныя, пяньковыя лапці, мужчынскія боты са спражкамі; пск. — боты без халяваў; пск. курпеш — від абутку, сплеценага з бярозавай кары; пск. курпаннік — абутак з ільняных вяровак; цв. курпін — лапаць з пакулля; лат. kurpe ‘чаравік’, літ. kurpė ‘чаравік на драўлянай падэшве, шлёпанцы; абутак, звязаны з нітак’.

КЫЛТУЯ Чав. — пабітыя жывёлаю пасевы; літ. keltuvė, keltoja (дыял.) ‘дзяржальна або галава цэпу’, keltuva ‘жывёла; статак’.

КЯТУРКА Мёр., расон. — прарэх у нагавіцах; літ. keturka ‘тс; чатырохвугольны адрэз палатна, што ўстаўляецца ў рукаў кашулі або ў нагавіцы (дзеля пашырэння кроку)’, keturi ‘чатыры’.

ЛАЙБА БРС ‘лайба (лодка)’; віц. — баржа; смал.; пол., пск. лайва - вялізарная лодка; уш. — вялікая лодка; карова з вялікім трыбухом; літ. laivas, laivė ‘карабель, лодка’, laiva ‘тс’.

ЛАЙДАК БРС ‘беспутный человек; бездельник; пьяница’; смал. — лында, гультай, нягоднік, гуляка; літ. laidokas ‘распуснік, нягоднік, гультай, п’яніца’, laidyti ‘траціць, страчваць, мантачыць; хутка бегаць, хістацца’, лат. laidaks ‘гультай, лында, цяльпук, нехлямяжы, чалавек, які нічога не збірае, усё мантачыць’.

ЛАПІК(ЛА) БРС ‘клочок, лоскут; заплатка’; круп., леп., сен., смал.; арш. лапіка, лапілка; дрыс., езяр., пол., расон. лапінка; віц., езяр., лёз. лапка; пск. лапіна — тс; смал. лапін — абрэзак; дзялянка зямлі, палоска; лапіць БРС ‘чинить, латать, заделывать’; літ. lopas ‘латка’, лат. lāps ‘тс’, літ. lopyti ‘латаць, рамантаваць’, лат. lapit ‘тс’.

ЛАТАТЫ даць (задаць) лататы БРС ‘дать (задать) стрекача’; докш. — пра мітусню, мільгаценне; хуткі бег у доўгім адзенні, якое развяваецца; пск. латата — бегма; смал. — пра хуткую беганіну; смал. лататой — быстраногі, які нясецца віхрам; літ. latati, latatai ‘выклічнік на абазначэнне хуткага бегу або язды верхам галопам’, latatoti ‘хутка бегчы’.

ЛАЎМА Смал. — вядзьмарка; лат. lauma ‘тс’, літ. laumė ‘фея, русалка’.

ЛЕДЗЬ БРС ‘еле, чуть, едва; насилу; лишь только’; віц. — тс; лат. lidz ‘тс’.

ЛОМА Пск., цв. — балота; лат. lama ‘тс; нізкае месца, лужына’, літ. loma ‘тс’.

ЛУПІНА БРС ‘скорлупа, кожура; очистки’; барыс. — тс; літ. lupyna, lupena, lupynė ‘тс’.

ЛУПЫ Віц., докш. — губы; лупаты БРС ‘пучеглазый, лупоглазый’; віц., маг., пск. — губасты; літ. lūpa ‘губа’, lūpotas ‘губасты’.

ЛЫЛА Віц. — вялікі неахайны чалавек; лат. liels ‘вялікі, высокі’, латг. lels ‘тс’.

ЛЫНДАЦЬ БРС ‘баклушничать, бездельничать’; маг., цв. — тс; лынды біць БРС ‘бить баклуши’; віц. — нічога не рабіць, хадзіць без клопату; літ. lindoti, lindėti ‘тырчаць, сядзець, ляжаць стаіўшыся; нічога не рабіць; бадзяцца, лазіць’.

ЛЮЛЯЦЬ БРС ‘качать, баюкать’; палюляць дрыс. — пакалыхаць дзіця; літ. liūliuoti ‘гайдаць, калыхаць; усыпляць, напяваючы песню’, liūlia, lylia ‘прыпеў, уласцівы літоўскім песням (асабліва калыханкам)’.

МАРМЫТУН БРС ‘бормотун’; докш. мармыль - дзікаваты чалавек; той, хто няўцямна гаворыць; мармытаць БРС ‘бормотать’; літ. murmulis, murmulys ‘той, хто няўцямна гаворыць’, murmėti, marmėti ‘незразумела гаварыць’.

МЕЛІН Віц. — лапатка, палка для павароту ручных жорнаў; лат. miļens ‘дзяржальна для ручных жорнаў’, літ. milinys ‘тс’.

МІЛТА Барыс., глыб., докш. — адмысловая аўсяная страва; смал. мыльцы — гарохавы застуджаны кісель; літ. miltai ‘мука’; milta (дыял.) ‘ежа з прастаквашы і грэцкай мукі’.

МІТУСІЦЦА БРС ‘суетиться, метаться; хлопотать; мелькать, мельтешить; пестрить, рябить’; пск., смал. — мільгацець, стракацець; мітусня БРС ‘суета, суетня; суматоха, сутолока, кутерьма; мелькание, рябь’; мітуса смал. — няўрымслівы; лат. mits, mitus ‘мена’.

МУРЗА БРС ‘замарашка, грязнуля’; пск., смал., цв. — тс; пск., цв. — запэцканае дзіця; мурзаты БРС ‘чумазый, грязный’; лат. murza ‘тс’, літ. murza ‘тс; твар, рот’.

МЭМА Барыс. — зявака, няўдачнік; негаваркі чалавек; літ. mėmė ‘тс’.

МЯНТАШКА БРС ‘наждачная лопатка для точки косы’; барыс. мента, мянціля; бярэз. мінташка; сен., шуміл. мянтажка; маг. мянтужка — тс; мянціць барыс. — тачыць, рабіць вострым; літ. mentė, menčia ‘лапатка (драўляная або металічная) капаць бульбу, для будаўнічых работ (мясіць рошчыну) ды інш.’, mentelė ‘тачыла, тачыльны брусок’.

НАКЕЗАЦЬ Докш. — нагадзіць; літ. kiauzoti ‘пэцкаць, мазаць’.

НАРТ Маг. — дэспат, які дыктуе сваю волю ўсім сямейнікам ды іншым; упарты чалавек; смал. — нахабны чалавек; нарціцца смал. — упарціцца; літ. nartus ‘наравісты’, nertėti ‘лютаваць’.

НАЎДА Бялын. — навіна; літ. nauda ‘выгада, прыбытак, багацце’, лат. nauda ‘тс’.

НАЧОЎКІ БРС ‘корыто (для стирки)’; барыс. начоўка — тс; літ. nakočia, niekočia ‘тс’.

НЕМАРАСЦЬ Барыс. — неспакой; няўрымслівы БРС ‘нетерпеливый; неугомонный, непоседливый’; літ. nerimastis ‘неспакой’.

ПАГАЛАМ пагалам нашы галоўкі віц. — прапалі нашы галовы; лат. pagalam ‘прапала’, gals ‘канец’.

ПАКУЛЛЕ БРС ‘пакля; пробойка (пучок пеньки или кудели)’; расон., уш. пакула; пск. пакаль — тс; смал. пакулля, пакылля, покаля — атрэп’е пянькі; пск. пакуля — палатняная рукавічка з адным пальцам; пск. пакаля — рэшткі ад перапрацаванага лёну; цв. пакулі - вязанкі са свойскай воўны; літ. pakulos, лат. pakulas ‘пакулле’.

ПАНАДЗІЦЦА БРС ‘повадиться’; барыс. — захацець, карцець; літ. panūsti ‘захацець’.

ПАРСЮК БРС ‘боров, кабан’; пск. парасюк, парсук — парася; літ. paršiukas ‘тс’, paršas ‘тс, кабан, кныр’.

ПАШЫНА Леп., мёр., уш.; леп., пліс., чаш., шарк. пашыннік; чаш., шарк. пашэйнік — памост пад стог; літ. pašina, pašinas ‘пук галля, што падкладаецца ў лужыну, багністае месца, каб можна было праехаць’, pašina ‘пук галля, што падсцілаецца пад стог, каб сена не датыкалася да зямлі’, pešti ‘дзерці, тузаць, шчыпаць’.

ПЕЛЬКА БРС ‘прорубь’; пол. — лунка; літ. pelkė ‘балота, багна, мокры луг’, лат. peļķe ‘лужа’.

ПОЙСВАЦЬ Дрыс., пол. — паўторна малаціць калоссе, каб адззяліць зерне ад асцюка; літ. paisyti ‘шатраваць (ячмень, канюшыну)’.

ПРЫВЯНЬ Барыс. — сенцы; літ. priemenė; pryvenė (дыял.) ‘вітальня’.

ПУКЧЭЦЬ Бялын. — рыкаць, бурчаць, злосна мармытаць; літ. pukšėti, pukščioti ‘стагнаць, злосна мармытаць, быць незадаволеным’.

ПУНЯ БРС ‘сенной сарай; пуня’; смал., цв. — павець, асобная камора, дзе складваюць розныя рэчы, а ўлетку спіць гаспадар; літ. pūnė ‘гаспадарчая пабудова, хлеў, будка’, лат. pūne ‘гаспадарчая пабудова на сена, павець’.

ПУПЁЛ Талач. — патаўшчэнне ніткі ў тым месцы, дзе яна прыпрадзеная; дрыс., пол. — адходы пры прадзенні кудзелі; лат. pupulis ‘патоўшчанае месца ў нітцы, у пражы’, paupt ‘раздзімацца, таўсцець’, літ. pampti ‘тс’.

ПУПЛЫ Віц. — карапуз; плойма дзяцей; пуплушак смал. — маленькі; літ. pamplys ‘карапуз’, puplys ‘раздзьмуты, з вялікім жыватом’, pupulis ‘маленькае дзіця’.

ПУРА Віц. — мера, роўная тром пудам; дрыс. — мера сыпучых цел; пск. — адмысловая мера вагі; літ. pūras ‘мера вагі’, лат. purs ‘куфар на пасаг’.

ПУТАЧКА Барыс. — курачка; літ. pututė ‘тс’.

ПУТРА Віц. — заквашаная ў дзяжы поліўка з соладавай мукі; маг. — кіслая каша; пол. — густы квас, заквашаная саладуха; пск. — пойла з мукі; пск. путар — ежа з бульбы, мукі і квасу; пск. путранік — пярэзімак; смал. — наганяй, прачуханка; уш. — хлебны квас; путраны паўн.-віц. — густы (суп); путрыць пск., цв. — лаяцца, рабіць вымову; літ. putra ‘просты суп з крупаў; каша; пойла цялятам’, лат. putra ‘каша, тоўчанка’.

ПЫПЛЯ Мсцісл. — няўмека; пыпліць віц. — павольна рабіць, запыняючыся на драбніцах; лат. pipelēties ‘корпацца, кешкацца’, pipele ‘penis’, літ. pyplys ‘плакса; маленькае дзіця’, pypti ‘пішчаць’.

ПЯЦЯЛІЦА Пск. — пчала; пск. пікель, пякель, пекал, кепель — матылёк; літ. peteliškė, peteliuškė ‘матылёк’, балц. *petelis, *petelė ‘тс’, і.-е. *pet- ‘лятаць’.

РАГІ Барыс. — падцёкі на вокнах зімою; літ. ragės ‘тс’, regėti ‘бачыць’.

РАДАЎНІЦА БРС ‘радуница’; маг. раданіца — дзень памінання продкаў; літ. raudojimas, raudavimas ‘жалобныя песні, галашэнні’, raudoti, raudėti, raudauti ‘плакаць, галасіць, раўці’, rauda ‘плач; плач з галашэннем’.

РАКАЛЯ Пск. — нягоднік, гарэзнік; літ. rakalys ‘разбэшчаны, свавольны чалавек’.

РАЎГЕНЯ Дрыс. — напітак з саладухі, заквашанага салодкага цеста, разведзенага вадою; мёр., пол., пск. — заквашаная саладуха; літ. raugienė ‘соладавая каша; гатунак квасу; кіслая капуста’, raugti ‘квасіць’.

РОЙСТВА Барыс. — кустоўе на тарфяным балоце; літ. raistas, reista ‘балоцісты лясок; хмызняк’.

РУНКАЛЬ Пск. — бурак; літ. runkelis ‘тс’, лат. runkulis, runkuls ‘тс’.

РУПЕЦЬ БРС ‘беспокоить, тревожить, заботить; хотеться’; пск. рупіць — хацець (хацецца), адчуваць; цягнуць; турбавацца; пск., цв. рупіць, рупіцца, мне рупіць (рупіцца) — думаецца, бачыцца, здаецца; асцерагаюся, баюся, прадчуваю благое; смал. рупіць — турбаваць, непакоіць, цікавіць; рупіць яму смал. — вабіць яго; руплівы БРС ‘заботливый, рачительный; старательный, усердный, прилежный’; віц.; смал. рупатлівы, рупітлівы — тс; рупата смал. — клопат; літ. rūpėti ‘цікавіцца, хацець; турбаваць’, rūpėstis ‘клопат’, лат. rūpet ‘дадаваць клопату, непакоіць’.

РЫКУНЯ Смал.; літ.-рус. канц. — даільніца кароваў; літ. rykūnė ‘тс; гаспадыня’, rykauti ‘загадваць, кіраваць’, лат. rikot ‘устанаўляць, загадваць’.

РЭЗ Віц. — паласа, ніва; літ. rėžis ‘паласа, адцінак зямлі’, лат. riezis ‘тс’.

РЭЗГІНЫ БРС ‘приспособление для носки сена, соломы’; леп., маг., смал. рэзвіны; віц., лёз., пск., смал., талач., цв. розвіны; леп. рэзбіны; маг. рэдзгіны; пол. рэдзгіні; расон. рэгіны — тс; літ. rezginės ‘два лукі, пераплеценыя вяровачнаю сеткаю, каб насіць корм’, rezgis ‘мех на корм; сетка’, лат. režģines, režģenes ‘тс’, літ. regzti ‘плесці’.

РЭЯ Віц. — ёўня; смал. арэя — памяшканне сушыць снапы; літ. reja, rija (дыял.) ‘ёўня’, лат. rija ‘тс’.

САЛА Барыс. — мель на рацэ, возеры, балоце; літ. sala ‘мель, сухое месца сярод балот, востраў’.

СВІРАН БРС ‘амбар’; віц.; бярэз. свірань; пск. свірна — тс; смал. свірэн — панская пабудова, у якой захоўваюцца харчовыя запасы; літ. svirnas, svirna ‘гаспадарчае памяшканне, клець’.

СВІРШНЯ Барыс. — падвага ў студні з жураўлём; літ. svirsnis, svirsnys ‘журавель; рухомы брус жураўля’.

СКАБА БРС ‘ребро’; барыс., віц. — тс; смал. — шчэпка, стрэмка; скабардзіна віц. — кашчэй; літ. skoba ‘рабро’, skabus ‘востры’, лат. skabarda ‘шчэпка, аскепак, стрэмка’.

СКАРАЧ Барыс. — махрысты ручнік; дрыс. — ануча, якою дастаюць гаршкі з печы; талач. — ручнік, у якім насілі ежу ў поле; літ. skaročius ‘ручнік, абрус’, skara ‘вялікая хустка’, skarinis, skarinys ‘ручнік’.

СКЛЮД БРС ‘тесак’; віц. — вялікая сякера апрацоўваць дрэва; жмінда; пск. склют — сталярны інструмент, цясла; склюдаваць БРС ‘тесать’; літ. skliutas, skliuta ‘сякера, цясла’, лат. slute, šļute ‘від сякеры’.

СКРЫЛЬ БРС ‘ломоть’; смал. — тс; скрыляць БРС ‘нарезать ломтиками’; літ. skrylis, skryliai ‘варэнікі, сырнікі, аладкі, вараныя квадратныя адрэзкі качанага цеста’.

СЛІВЕНЬ БРС ‘медянка’; віц. — злая, сляпая змяя; літ. slibinas, slykūnas ‘казачны злы змей’.

СМОРГАЦЬ Віц. — часаць на грэбень; лат. smurgaities ‘пэцкацца’.

СТРУК Усх.-маг. — франт; пск. — цясляр; цв. — той, хто носіць надта вузкія нагавіцы; літ. striukas ‘кароткі’, striukis ‘карантышка, няўдачнік’, striukė ‘куртка’.

СТЫНКА Віц. — корушка; літ. stinta, stinka ‘тс’.

СЦІРТА БРС ‘скирд, скирда; омёт (соломы); стопа; бунт (сложенный в штабели товар)’; арш., маг., мёр. скірта; бешанк., мёр., пол., уш. скірда — тс; лаг. сцірда — нешта складзенае; літ. stirta ‘стог сена; загарадка з трох жэрдак сушыць канюшыну, гарох ды інш.’, лат. stirta ‘агароджа ў полі ў форме страхі, куды складваюць збажыну’.

СЫРАПЕНЯ Віц. — прастакваша, густая страва з крупаў і вады; пол. сырапоня — рэдкае, недакіслае малако; талач.; пск. сыропыня — прастакваша; літ. pienas ‘малако’, лат. piens ‘тс’, siera piens ‘малако на сыр’.

СЯДЗІБА БРС ‘усадьба’; віц. — тс; літ. sodyba ‘тс; зямля вакол сядзібы; месца, дзе стаяў дом селяніна’.

СЯЛЯВА Віц., маг. — рапушка; літ. selava, salava ‘тс’.

ТАЛАКА БРС ‘коллективная помощь; работа сообща; толпа; группа’; віц., дрыс., езяр., леп., лёз., маг., мёр., плешч., пол., сен. — калектыўная дапамога ў сельскагаспадарчых работах; цв. — збор насельніцтва на заклік дзеля дружнай работы за адзін дзень; смал. — пачастунак для работнікаў, што сабраліся памагчы ўгнойваць палі; літ. talka ‘дапамога, супольная праца за пачастунак, узаемадапамога ў рабоце (звычайна дармовая); сабраныя людзі, памочнікі’, лат. talka ‘тс’.

ТАЛЫЗІНА Пск. — тоўстая дубіна, дрыгалка; літ. talžyti ‘лупцаваць, біць, ляпаць’, лат. talzit ‘біць’.

ТАРПА, ТОРП БРС ‘скирд(а)’; віц. — страха на слупах без сценаў, дзе складвалі сена; докш. торпа — сцірта; арш., мсцісл., талач. тарпіна — вялікая сцірта; смал., красн. тарапа — сцірта дроваў (пад навесам); літ. tarpas ‘прамежак (у прасторы або ў часе)’, tarp ‘між’.

ТВАНЬ БРС ‘топь, трясина; ил’; маг. — брудная, балоцістая мясціна, у якой можна загразнуць; смал. — балотная ціна; літ. tvanas ‘патоп, паводка’, tvinti ‘напаўняцца, разлівацца (пра ваду)’, лат. tvans ‘смурод, чад’.

ТРУШЧЫЦЬ БРС ‘крошить, ломать; дробить, бить’; маг. — тс; шмат есці; трукша маг. — бручка; літ. triuškinti; triuškyti (дыял.) ‘біць, разбіваць з хрустам’, triuškėti ‘храбусцець пры разжоўванні ежы’.

ТУЗІН БРС ‘дюжина’; віц. — тс; літ. tuzinas ‘тс’.

ТУШНІ Віц. — від туфляў; літ. pušnys ‘паляўнічыя боты або доўгія боты ў рыбакоў’, puškėti ‘брысці па вадзе’.

УДРА Пск. — выдра; літ. ūdra ‘тс’, лат. udris ‘тс’, прус. udro ‘тс’.

УТОЎПІЦЦА БРС ‘вместиться, поместиться’; віц. — тс; літ. talpinti(s) ‘тс’, talpa ‘змяшчальнасць’.

УТРАПТАЦЬ Пск. — сысці; літ. trepenti ‘ісці, грукаючы нагамі; бегчы; тупаць’.

ХЛУСЕЦЬ Барыс. — слухацца; літ. klusyti, klusti ‘рабіцца паслухмяным’.

ЦЮРЭ Пск. — халодны суп з сухой рыбы, цыбулі, хлеба, льнянога алею; літ. tyrė ‘каша, кашка’, лат. ķura ‘суп са скарынак хлеба’, čuruls ‘страва з вады, хлеба і цыбулі’.

ЧАЎПЦІ БРС ‘нести чушь, говорить ерунду (вздор); долбить (говорить одно и то же)’; маг. — плесці нешта, гаварыць; чаўпціся БРС ‘мерещиться, не выходить из головы’; літ. čiaupti ‘балбатаць; сціскаць зубы’, čiaupytis ‘крыўляцца, скрыўляць рот, складваючы губы’.

Ш(К)УБУНЯЦЬ Смал. — сваволіць, дурэць; пераследаваць; літ. skubinti ‘прыспешваць’.

ШАВАЛІЦЬ Мсцісл. — хутка, лёгка, амаль нячутна хадзіць, ісці; літ. šavoliuoti ‘спрытна працаваць’, šėveliais, ševeliais ‘спрытна, лёгка нешта рабіць: ісці, есці ды г. д.’, ševelioti ‘лазіць, соваць паўсюль нос’.

ШАКОЛЫ Віц. — аўсяны высевак; маг. шаколіны — шалупінне грэчкі; віц. шаківіны — лушпінне ад насення; пск. (а)шакола — шалупінне ад зерня крупаў; пск. шакала — адходы крупаў; злы, няўжыўчывы чалавек; пск. шаколіна — вотруб’е; шакольцісты смал. — зроблены з тоненькіх кавалкаў дрэва (прыкладам, вароты); літ. šakalys ‘лучына, шчэпкі’, лат. šakaļi ‘тс’.

ШАЛБАБОН Мёр. — дэкаратыўная фасоля; літ. šabalbonas ‘фасоля’.

ШАРЫЦЬ Пск. — есці; літ. šėrti ‘карміць’.

ШАШОК БРС ‘хорёк’; пск.; віц. сашок — тс; літ. šeškas ‘тс’, лат. seskis ‘тс’.

ШКАБА Віц. — вельмі худы; смал. шкаба — кабыла; літ.-рус. канц. шкапа — старая худая, змучаная кабыла; літ. škaba, škabeta ‘тс’.

ШКІЛЁНДЗЯ Барыс. — напханы свіны страўнік; літ.-рус. канц. скілондзь — страўнікавая каўбаса; літ. skilandis ‘тс; тоўсты свіны страўнік’.

ШЛУНАК БРС ‘желудок’; бялын., маг., смал. шлунне; віц. шлункі — тс; маг. шлуння — азадак; літ. šlaunis ‘сцягно’.

ШМУЛЬ Пск. — малады мужчына (мянушка); шмуля(с)ты пск.- той, хто прыкідваецца разявакам; шмуляць БРС ‘вытирать (об одежде); тереть, стирать, натирать (о коже)’; віц.; пск. шмуніць — тс; пск. шмульгаць — абдзіраць з галінаў; літ. šmulis ‘лысы; лабаты, бязрогі’, šmulinti ‘церці; хітраваць, маніць’, лат. apsmulēt, nuosmulēt ‘запэцкаць’.

ШПУРДЗЕЛАК Смал. — ваўчок, спрытны малец; лат. spurdeklis ‘тс’, літ. spurdėti ‘трэсціся, біцца, дрыжаць’.

ШПЫРАК Віц. — невялікі кавалак хлеба; смал. шпыра — кавалак хлеба; пск. шпыра; цв. шпырок - карапуз, карантышка; літ. spirgas ‘тс; скварка’, spirgti ‘пячы, шыпець, станавіцца карычневым’, spurgas ‘пупышка’.

ШУЛА, ШУЛО БРС ‘столб (в строении или ограде); верея (в воротах)’; віц. шуліна — тс; смал. — слуп у плоце, калода; пск. — вертыкальнае бервяно на рагу пабудовы; пск. шулы — пазы ў дзвярах; літ. šulas, šulė ‘слуп (у плоце, у сцяне хаты); шула ў варотах; вушак; стойка, клёпка’.

ШУРПАТЫ БРС ‘шероховатый; шершавый’; пск. — з уздыбленым пер’ем (гусь); літ. šiurpa ‘ускалмачаны, уздыблены’, лат. šurpāts ‘тс’, літ. šiurpis ‘певень, курыца з уздыбленым пер’ем’, šiurpti ‘ускалмачвацца’.

ШУТУРЛІВЫ Барыс. — віхрасты; літ. sūkurys ‘віхор, вір’.

ШЫКАЛКА Пск., цв. — задні праход; той, хто смярдзіць; літ. šikalius ‘той, хто смярдзіць’.

ШЭПШАЛЬ Віц. — лядачы стары; літ. šapšėti, šepšėti (дыял.) ‘шапялявіць, невыразна гаварыць, шаптаць’.

ШЭРАНЬ БРС ‘иней, изморозь’; віц. — тс; літ. šerkšnas ‘тс’.

ЮДЗІЦЬ Мёр. — гаварыць; выюдзгаць докш. — запэцкаць; літ. juodinti ‘пэцкаць, рабіць чорным’, juodas ‘чорны’, juditi ‘трэсці, рухаць, будзіць; намаўляць; схіляць да нейкіх учынкаў; турбаваць; цвяліць’.

ЮРГІНЯ Віц., мёр. — вяргіня; літ. jurginas ‘тс’.

ЯНДОЎКА БРС ‘ендова; большой нос’; пск. гіндава — від каструлі; літ. indauja ‘шафа на посуд, буфет; мноства посуду; карыта на засольванне мяса’, indas ‘пасудзіна’.

ЯРКА БРС ‘ярка (молодая овца)’; віц. — тс; лат. jēras ‘ягня’, літ. ėras ‘тс’.

  • [1] Топоров В. Парадоксы заимствований в сравнительно-исторической перспективе // Топоров В. Исследования по этимологии и семантике. T. I. Теория и некоторые частные ее приложения. М., 2004. С. 49.
  • [2] Толстой Н. Некоторые соображения о реконструкции славянской духовной культуры // Славянский и балканский фольклор. Реконструкция древней славянской духовной культуры: источники и методы. М., 1989. С. 11.
  • [3] Трэба сказаць, што некаторыя са словаў, прапанаваных тут як балтызмы, аўтары «Этымалагічнага слоўніка беларускай мовы» не схільныя ўважаць за гэткія. Зрэшты, этымалогія не заўсёды прапануе адзін канчатковы адказ на пытанне пра паходжанне лексемы. І з гэтым часткова даводзіцца мірыцца. Хаця, што характэрна, нават «сумнеўныя» балтызмы, што маюць шмат славянскіх паралеляў (а гэты паралелізм немінучы пры генетычнай блізіні балцкіх і славянскіх дыялектаў (моваў)), не пэўна належаць да «чыста славянскага» складніка беларускай мовы. Бо вядомыя сёння, прыкладам, балцка-паўднёваславянскія паралелі сведчаць пра досыць складаную лексічную карціну ўсёй Балтаславіі.
  • [4] Сярод апошніх прац асобна адзначым толькі важныя паводле прынцыпу сістэмнага падыходу да праблемы «Этымалягічныя зацемкі» Сяргея Санька, першая серыя якіх (васямнаццаць словаў) была апублікаваная ў часопісе «Kryŭja» (1996. № 1).
 

Апошнія артыкулы

Глядзі таксама:

балтыDRUVIS №1Корбутбалтызмылінгвістыкаіншыя аўтары

Апытанне

Як Вы вызначаеце ўласную ідэнтычнасць?
 
2278.63 ms